Купала — на мовах свету

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

5 снежня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца літаратурны вечар "Янка Купала ў дыялогу культур". На яго запрошаны замежныя дыпламаты, якія прачытаюць вершы беларускага Песняра на мовах сваіх краін.

У папярэднім спісе — 28 дыпламатычных прадстаўніцтваў. Па словах дырэктара музея Алены Мацевасян, на дадзены момант яго супрацоўнікі абзванілі большую частку пасольстваў і консульстваў, паўсюдна атрымаўшы згоду. Адзінае — не ўсе дыпламатычныя прадстаўніцтвы могуць быць прадстаўлены на гэтай імпрэзе кіраўніком.

Літаратурны вечар завяршае акцыю "Чытаем Купалу разам", якую музей праводзіць цягам года. У ёй узялі ўдзел больш за сем тысяч чалавек. Сярод іх — не толькі грамадзяне нашай краіны, але і беларусы замежжа — з Літвы, Латвіі, расійскага Дону.

Спадарыня Алена таксама паведаміла нам, што Пасол Славакіі, сам літаратар, будзе чытаць купалаўскі верш "А хто там ідзе?" ва ўласным перакладзе. У 1982 годзе, як вядома, выйшла кніга, дзе славуты купалаўскі верш надрукаваны на 82-х мовах (уключна з мовай арыгінала). А вось перакладу на славацкую мову дагэтуль не існавала.

П.В.