Творчыя справаздачы трымае кожны з пяці факультэтаў, да мінуўшчыны і будучыні галоўнай музычнай ВНУ краіны скіраваны даклады Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Але ўсё гэта — толькі кропля ў тым моры музыкі, якую штодзень дораць слухачам выхаванцы БДАМ розных гадоў. Менавіта на іх трымаюцца ўсе творчыя музычныя калектывы Беларусі. Шмат іх працуе і ў замежжы. А колькі з іх яшчэ і выкладае! Так што гэты юбілей папраўдзе датычыцца ледзь не кожнага, хто ў той або іншай ступені звязаны з музыкай.
Буйны навучальны, навуковы, музычна-выканальніцкі цэнтр — да ўсіх гэтых азначэнняў Акадэміі музыкі сёння можна дадаць не толькі рэспубліканскі, але і амаль міжнародны статус. Гэтая ВНУ з гонарам падтрымлівае “фірменны” ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі — нават вышэйшы, чым у многіх падобных навучальных установах свету. Таму з кожным годам сюды едзе па веды і дыпломы ўсё больш замежнікаў. А лепшыя прадстаўнікі еўрапейскай прафесуры нязменна адзначаюць на майстар-класах цудоўную падрыхтаванасць беларускіх студэнтаў-музыкантаў, гатовых даць фору замежным зоркам. Таму не дзіва, што за апошнія гады БДАМ заключыла каля сарака двухбаковых дамоў аб супрацоўніцтве з іншымі кансерваторыямі, а таксама плённа “ідзе на кантакт” з Еўрапейскай асацыяцыяй кансерваторый, Саветам рэктараў кансерваторый краін СНД, шматлікімі іншымі арганізацыямі ды сусветнымі асацыяцыямі. А яшчэ — з самай шырокай аўдыторыяй удзячных прыхільнікаў, якія не прапускаюць ніводнага з канцэртаў, што ледзь не кожны дзень ладзяцца ў абодвух вучэбных карпусах.
Н.Б.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА