“Я — вандроўны энтузіяст!”

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Мсціслаў Дабужынскі і Віцебск

Яшчэ адно імя сусветна вядомага мастака першай паловы ХХ ст. засведчана на скрыжалях гісторыі культуры паслярэвалюцыйнага Віцебска — гэта Мсціслаў Валерыянавіч Дабужынскі. Бліскучы графік, арыгінальны сцэнограф, жывапісец, мемуарыст, ён правёў доўгае творчае жыццё ў вандроўках па свеце. Валодаў энцыклапедычнымі ведамі, меў шырокую артыстычную натуру і надзвычайнае мастакоўскае ўяўленне. А для нас Дабужынскі цікавы яшчэ і таму, што быў адным з настаўнікаў маладога Шагала і першым дырэктарам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча...

Мала хто ведае, што шляхецкі род Дабужынскіх (па бацькоўскай лініі) вядзе адлік з часоў ВКЛ — прыкладна з XIV — XV стст. Бацька будучага мастака — генерал-лейтэнант артылерыі рускай арміі Валерыян Пятровіч — нарадзіўся ў старадаўнім мястэчку Дабужы (літоўскі Дабуж’яй) Панявежскага павета Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, але заўсёды лічыў сябе патомкам ліцвінаў. І гэтую спадчынную памяць прывіў і свайму сыну, якому шмат распавядаў пра ліцвінскія карані роду, пра гісторыю ВКЛ ды яго геральдыку, бо быў таксама і заснавальнікам Літоўскага таварыства абароны даўніны. І нічога дзіўнага няма ў тым, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя яго знакаміты сын Мсціслаў стаў актыўным распрацоўшчыкам першага эскізнага праекта дзяржаўнага знака незалежнай Літвы — герба з выявай Віціса (“Пагоня”): сярэбраны коннік на чырвоным фоне з выкарыстаннем жоўтага колеру — найбольш папулярнага ў міфалогіі і фальклоры этнічных земляў Беларусі.

Маці мастака — Лізавета Цімафееўна Дабужынская (Сафійская) скончыла Пецярбургскую кансерваторыю і стала опернай спявачкай правінцыйнай сцэны. Праўда, у 1877-м, калі Мсціславу было ўсяго два гады, бацькі разышліся: генерал пабраўся шлюбам у другі раз — з нейкай Канстанцыяй Атонаўнай, а маці Мсціслава выйшла замуж за Івана Васільевіча Міхіна — таксама спевака, уладальніка маёнтка ў вёсцы Сямёнаўка Кірсанаўскага павета (цяпер — Інжавінскі раён) Тамбоўскай губерні. Там яна і пражыла да сваёй смерці ў 1919 годзе. Мсціслаў Валерыянавіч, якога выхоўваў бацька, тым не менш, пачынаючы з 1893-га, часта ў летнія месяцы прыязджаў пагасцяваць да маці, айчыма, зводных сястры і брата. Вельмі любіў маляўнічую Тамбоўшчыну, у тым ліку як “аб’ект” рысавання. Хаця на першым месцы “па любові” былі ўсё ж Вільня і Коўна (пасля 1917 г. — Каўнас). У Вільні ён скончыў Другую мужчынскую гімназію, дзе пазней падоўгу бываў; у Каўнасе, тагачаснай сталіцы Літвы, пражыў больш за дванаццаць гадоў (з перапынкамі), дзе ў 1924-м, лёгка даказаўшы сваё паходжанне, атрымаў, ужо ў незалежнай ад Савецкай Расіі краіне, літоўскае грамадзянства (да гэтага ён быў расійскім падданым)…

/i/content/pi/cult/401/8167/2-1.jpeg

Такім чынам, радавод мастака мае змяшаныя нацыянальныя карані. З боку маці, Лізаветы Цімафееўны, дачкі наўгародскага святара Цімафея Сафійскага, ён быў рускі. Дарэчы, Мсціслаў і нарадзіўся ў доме дзеда па вуліцы Прускай у Вялікім Ноўгарадзе 14 жніўня 1875 года, калі бацька, выхаванец пецярбургскага Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча, атрымаў званне паручніка лейб-гвардыі коннай артылерыі. Многія продкі з боку маці служылі ў праваслаўнай царкве. Праўда, у Ноўгарадзе маленькі Мсціслаў пражыў усяго месяц, а пасля сям’я перабралася ў Пецярбург.

З боку бацькі, як я ўжо казаў, прасочваюцца сцяжынкі, што вядуць да Вялікага Княства Літоўскага. Захаваўся цікавы дакумент — аўтабіяграфія дзеда мастака, Пятра Іосіфавіча, дзе адзначаецца: “…Генеалагічнае дрэва нашае, хаця і небагатае на плады, пачынаецца з паганца, чыстакроўнага ліцвіна (па-сучаснаму — беларуса. — Б.К.) Януша. Ён узведзены ў шляхецтва з мяшчанства каралём польскім з гербам “Праўдзіне” (“Pravdzine”)…” Бліжэйшыя продкі Дабужынскага ў Віленскай губерні на пачатку XIX ст. валодалі маёнткам Дабужы (ці не ад назвы маёнтка пайшло прозвішча Дабужынскіх?), але ён з неўдакладненых прычын быў страчаны, калі дзед Пётр, як кажуць, яшчэ хадзіў пад стол пешкі. З тае пары Дабужынскія жылі толькі на сродкі, атрыманыя ад службы альбо працы. А калі бацька мастака даслужыўся да чына генерала, ніякіх матэрыяльных праблем у сям’і не існавала. Адзіная праблема — частыя пераезды сям’і па краіне, звязаныя з воінскай службай Валерыяна Пятровіча: гарнізоны Малдавіі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, апошні — у беларускім Віцебску.

/i/content/pi/cult/401/8167/2-2.jpeg

Хаця, па сутнасці, у пару сталасці Мсціслаў Валерыянавіч лічыў сябе “грамадзянінам свету”, быў нібыта “сам па сабе” і істотна адрозніваўся ад сваіх братоў па цэху. Не паддаючыся ілюзіям і самагіпнозу, Дабужынскі валодаў строгім і цвярозым разуменнем жыцця. Іронія і сарказм, часцей за ўсё ўласцівыя яго часу, былі звыклай з’явай у работах мастака. Праўда, як кніжны ілюстратар і сцэнограф ён, натуральна, часцяком звяртаўся і да мінулых эпох, але ў карцінах, гравюрах, акварэлях ды малюнках зазвычай адлюстроўваў навакольны свет. Горад як перакрыжаванне лёсаў гісторыі і людзей, горад як поле надзей, трывог і драм доўгія гады заставаўся галоўнай тэмай у творчасці Мсціслава Дабужынскага. Што ён толькі ні маляваў: Парыж і Лондан, Пецярбург і Варонеж, Амстэрдам і Мілан, Ноўгарад і Чарнігаў, Падую і Неапаль, Кіеў і Нежын, Нью-Ёрк і Царскае Сяло, Маскву і Бругге, Вільню і Віцебск… Так, той самы патрыярхальна-правінцыйны Віцебск, апеты Шагалам і Юдовіным, Пэнам і Фалькам; Віцебск, які разам звязаў, хай і ненадоўга, моцнымі духоўнымі ніцямі лёсы Малевіча і Ермалаевай, Пуні і Багуслаўскай, Суэціна і Лісіцкага, Чашніка і Юдзіна…

Стыль Дабужынскага меў сваю лінію, і творца служыў ёй, нібыта бажаству. Яна была гнуткай у малюнках, у кніжнай ілюстрацыі, у застаўках і літарах — вілася, нібы вінаградная лаза, альбо слалася на канцы дробнай дужкай. Яго лінія была гатова абвіць усё на свеце, прарасці паўсюль, далікатна дакрануцца да пецярбургскага Ісакія, да мудрагелістых карнізаў віцебскіх драўляных дамоў, акрэсліць на ўскраіне Лондана гарбатыя формы моста над дарогай, прапаўзці, бы змяя, паўз ціхія віленскія і каўнаскія завулкі… Але сучасны горад з яго рэзка аголенай прозай тэхнічнага прагрэсу не даваў мастаку спакою, і ён ствараў свой містыка-сімвалічны вобраз гэтай пачвары, што падобная да турмы. Перад самым прыездам у Віцебск, напрыканцы снежня 1918 года, тэма горада-д’ябла, дзе пануюць нейкія невядомыя, варожыя чалавеку сілы, ужо знайшла сваё ўвасабленне ў ягонай серыі “Сновидения”.

Віцебск нібыта вылечыў Дабужынскага ад гэтай гарадской д’ябальшчыны, ад гэтага хаосу, аднастайнасці, маркоты. “Паэт лініі і рытму”, ён знайшоў на берагах Заходняй Дзвіны адкрытую прастору, светлы подых Космасу, спакой, правінцыйную ўтульнасць, зімовую некранутую прыроду, чыстае паветра. Мо таму Рэпін так любіў гэтыя мясціны, што на мяжы стагоддзяў без турбот пражыў у сваім віцебскім Здраўнёве некалькі гадоў…

Яшчэ ішла Вялікая вайна. А Дабужынскі як пацыфіст ненавідзеў і праклінаў яе, асабліва калі сам с алоўкам ды акварэльнымі фарбамі ў руках праехаў у 1914 — 1915 гадах па вайсковых шляхах Польшчы і Галіцыі ў санітарным цягніку. І ад брыдкасці вайны, што не дайшла да Віцебска, ягоная душа адпачывала. Так, горад над Заходняй Дзвіной займае у творчасці мастака сваё пэўнае месца. Магчыма, значна меншае, чым Вільня, Каўнас, Пецярбург, Лондан, але, прынамсі, цэлае пяцігоддзе жыцця (1918 — 1923) Дабужынскі “дыхаў” Віцебскам, пастаянна звяртаючыся да яго, хаця даўно ўжо там не жыў… Менавіта ў 1923-м ён у сваіх малюнках і літаграфіях апошні раз “успомніў” гэты горад, у якім прабыў усяго нічога: некалькі месяцаў. Але якія гэта былі месяцы, калі ў Віцебску зараджалася першая ў савецкай краіне дзяржаўная мастацкая ўстанова і распрацоўваліся цудоўныя праекты па арганізацыі, таксама першага, Музея сучаснага мастацтва, да якіх Дабужынскі меў самае непасрэднае дачыненне!

Дзіўна, што згадкі пра “віцебскі перыяд” Дабужынскага, хаця і зусім нядоўгі па часе, у савецкім мастацтвазнаўстве практычна адсутнічаюць. Толькі калі-нікалі сціпла адзначаецца, што ён з канца 1918 года да лютага 1919-га жыў у Віцебску і быў першым дырэктарам Мастацкага народнага вучылішча (яго потым змяніў Марк Шагал). Сапраўды, сам мастак у мемуарах не ўзгадваў Віцебск. Ну і што з таго? Фальк, Пуні, Багуслаўская ды іншыя мастакі-невіцябчане, для каго гэты спакойны горад быў нейкай “прамежкавай станцыяй” на кароткім шляху да новай старонкі творчага жыцця, таксама не ўзгадвалі “свой Віцебск”. На тое ў кожнага былі свае асабістыя прычыны. Але гэта не значыць, што той перыяд зусім не існаваў у іхніх біяграфіях. А як быць з творамі гэтых майстроў, хай і нешматлікіх, створаных менавіта на віцебскім матэрыяле? А з іхняй педагагічнай ды грамадскай дзейнасцю ў горадзе на Дзвіне?

Пытанняў — шмат. Мяркую, адказ можа быць адзіны: расійскім даследчыкам проста нявыгадна было “аддаваць” “сваіх” мастакоў на “водкуп” Беларусі. Бо і Шагал “віцебскага перыяду” доўгі час лічыўся цалкам рускім мастаком, няхай сабе — яўрэйскім, які нібыта выпадкова, толькі “дзякуючы Луначарскаму”, вярнуўся ў 1918 годзе да сябе на радзіму, што тады тэрытарыяльна ўваходзіла ў склад Расіі, а значыць…

Вядомы беларускі мастацтвазнаўца Віктар Шматаў у сваёй кнізе “Беларуская графіка. 1917 — 1941” (Мінск, 1975 г.) пісаў, што Дабужынскі ўпершыню наведаў Віцебск у 1909-м, засноўваючыся на тым, што менавіта ў гэтым годзе ён нібыта намаляваў сваю вядомую зімовую акварэль “Віцебск”. На першым плане — два высокія каменныя будынкі з шыльдамі пад белымі заснежанымі дахамі. Міма дома ідзе панурая адзінокая жанчына ў доўгай хустцы; іншая кабета, амаль запаўняючы сабой вузкую вулачку, сядзіць ля прыступкі, якая вядзе да дзвярэй крамы. Чорнымі вачыма глядзяць на нас вокны і дзверы дробных крамак гандляроў… Шырокая, вольная, сакавітая акварэль выканана цудоўна. У ёй дакладна перададзена атмасфера патрыярхальнага побыту нейкага куточка Віцебска.

Але Віктар Фёдаравіч памыліўся: гэты твор Дабужынскі напісаў з натуры на пачатку 1919 года, і раней у Віцебск ён ніколі не прыязджаў, пра што сведчыць поўны спіс усіх створаных ім работ, складзены ў 1984-м даследчыкам творчасці Дабужынскага Генадзем Чугуновым. Хаця, ведаючы “качавую” натуру мастака-вандроўніка, можна выказаць меркаванне, што ён мог па дарозе ў Вільню (альбо з Вільні) заехаць і ў старадаўні Віцебск у нейкія 10-я гады ХХ ст. і памаляваць там помнікі старадаўняй архітэктуры, якая заўсёды яго зачароўвала. Чаму б не? Так ці інакш, але будзем лічыць, што мастак трапіў у Віцебск менавіта напрыканцы 1918-га, калі яму споўнілася 43 гады. За плячыма засталіся віленская гімназія, пецярбургская вучоба ў Рысавальным класе Таварыства падтрымкі мастацтваў, вучоба ў прыватных мастацкіх студыях, поўны курс юрыдычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, заняткі ў мюнхенскіх акадэміях А.Ашбэ і Ш.Халошы, шлюб з Лізаветай Осіпаўнай Валькенштэйн, нараджэнне трох сыноў (першынец Косця памёр у маленстве) і дачкі, педагагічная дзейнасць у школе Званцавай, праца сцэнографам у антрэпрызе Дзягілева і ў розных часопісах Пецярбурга, шматлікія вандроўкі па еўрапейскіх краінах, сяброўства з К.Станіслаўскім, У.Меерхольдам, Ф.Камісаржэўскай, М.Горкім, К.Каровіным, А.Бенуа, Л.Бакстам, Ф.Шаляпіным, С.Рахманінавым. І — ніводнага дня без алоўка ды пэндзля…

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"