Альбом з Ільі Дзіцячыя песні — “на смак”

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Вілейшчына: праект для прэміі

Цікавыя дзіцячыя песні, а тым больш на беларускай мове, — наша заўсёдная праблема. Таму вельмі прыемна, калі робяцца захады па яе вырашэнні. Ды яшчэ калі не проста аддаецца загад “аб неабходнасці далейшага паляпшэння”, а робіцца канкрэтная справа: выпускаецца кампакт-дыск з беларускамоўнымі дзіцячымі песнямі і, дадаткова, іх “мінусоўкамі” — гэта заслугоўвае двайной увагі. Выдатна і тое, што такі альбом выйшаў не ў сталіцы, а на Вілейшчыне: “Смак дзяцінства” падрыхтаваў і выпусціў народны аматарскі калектыў “Імпэт” — эстрадная студыя аўтарскай песні Ільянскага СДК. Чым не сенсацыя?

А між тым, ніякай сенсацыі тут няма, бо гэта ўжо далёка не першы кампакт вілейска-ільянскага “паходжання”. Летась, дзякуючы падтрымцы Вілейскага райвыканкама, з’явіўся “Васільковы сон”. Раней былі “Насцеж”, “Не баіцца вятроў мой агонь”, “Іду на твой голас, Радзіма”, якія з’ядналі некалькі дзясяткаў песень. Не дзіва і тое, што наспеў час паспрабаваць на песенны смак не толькі дарослую “пару жыцця”, але і дзяцінства. Бо сёння студыя ўтрымлівае, па сутнасці, тры калектывы: жаночую вакальную групу, падлеткавую і малодшую падрыхтоўчую “Імпэт Плюс”.

/i/content/pi/cult/402/8199/1-4.jpeg

Большасць песень новага кампакта выконвае вучань Ільянскай СШ Аляксандр Судніковіч. А стварылі іх таленавітыя, апантаныя, адданыя беларускай культуры людзі: кіраўнік студыі Галіна Кутас, ейны муж Мікола і сын Генрых, якія разам з Галінай выступілі аўтарамі слоў. Так што хіба аранжыроўкі, выкананыя Аляксандрам Усовічам, не дазваляюць назваць новы альбом “сямейным падрадам” — у лепшым, дарэчы, сэнсе гэтага слова.

Сярод лепшых песень “Смака дзяцінства” — “Пачакайце, падрасту” і “Мак таўкуць камары”, дзе знойдзена гармонія паміж сур’ёзнасцю абраных тэм і лёгкім, нязмушаным гумарам. Лірыка-патрыятычныя кампазіцыі вырашаны больш традыцыйна. “Родны край” выбіваецца з іх повязі нечаканым, але не самым пераканаўчым спалучэннем тонкага, пранікнёнага фольку з маршавымі пункцірамі, быццам пазычанымі са стылістыкі партызанскіх песень, якія, як вядома, часта перайначваліся з песень грамадзянскай вайны. Але ж згаданыя вышэй перлінкі могуць стаць сапраўднымі хітамі! Ці ж гэтага мала? Нават у прафесійных творцаў увесь альбом звычайна гуртуецца вакол адной-адзінай песні, дый тое, здараецца, назваць яе творчай удачай бывае цяжкавата. А тут — удвая больш хітовасці, ды яшчэ і ў аматараў!

Хаця прылічыць сям’ю Кутасаў выключна да аматараў — язык не паварочваецца. Летась Кутасы ўвайшлі ў склад фіналістаў Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне эстраднага мастацтва — у намінацыі “Аўтарскі дэбют. Новае імя”. Сёлета вылучылі “Смак дзяцінства” ў намінацыю “Лепшы музычны альбом”. Такая актыўная пазіцыя і ёсць прафесійны падыход!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"