На цырымоніі адкрыцця выступіў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі. Ён засяродзіў увагу на значнасці культурнага чынніка стратэгічнага партнёрства нашых краін. Намеснік міністра культуры Кітая Чжао Шаохуа, у сваю чаргу, выказала меркаванне, што гэтыя Дні культуры паспрыяюць пашырэнню ў КНР ведаў пра Беларусь.
У дзень адкрыцця гледачам прадставілі выстаўку графікі з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, а таксама — нацыянальных касцюмаў з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. А ў пекінскім тэатры “Новы век” з вялікім поспехам прайшоў канцэрт ансамбля “Белыя росы” з Гродна.
Творчую эстафету ад артыстаў сцэны перанялі беларускія кінематаграфісты. На адкрыцці Дзён беларускага кіно пекінскія гледачы пабачылі мастацкі фільм “Ваўкі” Аляксандра Колбышава. Далей прадэманстравалі дакументальныя стужкі “Кінааматар. Восеньскі сон”, “Мір — нацыянальная перліна Беларусі”, “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”, “Гісторыя беларускага тэатра. Нараджэнне”, “Храмавае кола Беларускага Паазер’я”.
Сёння і заўтра плануюцца сустрэчы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі дзвюх краін. Нагадаем, Дні культуры Беларусі ў Кітаі будуць доўжыцца да 2 снежня.
У часе наведання Пекіна беларускай дэлегацыяй быў падпісаны Пратакол аб беларуска-кітайскім супрацоўніцтве ў сферы культуры на 2012 — 2016 гады. Ён прадугледжвае далейшае правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Кітаі і Дзён культуры Кітая ў Беларусі.
Бакі таксама будуць заахвочваць абмен калектывамі мастацкай творчасці і выканаўцамі для ўдзелу ў фестывалях, конкурсах ды іншых міжнародных культурных мерапрыемствах, прычым культурны абмен не выключае выступленні камерцыйнага характару. Маюць супрацоўнічаць музеі, бібліятэкі. Прамыя сувязі будуць наладжаны паміж кінематаграфістамі Беларусі і Кітая. Не забыта ў Пратаколе і ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO 1970 года. Асобным артыкулам пазначана супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва на рэгіянальным узроўні.