У кантэксце слова

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Працягваючы традыцыю творчых сустрэч у рэгіёнах краіны, прадстаўнічая дэлегацыя айчынных пісьменнікаў наведала Гомельшчыну, дзе пазнаёмілася з кіраўніцтвам рэгіёна, чытачамі, а таксама — з перадавым вопытам працоўных калектываў вобласці.

У прыватнасці, у фармаце "круглага стала" адбылася канструктыўная размова са старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Марынай Бондар, якая пазнаёміла гасцей з сацыяэканамічнай сітуацыяй у рэгіёне, дасягненнямі ў сферы культуры, у тым ліку — у кнігавыдавецтве.

На сустрэчы быў агучаны і шэраг прапаноў па папулярызацыі творчай спадчыны выбітных майстроў слова — ураджэнцаў Гомельшчыны. Так, па словах доктара філалагічных навук Івана Саверчанкі, сёння імя святога Кірылы Тураўскага вядомае далёка за межамі краіны. І пры гэтым, у Беларусі дагэтуль не выйшла поўнага Збору твораў выдатнага мысліцеля, у тым ліку факсімільных друкаваных копій яго рукапісаў. Ініцыятыва выдання на Гомельшчыне кнігі з творамі Кірылы Тураўскага ці нават асобнай серыі, куды б увайшлі казані і малітвы святога — як у арыгінале, так і ў перакладзе на беларускую мову, — падтрымана мясцовым кіраўніцтвам, тым больш, што не так даўно была заснавана літаратурная прэмія ў гонар гэтага святога.

Акрамя таго, Марына Бондар адзначыла, што будуць падтрыманы мясцовыя краязнаўцы, асабліва ў іх дзейнасці па вяртанні з гістарычнага нябыту імён выбітных асоб Гомельшчыны. Таксама плануецца заахвочваць на мясцовым узроўні і стварэнне прыватных музеяў народнага побыту ў аддаленых і "неперспектыўных" вёсках. Гэта, на думку старшыні Савета дэпутатаў, будзе садзейнічаць захаванню аўтэнтычнай культуры і спрыяць прыцягненню турыстаў у рэгіён.

Цэнтральным мерапрыемствам паездкі пісьменнікаў на Гомельшчыну стала творчая сустрэча з чытачамі ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя У.Леніна, дзе сабраліся аматары мастацкага слова не адно з абласнога цэнтра, але і з глыбінкі. Трэба адзначыць, што пісьменнікі не толькі расказалі пра ўласную творчасць, прачыталі ўрыўкі з сваіх работ, а і перадалі багатую калекцыю кніг у дар абласной бібліятэцы.

Але не толькі пытаннямі творчасці займаліся ўдзельнікі паездкі на Гомельшчыну. "Пісьменніцкі дэсант" змог пабачыць працэс стварэння кандытарскай і малочнай прадукцыі на прадпрыемствах Гомеля. Акрамя таго, прадпрыемства "Малочныя прадукты" разглядае магчымасць распачаць новую традыцыю: сумесна з культработнікамі праводзіць адмысловыя мерапрыемствы, да прыкладу, кірмашоў сыру, якія карыстаюцца велізарнай цікавасцю з боку заходнееўрапейскай публікі.

У Мазырскім раёне пісьменнікі наведалі і саўгас-камбінат "Зара". Да слова, паспяховае ў фінансавым плане прадпрыемства імкнецца падтрымліваць ініцыятывы Руднянскага сельскага дома культуры.

Вялікае ўражанне на дэлегацыю зрабіла знаёмства з мемарыялам у вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, створанага ў памяць ахвяр-дзяцей, забітых фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.