У папярэднім спісе — 28 дыпламатычных прадстаўніцтваў. Па словах дырэктара музея Алены Мацевасян, на дадзены момант яго супрацоўнікі абзванілі большую частку пасольстваў і консульстваў, паўсюдна атрымаўшы згоду. Адзінае — не ўсе дыпламатычныя прадстаўніцтвы могуць быць прадстаўлены на гэтай імпрэзе кіраўніком.
Літаратурны вечар завяршае акцыю "Чытаем Купалу разам", якую музей праводзіць цягам года. У ёй узялі ўдзел больш за сем тысяч чалавек. Сярод іх — не толькі грамадзяне нашай краіны, але і беларусы замежжа — з Літвы, Латвіі, расійскага Дону.
Спадарыня Алена таксама паведаміла нам, што Пасол Славакіі, сам літаратар, будзе чытаць купалаўскі верш "А хто там ідзе?" ва ўласным перакладзе. У 1982 годзе, як вядома, выйшла кніга, дзе славуты купалаўскі верш надрукаваны на 82-х мовах (уключна з мовай арыгінала). А вось перакладу на славацкую мову дагэтуль не існавала.
П.В.