Расшыфроўка мадэрна

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Не зусім юбілейныя нататкі: у Віцебску і Мінску — “Дождж”. І толькі?

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) сёлета — 25-ы па ліку. Чвэрць стагоддзя — дастатковы тэрмін, каб падвесці некаторыя вынікі. І — падумаць пра тое, як развівацца гэтаму буйному форуму надалей. Тым больш, што сёлета ён выклікаў самыя супярэчлівыя ўражанні: ад сапраўднага захаплення адным — і абсалютнага непрымання іншага.

А каб нататкі не ўспрымаліся адно “крытыкай”, паспрабуем усяго толькі “расшыфраваць” англамоўную абрэвіятуру назвы фестывалю. Але “расшыфруем” на свой манер, надаўшы кожнай літары, у залежнасці ад яе вымаўлення (правільнага і наўмысна “сапсаванага”), нейкі асаблівы сэнс.

/i/content/pi/cult/402/8191/2-2.jpeg

І: фэст з геаграфіяй

Адкрыццё юбілейнага, ХХV IFMC сталася яго першай магутнай кульмінацыяй. Першай, таму што яшчэ адной (і самай моцнай!) стаўся фінальны спектакль — “Дождж” у пастаноўцы “былога нашага”, а цяпер сусветна знакамітага Раду Паклітару, кіраўніка “Кіеў-мадэрн-балета”. Дарэчы, апошнія фестывальныя па, як і летась, былі ў Мінску, на сцэне нашага Вялікага тэатра. Увогуле ж выступленні гасцей фестывалю праходзілі таксама ў Бабруйску, Гродне, Маладзечне. Але ж эпіцэнтрам падзей, вядома, засталася “фестывальная сталіца Беларусі”.

Прызнацца, я ехала ў Віцебск з некаторым хваляваннем, бо сачу за развіццём гэтага фестывалю на працягу дваццацігоддзя, але апошнія гады тры пабываць там не ўдавалася. Вельмі баялася расчаравацца, бо гэты форум заслугоўвае самай пільнай увагі і падтрымкі грамадства. Ужо хаця б таму, што за час існавання ён адкрыў шэраг адораных харэографаў, многія з якіх выраслі сёння ў сусветна вядомых, паўсюдна запатрабаваных пастаноўшчыкаў. А яшчэ гэты фестываль стаўся трывалай платформай для разгалінаванага засваення ў нашай краіне элементаў самых розных тэхнік сучаснай харэаграфіі, выхаваў патрэбу ў сучасных кірунках як сярод балетмайстраў, так і сярод саміх артыстаў, не кажучы пра віцебскую публіку, якая цяпер дае фору ўсім іншым рэгіёнам, уключаючы сталіцу, у глыбіні разумення мастацтва пластыкі. Усё гэта мы і ўбачылі на ўрачыстым адкрыцці IFMC -2012. Было відавочна, што развіццё фестывалю як творчай адзінкі — гэта лінія ўзлёту: да яго ставяцца з павагай не толькі на прасторы СНД, дзе ён стаў першым распрацоўваць сучасную пластыку, але і ў далёкім замежжы, адкуль таксама лічаць за гонар прыехаць да нас удзельнікамі як гасцявой праграмы, так і конкурснай.

Амаль не расчаравалі і ўсе госці (за выключэннем, праўда, аднаго спектакля, пра які давядзецца гаварыць у наступным раздзеле), бо гэта былі папраўдзе крэатыўныя пастаноўкі, цікавыя сваёй нешараговасцю. А тое, як уразіў згаданы “дажджавы” фінал, увогуле патрабавала б асобнай рэцэнзіі. Як, дарэчы, узрасла трупа “Кіеў-мадэрн-балета”! Але ж было і іншае — конкурс...

F: ідэй бракуе

Яшчэ колькі гадоў таму колькасць цікавых ідэй у вылучаных на конкурс кампазіцыях літаральна “зашкальвала”, а вось умення іх годна апрацаваць і давесці да ідэальнага выканання відавочна бракавала. На такім становішчы адбіваліся, найперш, праблемы падрыхтоўкі харэографаў і артыстаў, даволі частае невалоданне імі сучаснай танцавальнай мовай. Таму, здаралася, мы бачылі артыстаў балета, не зусім прыстасаваных да выканання іншай стылістыкі, ці, часцей за ўсё, дзяўчат і зрэдку хлопцаў, увогуле ніяк не падрыхтаваных — што называецца, “з вуліцы”.

Сёння ўсё кардынальна змянілася. Выканаўцы — адзін за другога лепш. А вось ідэй — відавочна бракуе. Прычым на ўсіх узроўнях! І ў выбары тэмы, і ў сцэнічным афармленні, і ўласна ў пошуках новай харэаграфічнай лексікі... Замест глыбокіх філасофскіх разважанняў, асэнсавання рэчаіснасці ці сучаснага пераасэнсавання класікі — меладраматычныя калізіі, “кухонныя” разборкі, паслядоўны пераказ сюжэтаў (у тым ліку міфалагічных), як у харэадраме. Замест выкарыстання відэа, арыгінальнага “абыгрывання” дэталей інтэр’ера,  — спрэс “чорны кабінет”, на фоне якога асабліва заўважнымі становяцца ўсе пралікі ўласна харэаграфіі. Замест бясконцасці пластычных асацыяцый — працяглыя славесныя ўступы-каментарыі, якія не толькі не дапамагаюць, а яшчэ і перашкаджаюць успрыманню. А самае крыўднае — у конкурснай праграме сустракаліся нумары, разлічаныя на камерцыйны поспех у не самай патрабавальнай публікі, ажно да ўзроўню звычайнага вар’етэ.

Зразумела, за канкурсантаў арганізатары не ў адказе. Але як жа тады адбываўся папярэдні адбор, што праходзіў па дасланых відэазапісах? Можа, да працы ў адборачнай камісіі трэба далучаць членаў экспертнага савета, які спрадвек існуе на гэтым фестывалі? Пры цяперашніх інтэрнэт-магчымасцях зрабіць гэта зусім не цяжка, не трэба нават выклікаць іх на пасяджэнне.

/i/content/pi/cult/402/8191/2-1.jpeg

Але вялікія патрабаванні да канкурсантаў — нішто ў параўнанні з “праколам”, які здарыўся з Пермскім балетам Яўгена Панфілава (і, дарэчы, здарыўся не ўпершыню пасля сыходу з жыцця заснавальніка калектыву). Панфілаў можа лічыцца адным з “хросных бацькоў” IFMC, бо дапамог фестывалю развярнуцца ад эстрады да сучаснай харэаграфіі сусветнага ўзроўню. Гэтым жа разам — паказаны ў гасцявой праграме прэм’ерны балет “Destino” (“Лёс”), які прэтэндаваў на звышфіласафічнасць, насамрэч аказаўся наборам эстрадных нумароў, прыдатных хіба для карпаратыўнай вечарыны. Можа, каб гэта была якая іншая трупа, дык расчаравання было б менш. Але “панфілаўцы” заўсёды славіліся супрацьлеглым: уменнем нават з відавочна камерцыйных праектаў, якімі сталі адкрытыя ў свой час пры тэатры “балет тоўстых” і так званая трупа спартыўных “качкоў”, рабіць творы, годныя прэміі “Залатая маска”. Дый у канцэрце адкрыцця яны паказалі фрагмент сваёй былой конкурснай работы — “Восем рускіх песень”, чым адразу падкрэслілі розніцу. Цяперашняе развіццё калектыву — лепшы прыклад ролі Асобы Творцы на чале трупы. І гэта — далёка не адзіны роздум, да якога схіляў фестываль. Іх набралася акурат на чарговы раздзел.

M: прагрэс на месцы не стаяў

Фестываль і асабліва конкурс востра паставілі праблему наяўнасці ў нас высокакваліфікаваных мастакоў па святле і самога светлавога абсталявання: затрымкі і нават пераносы конкурсных праглядаў узнікалі з прычыны неадладжанасці светлавой партытуры. Пры гэтым абсталяванне заставалася тым жа, што і раней, а вось прагрэс на месцы відавочна не стаяў. Тое ж датычыцца і сродкаў сувязі. Калі ў 1990-я яшчэ можна было растлумачыць, чаму прэс-цэнтр фестывалю ўяўляе з сябе пакой з некалькімі крэсламі і сталом “для прэзідыуму”, дык у 2010-я незразумела, чаму там няма хаця б аднаго камп’ютара, падключанага да Інтэрнэта. Чаму сам прэс-цэнтр адкрываецца хіба для правядзення прэс-канферэнцый. І што, нарэшце, з аператыўным адлюстраваннем падзей на фестывальным сайце? Нават у самім палацы, што прымаў форум, на розных стэндах можна было заўважыць розны час пачатку аднаго з майстар-класаў (цікава, што пасля заўвагі нічога на тых стэндах не змянілася: не знайшлося адказных?). Адзін з конкурсных блокаў журы вырашыла распачаць раней — таксама без інфармацыйнага папярэджання той жа прэсы.

Акрамя арганізацыйных, былі і творчыя “незразумеласці”. Розніцу паміж аднаактовым балетам (а/б) і харэаграфічнай мініяцюрай (х/м) адчувалі хіба адзінкі. Астатнія канкурсанты арыентаваліся, відаць, выключна на часавы крытэрый: пабольш — а/б, паменш — х/м. Але ж а/б па разгорце думкі не цягнулі нават на х/м. А х/м часта складаліся з… некалькіх мініяцюр (невыпадкова журы перш чым адзначыць цудоўную па пластычных знаходках японскую х/м, спачатку перайменавала яе ў а/б — і адзначыла ўжо па гэтай намінацыі). Увогуле, а/б было непараўнальна менш, і з двух пакінутых на другі тур — ніводнага лаўрэацтва, толькі спецпрыз экспертнага савета ў літоўцаў. Ці ж не сімптом? Справа, пэўна, не толькі ў пачуцці формы, чым павінны валодаць пастаноўшчыкі, але і ў выбары музыкі, якая магла б дапамагчы ў стварэнні тэмпарытму відовішча. Замест гэтага — трывіяльныя “нарэзкі” паводле “парвана-калейдаскапічнага” метаду. Да таго ж, перакос на карысць дробных жанраў — сведчанне іх большай запатрабаванасці. Нават класічным балетным артыстам, калі яны выпраўляюцца на выканальніцкі конкурс, патрабуецца нумар сучаснай харэаграфіі. А каму патрэбны суцэльныя сучасныя балеты? Хіба трываламу калектыву, які ўжо мае сваю аўдыторыю. Але ўвасабляючы такія пастаноўкі, харэографы не скаваны адрэзкам часу ў дваццаць хвілін, што прадугледжана конкурснымі ўмовамі. Ствараць жа першапачаткова конкурсныя аднаактоўкі могуць дазволіць сабе не ўсе. Вось і скарачалі, хто як можа. У членаў журы невыпадкова ўзніклі думкі, выказаныя на прэс-канферэнцыі, пра неабходнасць харэаграфічных “рэдактараў”, якія бралі б гэтыя “скарачэнні” ды ўдасканаленні на сябе, як гэта бывае, да прыкладу, з рэдагаваннем літаратурных тэкстаў.

М-2: а нашы — два з трыццаці

Ды ўсё ж самы вялікі пласт роздумаў датычыўся беларускіх канкурсантаў. У другі тур прайшлі толькі два нумары з трынаццаці. Нават разумеючы, што сярод “адкінутых” сустракаліся не горшыя за іх, агульную карціну значна псавалі… віцебскія гурты, прадстаўленыя, на правах гаспадароў, дастаткова шырока. Вядома, беларусам паказваць свае работы на такіх форумах трэба. Але калі некаторыя з пастановак не дацягваюць да неабходнага ўзроўню, дык, можа, у рамках фестывалю ёсць сэнс не толькі чаргаваць міжнародны конкурс з нацыянальным, як гэта робіцца цяпер, але і праводзіць штогадовы агляд-конкурс беларускіх работ ды калектываў? З надзвычай дэталёвым “разборам палётаў”, што ажыццяўляўся б міжнародным экспертным саветам.

Заўважым і тое, што сярод канкурсантаў не было прадстаўнікоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. А між тым, гэтая ўстанова невыпадкова выступае адным з заснавальнікаў фестывалю, бо, паводле слоў генеральнага дырэктара Уладзіміра Грыдзюшкі на прэс-канферэнцыі адкрыцця, прыкладае ўсе намаганні для развіцця эксперыментальных напрамкаў. Калі гэта так, дык чаму б не камандзіраваць на конкурс, хаця б у ролі “назіральнікаў”, для назапашвання вопыту (і навучання на чужых памылках!) тую ж творчую моладзь? Затое ў гасцявой праграме тэатр быў прадстаўлены фрагментам з балета “Рамэа і Джульета”, пастаўленым у 1988 годзе Валянцінам Елізар’евым. Праўда, аб’явіць са сцэны яго імя, як гэта рабілася ва ўсіх астатніх выпадках, чамусьці “забыліся”. А між тым, Адажыа глядзелася сапраўднай “неакласікай эксперыменту” — куды больш наватарскай па харэаграфічнай лексіцы за многія “навацыі”.

Затое ў тым, што большасць узнагарод (Гран-пры і тры Другія прэміі) паехала ў Кіеў, можна было без цяжкасці прасачыць складзеную цягам стагоддзяў “донарскую функцыю” беларускай нацыянальнай культуры. Усе ўкраінскія конкурсныя работы належалі артыстам і педагогам “Кіеў-мадэрн-балета” — непасрэдным “РАДУвічкам”, выхаванцам “нашага”, ізноў падкрэслю, Раду Паклітару (які, дадам, скончыў Беларускую акадэмію музыкі па класе знакамітага Елізар’ева). Іх пастаноўкі — мазаіка-энцыклапедыя “раду-знаходак”, перамяшаная і складзеная ў іншыя “карцінкі”. Тое, што ўсе кіяўляне “размаўлялі” са сцэны на мове Паклітару, — сведчанне яшчэ і таго, што гэтая мова сфарміравана, існуе і мае сваіх прадаўжальнікаў (міжволі напрошваюцца паралелі са шматлікімі “шастаковічызмамі” ў музыцы 1970-х). Так што Раду, можна сказаць, узяў рэванш: ён ніколі, нягледзячы на пастаянныя спробы, не быў адзначаны на віцебскім конкурсе як харэограф (толькі яго выканаўцы Юлія Дзятко ды Канстанцін Кузняцоў аднойчы атрымалі прыз “За майстэрства”). Затое потым, разам з замежным прызнаннем, ён стаў удзельнічаць у гасцявой праграме і працаваць у складзе журы — і вось, нарэшце, атрымаў ледзь не ўсе прызы. Заканамерна, бо ў сваёй трупе ён не проста падтрымлівае жаданне артыстаў ставіць штосьці сваё, няхай і не зусім самастойнае (і гэта таксама заканамерна, бо на іншай танцавальнай “мове”, акрамя “РАДУвіцкай”, яны папросту не ўмеюць размаўляць). Ён яшчэ і прымушае іх ставіць — хаця б паспрабаваць! Усе нешта ставяць, а потым разам глядзяць і адбіраюць лепшае, выносячы яго на публіку. Чым не "галінка" беларускай нацыянальнай харэаграфічнай школы, аздобленая ўкраінскім бачаннем і… украінскім фінансаваннем?

Што да “беларускага нацыянальнага”, дык у згаданым “Дажджы”, дзе мініяцюры на этна-фольк-музыку з’яднаны бахаўскімі творамі, магла быць і знакамітая “Прычытальная”, пастаўленая Раду яшчэ ў “беларускі перыяд”, ды… забароненая нашымі музыкантамі для далейшых паказаў: аўтарскае права як-ніяк. Толькі хто ад гэтага выйграў? Затое ёсць у “Дажджы” тыя “Тры грузінскія песні”, што былі адзначаны “ў беларускі перыяд” згаданым вышэй артыстычным прызам. Яны цяпер — класіка!

C: "Сі", што значыць “Ес!”

Фестывалю, адназначна, — жыць ды жыць. Развівацца. Квітнець. Удасканальвацца. І не проста рухацца ў бок “Ес!”, што можна перакласці як “Так!”, але і пачуваць сябе сапраўдным цэнтрам Еўропы. Па ўсіх параметрах: творчых і арганізацыйных. А конкурс — ён і ёсць конкурс: колькі членаў журы — столькі і думак. Галоўнае, каб думкі былі ў саміх пастаноўшчыкаў. Яны могуць (і нават павінны) палаць, але нават стаўшы попелам, разляцяцца — і абавязкова прарастуць…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"