А статус міжнароднага?

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

“Халі-хало”: Гран-пры з Наваполацка — у Магілёў

З 15 па 17 лістапада ў гарадскім Палацы культуры Наваполацка адбыўся чарговы Рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-хало”.

Аднайменная дзіцячая гульня, якая васямнаццаць гадоў таму натхніла дарослых на ўнікальны творчы праект, сабрала на сцэне гарадскога Палаца культуры 45 удзельнікаў з 15 гарадоў Беларусі і расійскага горада Адзінцова — пабраціма Наваполацка.

/i/content/pi/cult/401/8161/1-1.jpeg

Па выніках конкурсу кампетэнтнае журы прысудзіла Гран-пры Валерыі Грыбусавай, юнай салістцы з Магілёва. А першыя месцы конкурсу занялі мінчане: у малодшай узроставай групе перамагла Эліна Матарас, у сярэдняй — Ганна Зайцава, а ў старшай — Кірыла Ермакоў.

Журы конкурсу ўзначаліў вядомы беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў, які ў 1995 годзе заваяваў першае ў сваёй творчай біяграфіі Гран-пры менавіта на наваполацкай сцэне, стаўшы тады абсалютным пераможцам “Халi-хало”. З тых часоў ён — часты госць Наваполацка, а ў сёлетнім конкурсе выступіў у якасці не толькі старшыні журы, але і музычнага кіраўніка праекта, а таксама прэзентаваў на сольным канцэрце свой новы альбом “Кніга адкрыццяў”. “К” пацікавілася у Пятра Ялфімава, як ён ацэньвае ўзровень канкурсантаў і перспектывы Рэспубліканскага конкурсу.

— Сёлетні конкурс, які з’яўляецца выдатнай стартавай пляцоўкай для творчых дзетак Беларусі, на маю думку, прайшоў на вельмі высокім узроўні, — адзначыў Пётр Ялфімаў. — У тым ліку і таму, што нарэшце выпрацавана прафесійнае Палажэнне аб правядзенні конкурсу, дзе выразна акрэслены ўсе патрабаванні да канкурсантаў. Таму сёлета не было паўтораў песень, “недзіцячых” кампазіцый і недапрацовак мінулага года. Асабліва прыемна было слухаць малых васьмі — адзінаццаці гадоў, якія ўжо не спявалі пра “няшчаснае каханне”, а, згодна з Палажэннем аб конкурсе, шчыра выводзілі песні з мультфільмаў ды дзіцячых кінастужак, што, натуральна, і адпавядае іх узросту. Што ж да далейшых планаў, дык хацелася б, зразумела, каб гэты дзіцячы конкурс паступова выходзіў на больш высокі ўзровень. У “Халі-хало” ўжо ёсць свая гісторыя, свае традыцыі, і, думаю, цалкам магчыма зрабіць гэты конкурс больш маштабным, надаўшы яму статус міжнароднага фестывалю.

На здымку: уладальніца Гран-пры Валерыя Грыбусава.