Славянскі след у Венесуэле

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

28 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка з калекцыі Нацыянальнага музейнага фонду і Галерэі нацыянальнага мастацтва Венесуэлы.

На ёй прадстаўлена творчасць жывапісцаў Мікалая Фердынандава (1886 — 1925 гг.) і Арманда Рэверона (1889 — 1954 гг.). Да арганізацыі выстаўкі спрычыніліся дзяржаўныя ўстановы Беларусі і Венесуэлы, Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў нашай краіне, а таксама Лацінаамерыканскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара ў Мінску.

Экспазіцыя мае назву “Сустрэча. Дзве гамы аднаго натхнення”. Фердынандаў і Рэверон  — мастакі стылёва розныя, але ідэйна блізкія. Больш за тое: ёсць падставы лічыць Рэверона вучнем і паслядоўнікам Эль Русо, як называлі ў Венесуэле эмігранта Фердынандава.

/i/content/pi/cult/402/8179/2-2.jpeg

Для Фердынандава Венесуэла стала другой радзімай. Перш чым атабарыцца тут, ён багата папаездзіў па свеце. Творца працаваў архітэктарам, ювелірам, літаратарам, музыкантам. Але найперш — мастаком. Блізкімі па духу Фердынандаў лічыў сяброў суполкі “Мир искусства”. Яго вабіла эстэтыка мадэрна і сімвалізму.

Арманда Рэверон узяў ад Фердынандава не мастацкую тэхніку, але творчае бачанне, імкненне да ўнутранай гармоніі, якая пазітыўна ўплывае і на навакольны свет. Ён свядома абмежаваў свае матэрыяльныя патрэбы, каб жыць мастацтвам і ствараць мастацтва. Адбіткам такога стаўлення да жыцця стала ягоная аскетычная творчая манера, што грунтавалася на колеравым ды тэхнічным мінімалізме.

Перад выстаўкай у нашым Нацыянальным мастацкім музеі карціны экспанаваліся ў маскоўскай Трацякоўцы.