А вам патрэбен “музей-трансформер”?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Як “нічога” ператварыць у “нешта”: штрых да ідэі Парку савецкага перыяду

Цягам тыдня група студэнтаў-архітэктараў працавала ў сценах Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура над глабальнай тэмай “Музей-трансформер”, выяўленай праз канкрэтыку будучага Беларускага цэнтра скульптуры на базе згаданай установы.

Ужо ў саміх назвах лекцый прысутнічаў правакацыйны падтэкст: “Навошта віртуальнаму гораду нерухомыя камяні?”, “Перапрацоўка траўматычнай мінуўшчыны”, “Сучасная скульптура — ці скульптура?”. Хоць мэтай творчага сумоўя дэкларавалася выпрацоўка канцэпцыі Цэнтра скульптуры, яго рэальным вынікам стала зусім іншае: далучэнне маладых архітэктараў да надзвычай актуальнай для мегаполіса і бадай любога буйнога горада праблематыкі. Я маю на ўвазе спалучэнне ў гарадскім асяроддзі стылёва і ментальна розных культурных пластоў, у нашым выпадку — сацыялістычнага рэалізму і ўніверсальнага міжнароднага стылю, вядомага нам як “хай-тэк” у архітэктуры і “постмадэрнізм” ва ўсіх астатніх відах мастацтва.

/i/content/pi/cult/402/8188/2-1.jpeg

Удзельнікі форуму вырашалі для сябе пытанне, як ставіцца да культурнай спадчыны эпохі, якая адышла і адным з сімвалаў якой была якраз творчасць Азгура. Калі меркаваць па выніковых візуальных матэрыялах, уцямнага адказу на яго яны не маюць…

Разам з тым, пэўныя канструктыўныя ідэі па ператварэнні Музея Азгура — структуры ў канцэптуальным сэнсе аднамернай, жорстка акрэсленай — у шматфункцыянальны культурны комплекс падаюцца мне цікавымі і, галоўнае, — рэалістычнымі. Так, мемарыяльны музей, у якім, можна сказаць, матэрыялізаваны дух “сталінскага ампіру”, можа быць пляцоўкай для творчых эксперыментаў. Набыццё музеем новай функцыі, якая істотна адрозніваецца ад існай, — гэта і ёсць “трансфармацыя”.

/i/content/pi/cult/402/8188/2-2.jpeg

Трэба адзначыць, што дырэктар Музея Азгура Аксана Багданава працуе над гэтым (і даволі ўдала) ужо не першы год. Ва ўстанове ладзяцца творчыя дыскусіі, праходзяць прэзентацыі нязвыклых мастацкіх праектаў на мяжы эпатажнасці. У музеі, створаным для ўшанавання памяці мэтра, збіраецца моладзь, бо ёй тут утульна і, я сказаў бы, прыкольна.

Музей Азгура ўжо з’яўляецца “трансформерам”, хіба што для паўнавартаснай дзейнасці яму не стае наладжанай, эстэтычна арганізаванай прасторы. У студэнцкіх праектах прапануецца пашырыць тэрыторыю музея, каб мемарыяльная майстэрня стала майстэрняй дзеючай. Але не для адной асобы, а, можа, — для цэлай генерацыі творцаў, найперш маладых. На тэрыторыі павінна быць зручна не толькі мастакам, але і аматарам мастацтва, якія прыйдуць сюды, каб назіраць за працай скульптараў, і такім чынам далучацца да творчага працэсу.

/i/content/pi/cult/402/8188/2-3.jpeg

“Музей-трансформер” — гэта ідэя на заўтра, але рэалізаваць яе магчыма ўжо сёння. Прычым досвед Музея Азгура, наяўны і перспектыўны, можа быць карысным і для іншых музейшчыкаў — у сталіцы ды рэгіёнах. Ці ж мала ў нас музейных устаноў, дзе дзесяцігоддзямі не змянялася экспазіцыя, дзе сама думка пра тое, што музей можа быць адначасова тэатрам, творчай майстэрняй і дыскусійным клубам, падаецца абсурднай. Вось і ідуць людзі паўз музей у краму ці яшчэ куды…

Канешне ж, Музей Азгура мае рысы ўнікальнасці ды пэўнай прывабнасці для аматараў мастацтва і проста турыстаў. Да таго ж, знаходзіцца ён амаль у цэнтры сталіцы, прытым, што побач — вольная прастора, на якую ён можа пашырыцца. Не ўсім музейным установам так пашчасціла. Але сутнасці гэта не змяняе. Нават “нічога” можна трансфармаваць ў “нешта”. Было б жаданне.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"