Каралева Коласаўскай сцэны

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

9 лістапада ў Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбыўся бенефiс народнай артысткі Беларусi, члена Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу РБ Святланы Акружной. У гэты вечар сюды прыйшлi сапраўдныя прыхiльнiкi яе творчасці — як шараговыя гледачы, так і афіцыйныя асобы — прадстаўнікі ўладных структур, грамадскіх арганізацый, творчых саюзаў, — усе тыя, каму актрыса на працягу амаль 40 гадоў аддавала часцінку сябе самой: свой талент і сваё сэрца.

 /i/content/pi/cult/137/821/Akruzhnaja.jpg

Васа Жалязнова — Святлана Акружная.

У першай палове вечара ўсім прысутным прадставілі прэм’ерны спектакль “Васа” паводле класічнай п’есы Максіма Горкага, якую вядомы беларускі рэжысёр Рыд Таліпаў паставіў для народнай артысткі, прычым адмыслова да яе бенефісу. (Нагадаю, што гэта ўжо другая іх супольная праца: першай была “Кацярына Іванаўна” Л.Андрэева — спектакль, які на працягу 5 гадоў не сыходзіў з рэпертуару.) Асабіста мне пашчасціла пабываць на шэрагу рэпетыцый, у тым ліку і на генеральнай, і магу з ўпэўненасцю сказаць, што Святлана Акружная пераўзышла ўсе мае спадзяванні. Кожная сцэна з яе ўдзелам здавалася не толькі псіхалагічна выверанай, дакладнай, але і напоўненай сапраўдным драматычным гучаннем. Актрыса не іграла жорсткую, уладарную жанчыну, не паказвала гэткага бесчалавечнага монстра, прадстаўніка аджываючага класа, чый крах абумоўлены лагічным развіццём гістарычных падзей (менавіта такой ігралі Васу Жалязнову многія выдатныя актрысы мінулага). У выкананні Святланы Акружной гэта найперш маці, якую хвалюе лёс яе дзяцей — дачок, сына, унука. Так, яна робіць ганебныя, чорныя ўчынкі, але ахвяруе сумленнем толькі дзеля іх — сваіх нашчадкаў. Рыд Таліпаў паставіў вельмі славянскі спектакль, зблізіўшы Горкага з яго ідэйным антаганістам Дастаеўскім, і паказаў не крах лепшай прадстаўніцы знікаючага класа, а паміранне, пагібель чалавечай душы, якая не здолела жыць пад цяжарам маральных пакут. Яго і актрысу хвалюе найперш не паядынак Васы з яе антаганісткай Рашэллю (Алена Сладкевіч), хоць і ён распрацаваны ў спектаклі выдатна, — на першы план выходзіць унутраны свет жанчыны моцнай, загартаванай жорсткім, грубым жыццём, бесчалавечным асяроддзем, але разам з тым — безабароннай, здольнай кахаць і вымушанай фактычна забіць некалі блізкага чалавека (апагеем гэтага становіцца прыдуманы рэжысёрам эпізод з апошняй цыгарэтай, якую Васа дзеліць з мужам перад яго смерцю). Але асабліва ўражваюць фінальныя сцэны спектакля, дзе актрыса змагла ўзняцца на сапраўды трагічную вышыню, амаль фізічна адчуваючы перадсмяротны боль сваёй гераіні.
Як вынік — гучныя авацыі залы, мноства кветак, шчырыя словы прызнання ў любові не толькі ад удзячных гледачоў, але і ад калег па сцэне, якія спецыяльна да бенефісу зладзілі адмысловы акцёрскі капуснік. Сыграныя ролі, пачынаючы з самай першай — Анюткі са знакамітага спектакля “Улада цемры” ў пастаноўцы Барыса Эрына і завяршаючы самымі апошнімі, быццам з салодкіх успамінаў ці самых прыемных сноў, вярталіся да каралевы Коласаўскай сцэны. Зачытваліся віншавальныя тэлеграмы ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Генадзя Навіцкага, кіраўніка Саюза тэатральных дзеячаў Аляксея Дударава. Усе выступоўцы, сярод якіх былі першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, старшыня Беларускага саюза жанчын, член Савета Рэспублікі Надзея Ермакова, старшыня Гільдыі акцёраў беларускага кіно Святлана Сухавей, дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” Ларыса Чупахіна, паэт Давід Сімановіч і многія іншыя, адзначалі, што Святлана Акружная — гонар і свята беларускага тэатра, што нават выпадковага гледача яе магутны талент не можа пакінуць абыякавым. І ў гэтым ёсць вялікая праўда!

Юрась ІВАНОЎСКІ
Віцебск