Багдановіч на Любімскай

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

20 гадоў музею класіка над Волгай

Калі беларус прыязджае ў Яраслаўль, то неўзабаве адчувае штосьці роднае, блізкае, зразумелае. Магчыма, таму, што тут лунае дух нашага класіка — Максіма Багдановіча. Да ўсяго, тут ёсць Цэнтр беларускай культуры, які сфарміраваўся на базе філіяла Музея гісторыі горада Яраслаўля “Мемарыяльны дом-музей Максіма Багдановіча”. 7 снежня 2012-га апошні адзначае 20-годдзе.

Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891-га ў Мінску, але ўжо ў паўгода ён пачаў вандраваць па гарадах. Менавіта так, з-за працы бацькі, у 1908-ым сям'я аказалася ў Яраслаўлі… Сам Максім пражыў там восем гадоў, да верасня 1916-га. І яраслаўскі перыяд яго жыцця — гэта росквіт творчага таленту, менавіта тут канчаткова сфарміраваўся яго светапогляд. Тут Багдановіч скончыў гімназію і Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, напісаў першыя лірычныя вершы “Над магілай”, “Прыйдзе вясна”, “На чужыне” (1908 г.), якія былі апублікаваны ў беларускай газеце “Наша ніва”. У гэты перыяд паэт актыўна супрацоўнічаў з мясцовым перыядычным друкам і вёў актыўную перапіску з беларускімі перыядычнымі выданнямі. У Яраслаўль з Вільні на пачатку 1914 года Максіму Багдановічу даслалі аўтарскія экзэмпляры адзінага яго прыжыццёвага зборніка вершаў “Вянок”.

/i/content/pi/cult/402/8205/1-4.jpeg

Яраслаўль — гэта горад, што натхніў Максіма на напісанне знакамітага “Раманса” (“Зорка Венера”): менавіта ў гэтым горадзе Багдановіч пазнаёміўся з Ганнай Какуевай, якая стала для паэта музай і каханай.

У Яраслаўлі ёсць шмат мясцін, што памятаюць беларускага паэта. Гэта мужчынская гімназія, дзе вучыўся Максім (цяпер — Яраслаўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Дзямідава), дом Какуевых, будынак рэдакцыі газеты “Голас”, тэатр імя Волкава, набярэжная Волгі… Аднак сям’я Багдановічаў заўсёды жыла на здымных кватэрах. З прычыны хваробы дзяцей на сухоты Адам Ягоравіч часта змяняў іх, заўсёды выбіраў побыт у драўляных дамах, на першым паверсе. Каб дзецям было зручней хадзіць у гімназію, кватэры здымалі непадалёк ад яе. Жылі Багдановічы ў Яраслаўлі па вуліцах Ільінская, Ваздзвіжанская, Любімская, Данілаўская, Сянной плошчы ды іншых.

Захаваўся адзін з дамоў, дзе жыла сям’я Багдановічаў з канца 1912-га да сярэдзіны 1914-га. Гэты дом належыў Васілю Мікалаевічу Ржэўскаму і быў пабудаваны ў 1907 — 1908 гадах на былой Любімскай вуліцы (цяпер — вуліца Чайкоўскага). У 1986-м з мэтай захавання, паколькі існавала пагроза зносу, дом быў перанесены на супрацьлеглы бок вуліцы Чайкоўскага. Гэта адзіны ў Яраслаўлі цалкам захаваны куток, звязаны з месцам жыхарства Багдановічаў. Сёння драўляны з ліштвай у стылі мадэрн дом — тыповая гарадская забудова — з’яўляецца помнікам архітэктуры.

Сумеснымі намаганнямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мэрыі горада Яраслаўля, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску і музея-запаведніка “Карабіха” з 1987 па 1992 гады былі праведзены работы па захаванні, рэстаўрацыі і музеефікацыі мемарыяльнага дома. Супрацоўнікамі мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча распрацавана навуковая канцэпцыя і перададзены 167 прадметаў з фондаў для стварэння экспазіцыі.

У снежні 1992-га, да дня нараджэння Максіма Багдановіча, у сценах гэтага дома адбылося адкрыццё экспазіцыі пад назвай “Беларускі паэт з берагоў Волгі”. Экспазіцыя музея размешчана ў дзвюх залах і знаёміць з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, з яго яраслаўскім акружэннем. Тут можна ўбачыць часткова адноўленыя фрагменты пакоя паэта, дзе прадстаўлены насценны гадзіннік, кніжная шафа і сямейная рэліквія — абраз Казанскай Божай Маці. Акрамя таго, у гэтым экспазіцыйным пакоі захоўваюцца дакументы і рэчы, што распавядаюць пра яраслаўскі перыяд жыцця і творчасці пісьменіка.

У другой зале музея наведвальнік бліжэй знаёміцца з Яраслаўлем часоў Максіма Багдановіча, з акружэннем паэта. Тут экспануюцца матэрыялы пра сям’ю Какуевых, дзейнасць газеты “Голас”, з якой супрацоўнічаў класік. Асобна выдзелена тэма бацькі Максіма Адама Ягоравіча, для каго Яраслаўль стаў апошнім прытулкам. Супрацоўнікі нашага Літаратурнага музея і яраслаўскія сваякі Багдановічаў у 1990-м адшукалі магілу Адама Ягоравіча, і дзякуючы намаганням Міністэрства культуры Беларусі праз год там быў устаноўлены помнік.

Памяць пра класіка беларускай літаратуры ўшаноўваецца не толькі ў музеі. У гэтым горадзе ёсць і помнік Максіму Багдановічу — паменшаная копія помніка паэту ў Мінску, аўтарам якога з’яўляецца мінскі скульптар С.Вакар.

Таксама Мемарыяльны дом-музей стаў кутком для сустрэч беларусаў, якія жывуць у Яраслаўлі. Гэта падштурхнула супрацоўнікаў музея да атрымання ўстановай у 1995 годзе статуса Цэнтра беларускай культуры, пры якім дзейнічае рэгіянальная грамадская арганізацыя “Сяброўства”, прысвечаная беларуска-расійскім стасункам.

Ірына ШОРАЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

На здымку: інтэр'ер яраслаўскага музея паэта.