Не толькі на экране

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Стала ўжо добрай традыцыяй, што такі буйны фестываль, як “Лістапад”, імкнецца прэзентаваць творчасць беларускіх кінематаграфістаў не толькі ў работах на вялікім экране, але і ў іншых яе праявах. У прыватнасці, не першы год у межах фестывалю ладзіцца тэатральны конкурс, у якім айчынныя кінаакцёры, рэжысёры ды сцэнарысты на суд кампетэнтнага журы прадстаўляюць свае сцэнічныя работы.

Асаблівасць лістападаўскага тэатральнага спаборніцтва заключаецца ў тым, што спектаклі не “вырываюцца” са сваёй натуральнай сцэнічнай прасторы, а іграюцца менавіта на той сцэне, для якой і былі пастаўлены. Ва ўмовах, так бы мовіць, максімальна нетраўматычных для саміх спектакляў — бо не сакрэт, што вельмі часта з-за пераносу спектакляў на “фестывальную” пляцоўку яны зведваюць пэўныя трансфармацыі. А так журы, якое сёлета ўзначаліў беларускі кінарэжысёр Аляксандр Карпаў, мела магчымасць літаральна “растварыцца” ў глядзельнай зале.Сёлета ў тэатральным конкурсе заяўлена дзевяць спектакляў. Распачаў спаборніцтва спектакль “Вераб’іная ноч” Драматычнага тэатра Беларускай арміі, пастаўлены паводле інсцэніроўкі Аляксеем Дударавым апавядання Уладзіміра Караткевіча. Знаны сваім сцэнарыем да фільма “Белыя Росы”, А.Дудараў сёлета стаў пераможцам конкурсу кінасцэнарыяў, аб’яўленага “Беларусьфільмам”, — у 2008 годзе па ягоным сцэнарыі “Дняпроўскі рубеж” кінастудыя збіраецца здымаць фільм. А па драматургічных творах маладога кінасцэнарыста Андрэя Курэйчыка, які адзначыўся працай над літаратурнай асновай расійскай стужкі “Любовь-морковь”, прадстаўлены адразу два спектаклі: “Тры пары і адзін лёс” Новага драматычнага тэатра і “П’емонцкі звер” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Тэатральную класіку ў выкананні акцёраў кіно можна пабачыць, завітаўшы на спектаклі “Як выходзяць у людзі, альбо На ўсялякага мудраца даволі прастаты” А.Астроўскага Тэатрастудыі кінаакцёра, у якім можна пабачыць цэлае суквецце папулярных беларускіх кінаакцёраў, “Макбэт” В.Шэкспіра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, у якім, дарэчы, Святлана Зелянкоўская, якая ў свой час сыграла ў аднайменным кінафільме Анастасію Слуцкую, выступіць у ролі ледзі Макбэт, а таксама “Тарцюфа” Ж.-Б.Мальера — прэм’еру Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Да таго ж, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача прадстаўляе свой спектакль “Матылёк” П.Гладзіліна ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, “Арт-праект” — “Ноч Гельвера” сучаснага польскага драматурга Інгмара Вілкіста, а Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” — монаспектакль “Пачакай, сонца” паводле рамана Ліны Кастэнка “Маруся Чурай”.Ул.інф.