Перш чым выносіць прысуд…

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Рэстаўрацыя года: blow-up ад навуковага кіраўніка

Частка 1. “Няправільная” вежа і “гаданні” па старых фота

Галоўны прэтэндэнт на званне “аб’екта года” ў сферы культуры вызначыўся ўжо сёння. І пакуль шараговыя турысты дзівяцца велічы былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы (няхай сабе адноўлена яна далёка не поўнасцю), спецыялісты — або тыя, хто сябе імі лічыць, — працягваюць палкія дыскусіі адносна якасці рэстаўрацыі ды часам нават бяруць гэтае слова ў двукоссе. Эмацыйныя вердыкты блогераў ахвотна транслююць некаторыя СМІ, не абцяжарваючы сябе ўласным аналізам. Няхітрая тэхналогія “копі — пэйст” вокамгненна разносіць “сенсацыі” па дзясятках вэб-адрасоў.

А вось голасу навуковага кіраўніка і галоўнага архітэктара праекта Сяргея
ДРУШЧЫЦА ў гэтых дыскусіях амаль не чуваць. Як высветлілася, выключна з той прычыны, што па каментарыі да яго журналісты і не звяртаюцца. Мы вырашылі выправіць гэтую прыкрую хібу, папрасіўшы архітэктара патлумачыць тыя яго рашэнні, што выклікалі найбольш спрэчак.

Анатомія памылкі...

— Як вы, магчыма, памятаеце, да пачатку праектных работ над замкам узвышалася барочная вежа, якая з’явілася ў Нясвіжы яшчэ ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя — пад час сур’ёзнай рэканструкцыі, ініцыяванай Міхалам Казімірам Рыбанькам. У ХІХ і ХХ стагоддзях вежу зноў рамантавалі, але яе знешні выгляд быў захаваны. Чарговая патрэба абнаўлення прыпала ўжо на пачатак нашага стагоддзя: навальніца пашкодзіла бляху, і драўляныя канструкцыі купала апынуліся ў аварыйным стане. Адпаведна, проста “не чапаць” вежу ў кожным разе не выпадала.

/i/content/pi/cult/402/8187/1-1.jpeg

Але тагачасны навуковы кіраўнік аб’екта Уладзімір Бачкоў вырашыў, што, паколькі рамонтныя работы ўсё адно немінучыя, з’явілася добрая аказія аднавіць купал у тым выглядзе, які ён меў ад самага пачатку гісторыі замка — у XVI стагоддзі. Безумоўна, гэтае смелае рашэнне мала стасавалася з міжнароднымі і беларускімі заканадаўчымі нарматывамі ў галіне рэстаўрацыі, якія прадугледжваюць захаванне тых “напластаванняў эпох”, што прасочваюцца ў абліччы помніка.

Навуковых матэрыялаў для рэканструкцыі бракавала, і даводзілася дзейнічаць паводле прынцыпу аналогій: беручы за ўзор іншыя аб’екты эпохі Рэнесанса. Але галоўная прычына памылкі падаецца мне досыць банальнай. Адзіная графічная выява вежы — небезвядомая гравюра Томаша Макоўскага, якая адлюстроўвае выгляд замка ў 1604 годзе. Але ж яе копія, што стала асновай для праектавання, мабыць, была даволі дрэннай якасці. Я так мяркую выключна з той прычыны, што пазней, калі мы атрымалі якасную лічбавую копію гравюры, нашым вачам адкрылася зусім іншая карціна. Магу з упэўненасцю заявіць: у XVI стагоддзі над замкам узвышалася звычайная рэнесансная вежа з купалам. Тыповыя для той пары люкарны, на самым версе — адкрыты ганак, бо гэта была менавіта дазорная вежа. І ніякіх кілепадобных франтонаў!

Хто і калі ўзгадняў гэты праект, мне даклада невядома. Магу сказаць толькі адно: на разгляд Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны ён не выносіўся. Зрэшты, і сама структура галіны аховы спадчыны на той час была зусім іншая: замест сённяшняга ўпраўлення Міністэрства культуры, працавалі два ведамствы, падпарадкаваныя непасрэдна Савету Міністраў.

Калі мяне прызначылі навуковым кіраўніком аб’екта і пачалася распрацоўка комплекснай дакументацыі, адразу стала відаць, што гэты купал ніяк не дапасоўваецца да агульнага барочнага аблічча комплексу. Таму я прапанаваў адмовіцца ад гэтай дэталі, але... На той час канструкцыі былі ўжо выкананы ў матэрыяле і гатовы да ўсталявання.

...і алгарытм выпраўлення

— Працяг гісторыі вы, мабыць, ведаеце. Дыскусіі наконт вежы не сціхалі, эксперты UNESCO, якія наведалі замак, выказалі на гэты конт прынцыповую заўвагу. Згадайма яшчэ і прыезд спадарыні Альжбеты Радзівіл, чыя рэакцыя на змену знаёмых для яе абрысаў вежы была надзвычай негатыўная.

/i/content/pi/cult/402/8187/1-2.jpeg

Урэшце, пытанне было вынесена на разгляд Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, і яе члены аднагалосна прынялі рашэнне: вярнуць барочны купал. Доўгі час шукалі практычныя магчымасці гэта зрабіць, і ў выніку быў створаны дабрачынны фонд. У ліку ахвярадаўцаў, дарэчы, быў і Павел Паўлавіч Латушка, які прыклаў нямала намаганняў, каб зрушыць справу з мёртвай кропкі.

Праект новага купала быў распрацаваны мною ў адпаведнасці з абмерамі, якія зрабілі да разборкі аб’екта. У сваю чаргу, яны суаднесены з абмерамі, зробленымі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, тады, калі на вежы ўмацоўвалі механічны гадзіннік, — балазе гэты дакумент можна знайсці ў Нацыянальным архіве. Па сутнасці, я проста стварыў копію, кіруючыся дакладнымі матэрыяламі.

Мы планавалі распачаць работы ўжо сёлета ў студзені, але... сіноптыкі абяцалі добрыя маразы і, дарэчы, не памыліліся. Працаваць пры -25° на вышыні ў 45 метраў забараняюць будаўнічыя нарматывы. Таму рэалізацыя адсунулася на пару месяцаў: да красавіка, калі і была здзейснена замена.

Даставіць у Нясвіж адзіны на Беларусі калёсны кран грузапад'ёмнасцю да трыста тон, здатны прабрацца праз дворык ушчыльную да вежы, аказалася зусім няпроста. Для транспарціроўкі спатрэбіліся шэсць трэйлераў, загружаных неабходнымі “аксесуарамі”: чалкі, траверсы, прыстасаванне, неабходнае для замацавання крана... На шчасце, усе гэтыя праблемы былі лёгка вырашаны. А сама працэдура ўсталявання купала заняла не больш за пятнаццаць хвілін!

Што да аналізу фотафіксацый купала розных часоў, якія можна сустрэць у Інтэрнэце... Паспрабуйце “паўтарыць” той або іншы здымак, знайсці дакладна тую самую кропку, з якой ён быў зроблены сто гадоў таму, і вы самі пераканаецеся, што гэта надзвычай складана. А дастаткова трохі ссунуць фотаапарат — і тады купал ужо і сапраўды будзе падавацца вышэйшым альбо шырэйшым. Тым больш, медзь пакуль не пакрылася пацінай, і гэта таксама спараджае пэўны аптычны эфект: аб’ём купала падаецца крыху большым.

Яшчэ раз паўтаруся: мы рабілі праект не толькі паводле фотаздымкаў (хаця вывучана іх было вельмі і вельмі шмат), але перадусім — на падставе дакладных абмераў. І праверыць гэтыя разлікі зусім не складана. Падаецца, апошняе было б нялішнім перад тым, як рабіць нейкія высновы і, тым больш, тыражаваць іх праз СМІ.

Усе прафесіяналы, якія пабывалі ў Нясвіжы, ацанілі нашу работу станоўча. Адзіны папрок, што магчымы на наш адрас, — флюгер, які замацаваны на вежы. Ён перайшоў у спадчыну ад папярэдняга купала і крыху адрозніваецца ад аўтэнтычна-”радзівілаўскага”. Зрэшты, агульнай стылістыкі гэтая маленькая дэталь ні ў якім разе не парушае, а дасканаласці, як вядома, няма мяжы.

“Гістарычнасць” печы

Методыка параўнання здымкаў мела свой працяг: ужо пасля адкрыцця Нясвіжскай рэзідэнцыі адно айчыннае СМІ апублікавала выявы адноўленых рэстаўратарамі залаў, а побач — іх архіўнае фота. Выснова была настолькі ж катэгарычная, як і ў мінулым выпадку: адрэстаўравалі няправільна!

— Параўнанне фота розных часоў — выдатная методыка, — кажа Сяргей Друшчыц. — Але ў такім выпадку нельга карыстацца толькі адным архіўным здымкам, і на яго падставе сцвярджаць, што, прыкладам, у адным з закуткоў бальнай залы раней стаяла не печ, як цяпер, а бюст Марыі Ружы Радзівіл. Сапраўды, на адным фота, зробленым ужо незадоўга да прыходу савецкай улады, там відаць менавіта бюст. Але ж захаваліся і здымкі ХІХ стагоддзя, дзе выяўлена тая самая печ! Да таго ж, ёсць інвентары, у якіх пра яе згадваецца. А калі пад час зандажу мы адкрылі нішы і знайшлі дымавыя каналы, дык канчаткова ўпэўніліся ў “гістарычнасці” той печы.

— Што ж да памкненняў людзей рабіць самастойныя высновы... Я іх заўсёды толькі вітаю, — роэзюмуе Сяргей Друшчыц першую частку цыкла матэрыялаў па вострых пытаннях, што ўзнікалі ў час рэстаўрацыі Нясвіжскага замка. — Але перш чым “выносіць прысуд”, будзьце ласкавыя выслухаць розныя пазіцыі — у тым ліку і аргументы вашага пакорнага слугі. Перакананы, што пра такую няпростую галіну чалавечай дзейнасці, як рэстаўрацыя, трэба казаць узважана ды ўсебакова. І тады гэта прынясе плён для агульнай справы. Пакуль жа многія высілкі “рупліўцаў” чыняць адно шкоду…

(Працяг будзе.)