Менавіта з вялікай літары. Лес як Лёс, як жыццядайная стыхія і абярэг. Так склалася, што ў беларускім мастацтве дамінуе ўрбаністычны погляд на прыроду. Асабісты сантымент і сацыяльная прагматыка выяўляюцца праз краявіды рэалістычнага кшталту і настальгічнага зместу. У літоўскай жа ментальнасці больш архаікі. Тут на падсвядомым узроўні захавалася датклівае стаўленне да фальклору ды міфалогіі. Адпаведна, прырода, і ў прыватнасці — лес, з якога тая міфалогія родам, у трактоўцы літоўскіх мастакоў — гэта тэрыторыя, сакральнасць якой найлепшым чынам выяўляецца праз абстрактныя формы. Абодва пункты гледжання на адну з’яву гарманічна спалучаюцца ў творах гэтай экспазіцыі.
Першы паказ выстаўкі адбыўся ў сталіцы Літоўскай Рэспубліцы, потым яе пабачылі беларусы. У верасні "Карані" гасцявалі ў Гомелі, зараз экспазіцыя працуе ў Мінску, у Галерэі Міхаіла Савіцкага, што ў Верхнім горадзе.