Фестываль з аўтобусам

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

У Гомелі завяршыўся Фестываль краязнаўчай кнігі і інфармацыі.

Фэст арганізаваны аддзелам культуры і аддзелам ідэалагічнай работы Гомельскага гарвыканкама, Гомельскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і прымеркаваны да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ды Года кнігі ў Беларусі.

Як паведамілі “К” у Гомельскай гарадской ЦБС, Фестываль краязнаўчай кнігі і інфармацыі адбыўся пры ўдзеле выдаўцоў, літаратараў, навукоўцаў, педагогаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, прадстаўнікоў рэгіянальных друкаваных СМІ.

Старт падзеі быў дадзены ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна. У першы ж дзень у рамках акцыі былі арганізаваны выстаўкі друкаванай прадукцыі гомельскіх выдавецтваў і друкаваных СМІ. Таксама пад час акцыі епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан перадаў бібліятэкам у дар кнігі ад выдавецкага цэнтра Гомельскай праваслаўнай епархіі.

Дарэчы, паводле даных Нацыянальнай кніжнай палаты, на тэрыторыі абласнога цэнтра за апошнія дзесяць гадоў выдадзена звыш 2 000 найменняў друкаваных выданняў рознай тэматыкі. Толькі ў бягучым годзе гомельскімі выдавецтвамі і друкарнямі выпушчана больш за 300 найменняў кніг.

Прыемным сюрпрызам для гамяльчан у дні фэсту стала сумесная акцыя ААТ “Гомельскі аўтобусны парк № 1” і бібліятэкі-філіяла № 8 Гомельскай ГЦБС: па вуліцах горада зноў курсіраваў чытацкі аўтобус, пра які “К” пісала ўжо.