Кавалергарды полацкага генерала

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Легендарныя перамогі “сініх гусараў”

Гэтымі днямі ў Барысаўскім раёне праходзяць памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 200-годдзя вайны 1812-га і славутай пераправы войска Напалеона праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнка. Так, на Брылёўскім полі адбылося адкрыццё памятнага знака “Смутак і пакаленне”, у храмах раёна прайшлі багаслужэнні ў памяць пра тых, хто загінуў пад час драматычных падзей 200-гадовай даўніны.

У сувязі з памятнымі мерапрыемствамі варта згадаць і імя аднаго з герояў той векапомнай вайны — нашага земляка, які нарадзіўся ў сяле Сівошына, што непадалёк ад Полацка. Там жа, па іроніі лёсу, праз сорак дзевяць гадоў і загінуў: у жорсткім баі з напалеонаўскімі войскамі. І гэтыя дзве даты — нараджэння і смерці — назаўжды звязалі з Беларуссю генерала Якава Кульнева.

/i/content/pi/cult/401/8165/1-1.jpeg

Пра Кульнева складзена мноства легенд — унікальны выпадак, калі ўлічыць, што з дня смерці героя прайшло дзвесце гадоў. Лічыцца, што маці нарадзіла немаўля ў дарозе, у ноч з 24 на 25 ліпеня 1763-га на заезным двары. Дзяцінства Якава прайшло ў Люцыне, які ўваходзіў на той час у склад Віцебскай губерні. Але ўжо ў 1770-м сямігадовага Якава адправілі на вучобу ў Пецярбургскі сухапутны кадэцкі корпус. Прывілеяванасць гэтай навучальнай установы была своеасаблівай: кадэтамі маглі стаць толькі дзеці афіцэраў, якія вызначыліся пад час ваенных дзеянняў. Кульнеў скончыў корпус у 1785 годзе са срэбраным медалём “За стараннасць і поспехі ў вучобе”. Ён добра ведаў артылерыйскую справу і палявую фартыфікацыю, прычым не толькі тэарэтычна, але і на практыцы.

Новаспечанага паручніка накіравалі служыць у Чарнігаўскі пяхотны полк. Але Кульнеў імкнуўся ў кавалерыю. Ён падаваў адзін за адным рапарты, і ў рэшце рэшт дабіўся пераводу ў Пецярбургскі драгунскі полк. Высокі, хударлявы, шырокі ў касцях і злёгку сутулаваты малады афіцэр вылучаўся вясёлай натурай і душэўнай шчодрасцю. Ніводнага разу Кульнеў не ўдарыў свайго падначаленага. Тлумачыў ён гэта проста: “У баі мы ўсе роўныя — і салдаты, і афіцэры”.

У 1787 годзе пачаўся расійска-турэцкі канфлікт. Пецярбургскі драгунскі полк з’явіўся на тэатры баявых дзеянняў у 1789-м. На малдаўскай зямлі Кульнеў атрымаў сваё баявое хрышчэнне. Потым была польская кампанія 1794-га, калі расійскія войскі падавілі паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Затым — доўгія гады службы ў глухіх гарнізонах і ніякіх спадзяванняў на кар’ерны рост. Спробы вырвацца ў дзеючую армію аказаліся дарэмнымі. З’явіліся думкі пра адстаўку…

У 1806-м Напалеон цягам некалькіх месяцаў разграміў Прусію і гэтым практычна скончыў заваяванне кантынентальнай Еўропы. Незалежнай ад яго заставалася толькі Расійская імперыя. У склад Расійскай дзеючай арміі быў уключаны і гродзенскі гусарскі полк, якім у гэты час камандаваў Кульнеў. Так атрымалася, што яго полк накіравалі ў самае небяспечнае месца — у авангард. “Вечны маёр” паказаў нядобразычліўцам у розных штабах, што за адзінаццаць гадоў службы ў заштатных гарнізонах ён не развучыўся ваяваць. У баі каля горада Гутштата гусары Кульнева кавалерыйскімі атакамі садзейнічалі перамозе. У выніку — імянны рэскрыпт цара і ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені, якім быў узнагароджаны цяпер ужо падпалкоўнік Кульнеў. І ў далейшым Якаў Пятровіч дэманстраваў цуды гераізму, асабіста вёў свае эскадроны ў рукапашныя схваткі. Толькі дзякуючы яму полк не знішчылі ці паланілі ў бітве пад Фрыдландам пасля таго, як з-за памылак камандавання ён быў акружаны французамі. Кульнеў узначаліў некалькі дзясяткаў сваіх вершнікаў і прарваўся ў шэрагі ворагаў. Яго парыў натхніў гусараў, якія ўжо страцілі ўсякую надзею. Яны падтрымалі камандзіра і таксама прарваліся. Гэты подзвіг стаў вядомы ўсёй арміі. Кульнеў быў узнагароджаны ордэнам Святой Анны 2-й ступені. Зрэшты, яго асабісты гераізм не мог выправіць памылкі камандавання. Разбітая армія з рускага боку вымушана была адступіць. Гродзенскія “сінія гусары” (так называлі іх французы) былі сярод тых частак, якія прыкрывалі адступленне.

/i/content/pi/cult/401/8165/1-2.jpeg

Імя Кульнева стала вядомым. Аднак сапраўдная слава прыйшла да яго пазней. У 1808 г. пачалася вайна Расіі са Швецыяй. Наш зямляк удзельнічаў у ёй у якасці камандзіра асобнага кавалерыйскага атрада, які складаўся з гусараў і данскіх казакаў. Ён прымяняў пад час вайны партызанскія метады барацьбы, многія з якіх пазней актыўна выкарыстоўваліся супраць напалеонаўскіх войскаў.

Пасля заканчэння чарговай ваеннай кампаніі Кульнеў вырашыў, у рэшце рэшт, прызнацца ў каханні адзінай жанчыне, якая здолела абудзіць у ім гэтае пачуццё. Імя той жанчыны, вядомай даследчыкам як “мадэмуазэль Г.Пул…ва”, так і засталося невядомым. Герой не атрымаў адмовы — справа ішла да заручын. Аднак нявеста пачала настойваць на неадкладным, яшчэ да вяселля, выхадзе Якава Пятровіча ў адстаўку. Кульнеў запэўнівае каханую, што гэта пакуль немагчыма, тлумачыць, што над Радзімай навісла пагроза вайны з Напалеонам. Аднак мадэмуазэль няўмольная: яна хоча яго адстаўкі як доказу кахання. Адбываецца разрыў. У апошнім сваім лісце да яе ён піша: “…Нішто на свеце, нават само каханне, якое я да Вас адчуваю, не здолее ніколі адцягнуць мяне ад сардэчных пачуццяў бязмежнай любові да Айчыны… Зрабіўшы інакш, я заслужыў бы больш Вашу агіду, чым каханне…”

У студзені 1811-га Якава Пятровіча прызначылі камандзірам Гродзенскага гусарскага палка — таго самага, у шэрагах якога ён некалькі гадоў таму змагаўся з французамі. Першым сваім загадам новы кіраўнік забараніў гусарам насіць завушніцы ў вушах — традыцыю, перанятую ад французскіх кавалерыстаў.

Адчуванне вайны не падманула Кульнева: 12 чэрвеня 1812 года сілы Напалеона пераправіліся праз Нёман. Памылка ў дысклакацыі расійскіх войскаў прывяла да таго, што ім давялося адыходзіць. Гродзенскі гусарскі полк ішоў у складзе 1-й арміі, якой камандаваў таленавіты палкаводзец Міхаіл Барклай-дэ-Толі. Аднак непасрэдным камандзірам быў Пётр Вітгенштэйн.

Генерал-маёр Кульнеў узначальваў ар’ергард. Войскі Напалеона імкнуліся адрэзаць корпус Вітгенштэйна ад галоўных рускіх сіл. 16 чэрвеня маршал Удзіно дагнаў ар’ергард пад Вілкамірам і завязаў бой, які доўжыўся восем гадзін. Нягледзячы на тое, што французскі маршал кінуў у бітву вялікія сілы, атрад Кульнева здолеў адбіць усе атакі і далучыцца да корпуса. Гэта была першая перамога над французамі. 19 ліпеня атрад Кульнева адбіў у французаў захопленую імі вёску Клясціцы, пры гэтым ён захапіў увесь абоз Удзіно і больш за тысячу салдат праціўніка. На наступны дзень герой у азарце прадоўжыў наступленне. Ён разлічваў, што перад ім знаходзіцца толькі авангард французаў. І  — памыліўся, натрапіўшы на галоўныя сілы Удзіно. Варожы авангард быў разбіты. Гусары сталі пераследаваць тых, хто пабег, і трапілі ў пастку. Па іх ударылі карцеччу французскія батарэі, а з флангаў атакавала пяхота. Паражэнне палка падавалася несумненным. Аднак апантанасць камандзіра ўратавала гусараў і гэтым разам: ён сабраў іх “у кулак” і вырваўся. Адбіваючыся ад праціўніка, які літаральна “вісеў на хвасце”, атрад Кульнева адыходзіў да роднага Сівошына. Тут камандзіра і напаткала смерць…

Своеасаблівай эпітафіяй герою можа быць тэкст спецыяльнай дэпешы, якую адразу ж пасля гэтых падзей паслаў у Парыж Напалеон: “Адзін з найлепшых афіцэраў расійскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнеў забіты пад Дрысай”. У 1830 годзе на месцы гібелі Кульнева быў устаноўлены помнік з выбітым на ім урыўкам з верша Васіля Жукоўскага, прысвечанага гэтай легендарнай асобе.

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, Мікола БАГАДЗЯЖ