Людміла ПЕРАГУДАВА: “Пішыце…не заліваючы сіропам”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Людміла ПЕРАГУДАВА, галоўны рэдактар часопіса “На экранах”, у пяты ўжо раз узначальвае журы кінапрэсы фестывалю “Лістапад”. Аб складзе сённяшняга “беларускага ФИПРЕССИ” і аб тым, якім чынам змянілася прастора культурнай журналістыкі дзякуючы мінскаму кінафоруму, адбылася размова карэспандэнта “К” з кінакрытыкам, дацэнтам кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ.

 /i/content/pi/cult/137/820/Peragudava.jpg

— Людміла Іванаўна, хто ўваходзіць у сёлетнюю каманду журы кінапрэсы на чатырнаццатым па ліку “Лістападзе”? Што за імёны? І якіх вынікаў нам чакаць ад працы журналістаў?

— Вынікі зараз цяжка прадказваць, таму што конкурс доўжыцца да апошняга фестывальнага імгнення. І вы, Дар’я, як чалавек, які працаваў у журы кінапрэсы на адным з фестываляў, ведаеце, якія гарачыя спрэчкі вядуцца ў колах кінажурналістаў. Жарсці кіпяць да апошняй хвіліны, таму аб выніках гаварыць рана. Сустрэнемся, як кажуць, на “разборы палётаў” напрыканцы фестывалю. Ды ўсё ж мяркую, што наша рашэнне будзе неардынарна аб’ектыўным, бо журы кінапрэсы не ставіць перад сабой аніякіх іншых мэт, акрамя як вылучыць у нашай намінацыі сапраўднае мастацкае кіно.
Хто ж уваходзіць у “цудоўную дзевятку”? Каманду, якая сабралася гэтым разам, сапраўды можна назваць камандай “беларускага ФИПРЕССИ”, хоць пакуль Беларусь і не ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі кінажурналістаў і кінакрытыкаў. Але намінальна — мы ў гэтых шэрагах. Урэшце... Я рада, што мне зноў давядзецца працаваць з такімі паважанымі Прафесіяналамі з вялікай літары, якім з’яўляецца, напрыклад, Ігар Сукманаў. Кінааналітык, чалавек, які ўласнымі вачыма бачыў вялікі Канскі кінафестываль, Ігар уносіць у наш кінафорум інтанацыю артхауснага кіно, узнімаючы яго на пэўны эстэтычны ўзровень. Вельмі цікава з ім працаваць, і ён на сёлетнім фестывалі будзе сумяшчацьдзве іпастасі — кіраўніка прэс-цэнтра і члена журы кінапрэсы, што мне падаецца цалкам лагічным.
Прыемна, што да нас вярнуўся, ужо ў якасці галоўнага рэдактара газеты “Антенна”, Сяргей Маліноўскі. У мінулыя гады, калі журы кінапрэсы толькі асвойвала фестывальную прастору, Сяргей пісаў пра мінскі кінафорум на старонках“Комсомольской правды”, і тым больш зараз будзе цікава супаставіць нашы думкі аб сучасным фестывальным кіно: дзе ж яны супадуць, а дзе — разыдуцца.
Як заўжды, мне вельмі даспадобы працаваць з аўтарам і кіраўніком праграмы “Час кіно” Сяргеем Кацьерам. Гэты чалавек на ўласныя вочы бачыў і яшчэ пабачыць вялікае мноства фестываляў; яго думка заўжды па-добраму суб’ектыўная, вельмі прафесійная, і яго меркаванні ўсім будзе паслухаць вельмі цікава.
Тэлевізійная журналістыка ў нашым журы таксама прадстаўлена новым імем — Аляксандра Галанскага. Аляксандр дастаткова паспяхова гаварыў аб кіно на канале СТБ. І, нягледзячы на тое, што апошнім часам ён значна пашырыў свае жанравыя журналісцкія пошукі, мяркую, што як чалавек, які ўжо атрымаў “прышчэпку” любові да кіно, ад тэмы кінематографа наш калега ўжо не адыдзе. Мне надзвычай цікава паглядзець, як успрымаюць і аналізуюць фільмы маладыя тэлежурналісты, і ў гэтым сэнсе я таксама спадзяюся на свежыя погляды і думкі.
Безумоўна, павагу выклікае імя Ірыны Завадскай, аглядальніка газеты “Советская Белоруссия”. Яшчэ раз хачу сказаць, што ў гэтым выданні працуе эліта беларускай журналістыкі, і я асабіста не магу не выказаць вялікую ўдзячнасць Ірыне за матэрыял, прысвечаны фільму Віктара Аслюка “Нябачаны край”. Нягледзячы на буйную плынь інфармацыі, якая сёння існуе, і дзякуй Богу, што яна ёсць, Ірына заўважыла гэтую карціну і напісала вельмі блізкі маім адчуванням і думкам аб гэтай стужцы артыкул.
Далей наша журы падмацавана рэдактарам аддзела тэатра і кіно газеты “Культура” Таццянай Команавай. Памойму, гэта дэбют вядомага крытыка ў журы “Лістапада”, хоць мне вядома, што Таццяна неаднойчы была ў журы шматлікіх тэатральных форумаў. “Культура” зараз, на мой погляд, працуе вельмі плённа і цікава, прызнаюся, што многаму вучуся ў гэтага выдання, і да ўдзелу Таццяны стаўлюся з вялікай павагай. Я спадзяюся на яе дасціпныя і крытычныя меркаванні.
Рэдактар аддзела культуры Ірына Свірко прадстаўляе газету “Рэспубліка” — шматгадовага інфармацыйнага спонсара “Лістапада”. З Ірынай мы працуем ужо даўно, яна — проста энцыклапедыя фактаў кіно, ас інфармацыі, усё робіць своечасова, аператыўна (чаго часам бракуе тэарэтыкам кінематографа), і для нас гэта многага каштуе.
Упершыню ў “Лістападзе” ў нашым журы дэбютуе Антаніна Карпілава, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела кіна- і тэлемастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН. Вельмі цікавы чалавек, кінакрытык, спецыяліст па музыцы ў кіно. Такім чынам, дзякуючы яе важкай падтрымцы, спадзяюся, што мы будзем працаваць у вернай музычнай танальнасці і не схлусім ні ў адной крытычнай “ноце”.
Як бачыце, каманда ў нас вельмі годная, камертон знойдзены, і мы не падвядзём ні сваіх калег, ні чаканняў гледачоў, ні тых, каго мы будзем “журыць”.

— Людміла Іванаўна, мне хочацца задаць вам яшчэ адно пытанне — аб ўзаемаўплыве журналістаў і кінафестывалю. Ці паўплываў, на ваш погляд, “Лістапад” на прастору культурнай журналістыкі?

— Несумненна, ён яе значна пашырыў. Мы можам не гаварыць аб якасці ўсіх матэрыялаў з яго нагоды, але той факт, што поле культурнай журналістыкі значна пашырылася, — факт бясспрэчны. Я не ведаю на сёння выдання, якое б не адгукнулася на фестываль “Лістапад”. Гэта — моветон. Калі нават пералічыць спіс акрэдытаваных журналістаў, можна сустрэць выданні зусім “экзатычныя”. Усё гэта сведчыць аб цікавасці да кінамастацтва. Іншая справа, што па-сапраўднаму аналітычных, глыбокіх матэрыялаў, якіх чакаю я, як рэдактар кіначасопіса, па-ранейшаму не многа. І ў гэтым кантэксце я хачу адзначыць працу кінакрытыка Людмілы Пятроўны Саянковай, на творчым рахунку якой — журналісцкі подзвіг: я маю на ўвазе кнігу “9 1/2 тыдняў “Лістапада”, у якой сабраны артыкулы аб фестывалі за дзесяць гадоў. Гэта сапраўды глыбокія аналітычныя артыкулы, летапіс нашага кінафоруму. Не інфармацыйныя нататкі кшталту “хто, калі, у чым”, а сапраўдная крытыка. Мне здаецца, што мы, калегі, часам грашым неабгрунтаваным скепсісам, альбо, наадварот, — перабольшваннем, празмерным захапленнем у дачыненні да “Лістапада”. Канешне, міжнародны кінафестываль — гэта сапраўдная падзея, але хочацца паклікаць журналістаў да пэўнай аб’ектыўнасці. Тое, што мы хочам падтрымліваць, — трэба падтрымліваць, не заліваючы сіропам. “Лістапад” у гэтым зараз не мае патрэбы, дзякуй Богу: настолькі ў ім сёння шмат цікавых момантаў і з’яў. Ёсць, канешне, і пралікі, як у кожнай справе, але ён — фестываль, які ўжо склаўся. Найбольш карысна для кінафоруму сёння — уменне журналіста бачыць парасткі новага, заўважыць новыя імёны, зварот да праяў класічнага, ці наадварот — інавацыйнага. Я баюся, што ў гэтых ухвальных одах мы губляем галоўнае, дзеля чаго ладзіцца фестываль, — уласна кіно як прадмет мастацтва. І ад гэтай хваробы, карыстаючыся магчымасцю, мне і хацелася б перасцерагчы журналістаў.

Распытвала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ