На рэалізацыю Праграмы ў акрэслены перыяд будзе выдаткавана каля 20,2 мільярда рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — амаль 17,8 мільярда.
Праграма прадугледжвае даследаванне гісторыі паясоў, характару і тэхналагічных асаблівасцей іх вытворчасці, распрацоўку прапаноў па замене аўтэнтычных матэрыялаў, з якіх рабіліся паясы, на сучасныя з захаваннем асноўных вобразна-пластычных асаблівасцей. Праграма адраджэння слуцкіх паясоў павінна даць стымул развіццю ў нашай краіне ДПМ і традыцыйнага народнага мастацтва. Для гэтага будуць адкрывацца музеі і мастацкія галерэі, ладзіцца выстаўкі.
Праграма надае ўвагу падрыхтоўцы спецыялістаў і ўключэнню ў навучальныя праграмы дысцыплін па гісторыі і тэхналогіі вытворчасці слуцкіх паясоў.
Прадугледжана распрацоўка тэхналогій і закупка абсталявання, рэканструкцыя вытворчага корпуса прадпрыемства мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы", дзе размесціцца вытворчасць з выкарыстаннем каштоўных металаў. Дзяржава будзе папаўняць калекцыю аўтэнтычных слуцкіх паясоў праз закупку іх на аўкцыёнах.
Прадпрыемствы і арганізацыі, якія возьмуць удзел у Праграме, атрымаюць падатковыя льготы. Асобным пунктам прапісана рэгістрацыя таварнага знака "Слуцкія паясы".