Дзяцінства з кнігай

№ 49 (1071) 08.12.2012 - 15.12.2012 г

З 6 па 10 снежня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі праходзіць выстаўка-кірмаш дзіцячай кнігі "Кніжкі ў штоніках". Гэта асветніцкая акцыя ў рамках Праграмы Міжнароднага творчага аб’яднання дзіцячых аўтараў па падтрымцы дзіцячага і сямейнага чытання "Чытаючыя дзеці — квітнеючая краіна!".

У выстаўцы ўдзельнічае шэраг выдавецтваў Беларусі і Расіі, а таксама — амаль трыццаць дзіцячых пісьменнікаў з дзвюх краін.

Загадчык сектара інфармацыі Палаца дзяцей і моладзі Іна Білічэнка паведаміла карэспандэнту "К", што восем тысяч дзяцей, якіх аб’ядноўвае ўстанова, возьме ўдзел у мерапрыемствах выстаўкі-кірмашу.

Акрамя экспазіцыі кніг, у Палацы наладжаны інтэрактыўныя пляцоўкі з гульнёвымі праграмамі і экранамі, на якіх дэманструюцца мультфільмы. Прадугледжана спецыяльная праграма і для дарослых: гэта семінары-трэнінгі, сустрэчы з бібліятэкарамі, сацыяльнымі педагогамі, выхавацелямі. На выстаўцы можна будзе не толькі набыць кнігі, але і пазнаёміцца з пісьменнікамі, задаць ім пытанні, узяць аўтографы. Асобна ў рамках выстаўкі-кірмашу адбудуцца спецыяльныя мерапрыемствы для дзяцей-інвалідаў.

П.В.