Інтрыга — захавана

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

4 снежня сталі вядомыя імёны намінантаў Другой Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне эстраднага мастацтва. Але — толькі вузкаму колу членаў журы і арганізатарам. Бо сёлета вырашылі захоўваць інтрыгу максімальна доўга: ледзь не да самой цырымоніі ўзнагароджання.

Няўжо і сапраўды мы даведаемся, хто ўвайшоў у "тройкі" прэтэндэнтаў, толькі ў час атрымання ўзнагарод? А такія чуткі ўжо папаўзлі па музычных колах.

— Думаю, у панядзелак намінанты будуць абвешчаны, — запэўніў намеснік генеральнага дырэктара "Сталічнага тэлебачання" Павел Каранеўскі, — таму часу на тое, каб "вылічыць" ці адгадаць, хто ж з іх стане пераможцам, хопіць ва ўсіх зацікаўленых. Што ж да самой цырымоніі ўзнагароджання, дык у ёй ужо склаліся пэўныя традыцыі. Але будуць і сюрпрызы! Рэжысёрам выступае Вячаслаў Панін, мастаком-пастаноўшчыкам — Веніямін Маршак. І ўжо адно самі іх прозвішчы абяцаюць нешта незвычайнае, тое, што можа здзівіць. Так што — будзем здзіўляць! Той жа сцэнаграфіяй, да прыкладу. І рэжысурай. Як і летась, кожная намінацыя будзе мець сваю "прэамбулу", нейкае пластычнае рашэнне — зразумела, новае. Вячаслаў Панін робіць такія "пластычна-відовішчныя партрэты" заўсёды цікава і непараўнальна. Усе музычныя культуры "зліюцца" ў Пралогу: нам важна падкрэсліць усю разнастайнасць палітры Нацыянальнай музычнай прэміі.

Ды ўсё ж галоўным адрозненнем ад леташняй цырымоніі стане яшчэ больш "танцавальны" характар сёлетняй. І выкліканы ён, найперш, самой залай. Калі летась быў Палац Рэспублікі, дык сёлета — Палац спорту. Адпаведна, акрамя "строгіх" крэслаў, будзе і танцпол — мы прадаём на яго каля 600 білетаў. Сапраўды, калі гэта эстрадныя песні і публіка хоча адпачыць, патанчыць — чаму б і не? Цырымонія павінна быць вясёлай, рухавай, бо і сама прэмія — гэта штосьці дынамічнае, адпаведнае сённяшняму дню ды сучасным рытмам…

Н.Б.