Вечна малады, вечна жвавы

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Мінскі міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно “Лістападзік-2007”, які з 16 па 23 лістапада працуе сёлета ў Мінску, Магілёве і Бабруйску, ужо ў дзевяты раз прэзентуецца ў рамках кінафестывалю “Лістапад”. Адгалінаваўшыся ад “дарослай” праграмы яшчэ ў дзевяностыя гады, ён стаў самастойным фестывалем высокамастацкага і духоўнага анімацыйнага і ігравога кіно, якое сёлета прадстаўлена 16-цю краінамі свету. Наступны год стане для “Лістападзіка” пераломным: ён пяройдзе пад крыло Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і адсвяткуе свой першы юбілей. А пакуль мы гутарым пра сённяшні “Лістападзік” з яго выканаўчым дырэктарам Генадзем ПЛЕСКАЦЭВІЧАМ, з якім сустрэліся напярэдадні фестывальных паказаў.

 /i/content/pi/cult/137/818/Listapadzik1.jpg

Генадзь Плескацэвіч.

— Паміж “Лістападам” і “Лістападзікам”, — расказвае Г.Плескацэвіч,— як між старэйшым і малодшым “братамі”— пяць гадоў. Калі на свет з’явіўся першы “брат”, расійскія прадзюсеры прапаноўвалі нам дзіцячыя фільмы для фестывалю, і яны ішлі ў агульнай праграме. Аднак адчувалася, што кіно для дзяцей губляецца ў вялікай кінематаграфічнай масе, і Валянціна Сцяпанава прапанавала арганізаваць асобны яго паказ.
Так, спачатку прайшоў паказ, а ў наступныя гады ён перарос у самастойны фестываль для дзяцей і юнацтва.
Спачатку гэта былі некалькі краін-удзельніц, але з кожным годам спіс павялічваўся, і сёння ўжо ў нашай праграме “Лістападзік-2007” удзельнічаюць 12 мастацкіх і звыш 60-ці анімацыйных фільмаў з розных краін свету: Бразіліі, Германіі, Ірана, Іспаніі, Кітая, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, ЗША, Узбекістана, Украіны, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і, канешне, Беларусі. Хаця павелічэнне ўдзельнікаў нашага фестывалю — гэта не самамэта: мы рупімся пра тое, каб гэта былі высокамастацкія фільмы з густам і маральнымі каштоўнасцямі, якія ўласцівы менавіта нам, славянскім краінам.
— Паказаць такую вялікую праграму адзін кінатэатр не “асіліць”?
— Традыцыйна наш фестываль праходзіў у сталічным кінатэатры “Піянер”, які арыентаваны на дзіцячую публіку, праходзіў ён і ў “Кастрычніку”, і ў Доме кіно, але сёлета вярнуўся ў “Піянер”, дзе пройдуць адкрыццё і закрыццё форуму і дзе адбудуцца прагляды мастацкіх фільмаў. Другім кінатэатрам, у якім асобна ад фільмаў пройдзе анімацыя, будзе сталічны Дом кіно. У кожнай фестывальнай секцыі будзе працаваць сваё журы, у анімацыі — пад старшынствам расійскага рэжысёра Леаніда Носырава, у гульнёвым кіно — пад кіраўніцтвам народнай артысткі Расіі, кінаактрысы Валянціны Цялічкінай. І там, і там будзе “працаваць” яшчэ і глядацкае журы на чале з беларускай актрысай тэатра і кіно Аленай Дуброўскай. Гран-пры глядацкага журы, дзе кожны глядач прагаласуе па дзесяцібальнай шкале, і ёсць галоўны прыз фестывалю.
— Відавочна, што “Лістападзік” расце. Ён не толькі адгалінаваўся ад агульнага кінафестывалю, а і сам у сабе пачаў драбіцца на блокі — анімацыю і кіно. Гэта ж не выпадкова?
— Так, у мінулы фестываль я прапанаваў разгалінаваць праграму. Справа ў тым, што я
 /i/content/pi/cult/137/818/Listapadzik2.jpg
 Кадр з фільма “Агі і Эма” (Сербія).
пабываў на многіх анімацыйных фестывалях у розных краінах, і зразумеў, што трэба нарошчваць гэты блок — анімацыю. Яна мне заўсёды падавалася мацнейшай за магчымасці кіно, а цяпер яна і ўвогуле знаходзіцца на вяршыні свайго развіцця. Тыя ж кампліменты можна аднесці і да беларускай анімацыі, якая ў апошнія гады ўсё набірае абароты, яна цікавая і перспектыўная. Таму гэтая ідэя — асобнага анімацыйнага конкурсу — мне падалася слушнай і своечасовай.
— Аднак уласна конкурсам “Лістападзік” не абмяжоўваецца. Што мы ўбачым апроч яго праграмы?
— Канешне, “Лістападзік” — гэта не толькі конкурс, а і пазаконкурсная праграма, у якую ўвойдуць новыя выпускі кіначасопіса “Ералаш”, шведскі мастацкі фільм “Эліна” Клауса Хааро, анімацыйныя стужкі Аляксандра Пятрова “Мая любоў” і аскараносны “Стары і мора”, шведскі поўнаметражны анімацыйны фільм “Петсон і Фіндус” і, канешне, анімацыйныя фільмы пра гарады Беларусі. Конкурсныя ж прагляды пройдуць ва ўсіх кінатэатрах сталіцы, а таксама ў кінатэатрах Бабруйска і Магілёва. Апроч гэтага, адбудуцца творчыя сустрэчы з акцёрамі і рэжысёрамі, гасцямі дзіцячага кінафоруму стануць Уладзімір Грамацікаў, Чырвоны Каптурык — Яна Паплаўская, Бураціна — Дзмітрый Іосіфаў, Леанід Мазгавой, Аляксандр Герасімаў, Аляксандр Ленкін, Леанід Нячаеў, які прадставіць сваю новую стужку ў Мінску, Магілёве і Бабруйску, і яшчэ шмат не менш вядомых артыстаў і дзеячаў кіно.
— Мінск, Магілёў, Бабруйск — толькі тры гарады ахоплівае дзея міжнароднага фестывалю?
 /i/content/pi/cult/137/818/Listapadzik3.jpg
 Кадр з фільма “Дзюймовачка” (Расія).
— На жаль, пакуль гэта так. З намі ў Магілёў і Бабруйск паедзе Леанід Нячаеў, які прадставіць свой новы фільм “Дзюймовачка”. Дарэчы, сёлета ў межах фестывалю мы адзначым юбілеі стужак Л.Нячаева “Пра Чырвоны Каптурык” — 30 гадоў і “Пітэр Пэн” — 20 гадоў.
Большая частка мерапрыемстваў і паказаў пройдзе ў Мінску, і толькі малая доля — за межамі сталіцы. Гэтая абмежаванасць — не наша лянота ці нежаданне, а правілы пракату стужак, на якія нашае жаданне паўплываць не можа. Справа ў тым, што паказаць стужку мы маем права толькі два разы — такія ўмовы праваўладальнікаў. У Бабруйску, як і летась, мы пакажам усю конкурсную праграму цалкам, якую ўбачаць і мінчане. А чаму пашчасціла менавіта Бабруйску? Гэта была ініцыятыва з боку горада, які выказаў вялікую зацікаўленасць да “Лістападзіка”. Магілёў убачыць толькі “Дзюймовачку” Л.Нячаева.
— Калі меркаваць па глядацкай зале, “Лістападзік” — запатрабаваны фестываль?
— Вельмі. Залы ў кінатэатрах на сеансы заўсёды поўныя. За дзевяць гадоў існавання наш фестываль стаў папулярным, і школы за некалькі месяцаў просяць, каб для іх навучэнцаў “забраніравалі” месцы. Вы ж разумееце, што дзіця само ў кінатэатр не прыйдзе, — у сённяшніх дзяцей шмат гульняў, забаўлянак, якімі можна заняцца, нават не выходзячы з дому. Таму вывесці дзяцей у кінатэатр, паказаць ім якаснае кіно, анімацыю — гэта задача дарослых. І фестываль — гэта выдатны момант для бацькоў, увогуле дарослых накіраваць дзяцей у патрэбнае ім рэчышча. З нашага боку стаіць задача прапанаваць ім глебу, матэрыял для гэтага: высокамастацкае, духоўнае, сучаснае кіно.
— Ці шмат сёння ў свеце такога кіно — духоўнага і высокамастацкага?
— Як правіла, у праграме фестывалю — фільмы, якія ўжо атрымалі ўзнагароды на розных конкурсах, Гран-пры і дыпломы ў намінацыях. Атрымаць гэтыя фільмы — праца не
 /i/content/pi/cult/137/818/Listapadzik4.jpg
 Кадр з мультфільма “Мядзведжыя гісторыі” (Расія).
вельмі лёгкая: трэба дамовіцца з прадзюсерам, рэжысёрам і г. д., атрымаць кінакопіі... Прытым дзіцячага кіно здымаецца не так шмат, як “дарослага”, і не ўсё яно можа ўвайсці ў фестывальную праграму — па маральных ці фарматных прычынах. Самая складаная частка нашай працы — знайсці гэтыя фільмы, новыя і дыпламаваныя, на прасторы ўсёй карты свету. Дзіцячае кіно — некамерцыйнае, таму даведацца пра той ці іншы новы фільм, калі ён не раскручваецца, не рэкламуецца, як “дарослы”, гэта задача, якой трэба займацца не адзін месяц у год, як працуе “Лістападзік”, а цэлы год, як на “Славянскім базары”. Для гэтага мы ездзім па фестывалях, шукаем інфармацыю пра навінкі кіно і анімацыі ў розных крыніцах, у тым ліку ў Інтэрнеце. Прытым весці перамовы, дамаўляцца, канешне ж, лепш “ужывую”, калі кантактуеш з рэжысёрам, праваўладальнікам, бо расказваць пра “Лістападзік”, абмяркоўваць тэхнічныя, арганізацыйныя нюансы па электроннай скрыні — не так прадуктыўна. Месяца, канешне, для гэтага не хапае, “Лістападзіку” ў сучасным фармаце патрэбна іншая арганізацыйная праца, якая б вялася круглы год. Таму натуральна, што гэтай справай павінны займацца тыя, для каго кіно — гэта прафесія, а не тыя, хто адзінаццаць месяцаў на год займаецца сваёй працай (напрыклад, я —працую на тэлебачанні) і толькі месяц — “Лістападзікам”.
Тады фестываль зможа выйсці на больш высокі ўзровень і прэстыж. Бо фестываль — гэта не толькі магчымасць прадставіць кіно, магчымасць быць ацэненым, знайсці новую аўдыторыю, гэта яшчэ і прэстыж краіны, уражанне аб Беларусі замежных гасцей скрозь прызму фестывалю.

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ