“Кнігарня” з буккросінгам Платныя паслугі з 1833 года

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Магілёўшчына: бібліятэчная перспектыва Дзесяць пытанняў да дырэктара ЦБС

На пытанні “К” адказвае дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна Ілона САРОКІНА. Бібліятэчную дзейнасць яна пачынала на сяле, прайшла ўсе прыступкі абранай прафесіі, асвоіла на практыцы. Таму яе меркаванні аб праблемах і перспектывах бібліятэчнай справы на Магілёўшчыне падаліся “К” цікавымі.

— Ілона Уладзіміраўна, наколькі эфектыўна ўстанова ўплывае на метадычную “ўзброенасць” ды актыўнасць раённых бібліятэк Магілёўшчыны?

— Бібліятэка наша распачала сваю дзейнасць у студзені 1935-га, і ўжо ў лістападзе таго ж года адзін з чатырох супрацоўнікаў выехаў у Дашкаўскую сельскую бібліятэку для аказання метадычнай дапамогі. Вось з гэтага часу мы і сталі метадцэнтрам для ўсіх устаноў вобласці… Натуральна, сёння імкнёмся наладжваць кантакты з сельскімі калегамі на ўзроўні творчага партнёрства. За год нашы метадысты робяць да сарака — пяцідзесяці выездаў у рэгіёны. Стымулюем актыўнасць бібліятэкараў тым, што ладзім самыя разнастайныя конкурсы. Скіроўваем калег на ўдасканаленне новых інфармацыйных тэхналогій, на максімальна эфектыўнае выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі.

/i/content/pi/cult/401/8163/1-2.jpeg

— Матэрыяльная стымуляцыя пры гэтым прадугледжана?

— Пераможцы атрымліваюць грашовыя прэміі ад мясцовых райвыканкамаў. Адпаведнага прэміяльнага фонду абласная бібліятэка, на жаль, не мае…

— Але ж па рэспубліцы і адваротных прыкладаў больш чым дастаткова…

— Прынамсі, пра бібліятэкараў нашай вобласці я такога не магу сказаць. Проста, кожны мае адрозныя ўмовы працы. Многае тут залежыць ад зоны абслугоўвання: ёсць установы, дзе супрацоўнік набірае чытачоў толькі з аднаго населенага пункта, а ёсць раёны (Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі…), дзе раскіданасць вёсак па зоне бібліятэчнага абслугоўвання — надзвычай вялікая…

— І што, такая “спецыялізацыя”, як “кніганоша”, застаецца па-ранейшаму надзённай?

— Так. Быццам бы архаіка, але… Бібліятэкар нясе кнігу для адзінокіх людзей, інвалідаў, састарэлых. І такія сустрэчы пераўтвараюцца ў святы.

— Ці шмат сярод бібліятэкараў Магілёўшчыны неспецыялістаў?

— Вельмі мала: у нас больш за 80 працэнтаў работнікаў маюць спецыяльную ці педагагічную адукацыю. Шмат завочнікаў нашага Магілёўскага бібліятэчнага каледжа. У нас з гэтай навучальнай установай  — самыя добрыя стасункі. Таму і факт перадпенсійнага ўзросту работнікаў бібліятэк не надта турбуе…

 — Прыпіскі ў чытацкіх фармулярах — з’ява рэдкая?

— Абласная бібліятэка — інстытуцыя не кантрольная і не караючая, а метадычная. Пры разглядзе форм уліку і справаздачнасці фактаў прыпісак пры мне не выяўлена.

— Ці ёсць у абласной бібліятэкі спонсары-мецэнаты?

— Асноўныя спонсары — чытачы. Наша ўстанова першай на Магілёўшчыне далучылася да руху буккросінгу… Праз рэзервны фонд выданні размяркоўваюцца і па рэгіянальных установах.

— Як вы лічыце, ці павінен быць у бібліятэк, асабліва — дзіцячых, план па аказанні платных паслуг?

— Для нас гэта цалкам прымальная сітуацыя: мы павінны зарабляць грошы. І ў нашым пераліку паслуг — ледзь не паўсотні іх відаў. Аднак кожны з іх датычыцца атрымання ці капіравання інфармацыі пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій. Усе гэтыя паслугі — запатрабаваныя, і для іх удасканалення нам і варта развіваць пазабюджэтную дзейнасць… Але ж я зусім не прыхільніца выдачы кніг за грошы. Дарэчы, першая губернская публічная бібліятэка ў 1833 годзе спрабавала браць грошы за карыстанне літаратурай — не атрымалася…

— У чым адметнасць творчых праектаў абласной і раённых бібліятэк? Што прапаноўваецца чытачу апрача кніжных выставак і сустрэч з мясцовымі пісьменнікамі?

— Натуральна, бібліятэкар цяпер не можа толькі выдаваць кнігі чытачу. Урэшце, ёсць маса іншых інфармацыйных рэсурсаў, і каб вытрымаць канкурэнцыю, самому бібліятэкару неабходна максімальна эфектыўна карыстацца імі. Лічу, што і сярод чытачоў бібліятэкар мусіць фарміраваць сучасную інфармацыйную культуру, ён павінен вучыць людзей хутка і дакладна адшукваць інфармацыю.

— Ці патрэбна рэформа ЦБС? Ці да месца гаворка не пра рэформу, а пра нейкія лакальныя ўдасканаленні сістэмы?

— Думаю, што сістэма, якая склалася, адпавядае сучасным патрабаванням. І гэта не толькі маё меркаванне — расійскія калегі таксама ўсвядомілі мэтазгоднасць бібліятэчнай цэнтралізацыі. У адваротным выпадку, маленькая сельская ўстанова не выжыве, а адзін сельскі бібліятэкар не здолее сумясціць у адной асобе функцыі і адміністратара, і творцы… А вось аптымізацыя сеткі з дэмаграфічных прычын — справа больш чым надзённая. Але скарачаць бібліятэкі неабходна не “зверху”, а “знізу” — праз сельсаветы, з абавязковым улікам чытацкіх пажаданняў і эфектыўным выкарыстаннем мабільных бібліятэчных устаноў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"