“Мама, раскажы пра Радзіму...”

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

У рамках ХІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” гледачоў і гасцей чакае шэраг цікавых сюрпрызаў. Сярод іх — прэзентацыя сольнага альбома папулярнай беларускай актрысы тэатра і кіно Веры ПАЛЯКОВАЙ. Альбом так і называецца — “Актрыса”. Натуральна, мы не маглі абмінуць гэты факт і патэлефанавалі ёй.

 /i/content/pi/cult/137/817/Palyakova.jpg
— Вера, як сталася так, што ты — актрыса, запатрабаваная ў сучасным кіно, — раптам запела?
— Ну чаму адразу раптам?! Я спяваю з шасці гадоў. Доўгі час была салісткай у хоры “Пралеска” пры сярэдняй школе № 66 з харавым ухілам. Хор наш быў даволі папулярны, вакалам з дзецьмі займаліся сур’ёзна, і мы па тых сваіх “піянерскіх” часах вельмі шмат гастралявалі і выступалі публічна. Потым, калі мы з сям’ёй пераехалі на іншую кватэру, я ўжо не магла працягваць пець у тым хоры, але пачала займацца ў студыі фартэпіяна ў школе №136, якая потым рэарганізавалася ў тэатральны ліцэй. Ну а пазней, калі вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, крыху “закінула” свае вакальныя інтарэсы — на першы план выйшла акцёрская прафесія. Але ж не настолькі, каб забыцца на спевы ўвогуле.
— Дарэчы, а ў фільмах, дзе ты здымалася, даводзілася спяваць?
— А як жа! У стужцы “Яшчэ пра вайну” беларускага рэжысёра Пятра Крывастаненкі я выконваю песню “Снег”. Я нават атрымала за яе дзве ўзнагароды на фестывалях: разам з аўтарамі песні кампазітарам Алегам Елісеенкавым і аўтарам слоў Аленай Туравай — “Крыштальнага Бусла” на перадапошнім фестывалі нацыянальнага кіно ў Брэсце, а таксама на Фестывалі ваеннага кіно імя М.Озерава ў Чабаксарах.
— Але ж твой альбом складаецца не з кінапесняў. Як увогуле ўзнікла гэтая ідэя — заспяваць “усур’ёз”?
— Відаць, альбом гэты выспяваў даўно. З аўтарам песень Сяргеем Сухамліным мы былі знаёмы даволі даўно — яшчэ з часоў, калі ён запрашаў мяне прыняць удзел у перадачах на радыё, якія вёў разам з Янай Хадоска. Але больш цесным наша знаёмства сталася пасля таго, як мой прадзюсер “звёў” нас ужо з канкрэтнай мэтай — стварэння музычнага альбома. Мы пачалі працаваць, і, як мне здаецца, знайшлі агульную мову і агульную “хвалю”. Ды і тым, хто ўжо чуў гэтыя песні па радыё, яны падабаюцца.
— Пазнаюць?
— На жаль, далёка не заўсёды. У нас— не ведаю, чаму гэтак склалася,— айчынныя радыёвядучыя вельмі часта не лічаць патрэбным называць выканаўцаў. Вось расійскія FM-станцыі надзвычай актыўна “раскручваюць” сваіх выканаўцаў, штораз падкрэсліваюць, што гэта — “нашы”. А на беларускіх каналах часцей можна пачуць захапленні з нагоды чарговага “хіта” Дзімы Білана... Калі я выступаю са сваімі песнямі на канцэртах, людзі ў зале са здзіўленнем кажуць: “Мы ўжо чулі гэтую песню, але не ведалі, што спяваеце яе вы!”
— Тады, канешне, больш падрабязна распавядзі пра сваю “Актрысу”. Дарэчы, пры рабоце над альбомам хто “задаваў тон”: ты “замаўляла” кампазітару тую ці іншую тэму альбо даводзілася “абжываць” па-акцёрску ўжо напісаныя ім песні?
— У альбоме — дванаццаць запісаў. Усе яны розныя па сваёй стылістыцы: тут і джаз, і шансон, і лірычная песня пра Беларусь з дзіцячым хорам — яе, дарэчы, я выканаю на адкрыцці “Лістапада”. Не магу вызначыць для сябе якое-небудзь адно “амплуа” ў гэтых песнях. Імкнуся быць надзвычай рознай, новай і нечаканай у кожнай сваёй песні. Але, канешне ж, асноўная тэма альбома — гэта любоў ва ўсіх яе праявах.
Я ў захапленні ад працы з Сяргеем Сухамліным — яму ўдалося цудоўным чынам спазнаць мой характар. Мне дастаткова было толькі сказаць яму, што хвалюе мяне, над чым апошнім часам думаю. Праходзіць зусім няшмат часу, і ён прыносіць песню, якая цалкам адлюстроўвае мае разважанні і перажыванні.Так сталася з песняй “Актрыса”, якая дала назву ўсяму альбому,— яна напісана нібы пра мяне, але калі я выконваю яе ў нашым акцёрскім асяроддзі, літаральна ўсе мае калегі жаночага полу ўспрымаюць яе на ўласны рахунак!Ці ўзяць “Песню пра Беларусь”. Я шмат бываю на самых розных міжнародных кінафестывалях, і заўсёды прагну як найбольш расказаць пра нашу краіну, пра сваю радзіму. Але мне не хочацца скочвацца да банальнасцей кшталту “Беларусь — гэта лясочкі, буслы, пахілыя хацінкі ды “вечныя” лапці...”, бо я люблю сваю радзіму і бачу яе прывабнай, маладой і моцнай. І вось Сяргей напісаў песню літаральна пра майго сына — як ён прыходзіць да мяне і пытаецца: “Мама, раскажы мне пра нашу радзіму”...
— Калі б табе прапанавалі зняцца ў музычным фільме, ці рызыкнула б ты сумясціць акцёрскую працу з вакалам?
— Чаму б не? З задавальненнем! Чакаю прапаноў.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА