«Засада» з расадай

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Камандзіроўка ў Дубровенскі раён Віцебскай вобласці таксама дала і тэму для чарговага “Хэдлайну…”. Тэму, як быццам бы, не новую: выкананне плана платных паслуг. Але тое, якім чынам гэты даведзены план выконваюць у некаторых раёнах краіны, здзіўляе не толькі чытачоў, але і журналістаў.

Бібліятэчныя кветкі для плана

Напрыклад, наведаўшы Цэнтральную раённую бібліятэку Дуброўна, быў здзіўлены вялікай колькасцю кветак ва ўстанове. Аказалася, яны тут не толькі для прыгажосці: па словах бібліятэкараў, кветкі (а, дакладней кажучы, іхняя расада) дапамагаюць выконваць план платных паслуг. Кошт расады — не такі ўжо і вялікі: усяго тры — пяць тысяч рублёў за адзінку. Але ж узнікае лагічнае пытанне: ці да месца кветкавая расада ў бібліятэчных залах?

“К” ужо неаднойчы ўзнімала праблему выканання звышвысокіх планаў платных паслуг, якія і дасюль прадугледжаны ў Віцебскай вобласці. Бо, зразумела, бібліятэка павінна ў першую чаргу прывіваць малым і дарослым любоў да чытання, да Яе Вялікасці Кнігі, а не займацца не ўласцівай установе культуры дзейнасцю. Але… Мясцовым культработнікам даводзіцца выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці, каб сабраць неабходную колькасць грошай. Таму хтосьці знаходзіць выйсце ў продажы памідорнай ці кветкавай расады, хтосьці ўсталёўвае ў бібліятэчнай зале электронныя вагі, на якіх можна ўзважыцца за сімвалічную плату (называюць тое “Куток здароўя”), а нехта набывае роставыя фігуры і віншуе чытачоў з днём нараджэння на даму…

/i/content/pi/cult/401/8160/2-1.jpeg

Усе гэта выклікае ў шараговага наведвальніка ўстановы культуры зразумелую ўсмешку. Не кажу ўжо і пра тое, што падобная дзейнасць пэўным чынам прыніжае годнасць бібліятэкараў. Бо далёка не творчым крэатывам заняты яны, а, хутчэй, — пошукам спосабаў выжывання. Але ж дзе выйсце з гэтай праблемнай сітуацыі?

Грошы на тое, што “лепяць”…

Натуральна, самым лепшым выйсцем было б зніжэнне або ўвогуле адмена плана платных паслуг для бібліятэчных устаноў. З іншага боку, тыя ж дубровенскія бібліятэкары ўпэўнена казалі мне пра тое, што пазабюджэтныя сродкі дазваляюць вырашаць многія надзённыя пытанні ўстановы культуры. Ды і не толькі супрацоўнікі гэтай бібліятэкі, а і іншых, прычым не адно з Віцебскай вобласці.

Напрыклад, заробленыя грошы — гэта папера і фарбы для капіравальных апаратаў, а таксама — вельмі важная рэч! — папаўненне кніжных фондаў менавіта той літаратурай, якая карыстаецца попытам у чытачоў і якую не заўсёды можна займець за кошт бюджэту. Маю на ўвазе ў першую чаргу, новыя дэтэктывы і раманы пра каханне, што “лепяць” многія расійскія выдавецтвы.

Як бачна, бібліятэкары самі прызвычаіліся да таго, што цягам года маюць на руках “жывыя” грошы. І назваць звычку гэтую дрэннай язык ніяк не павернецца. Таму, хутчэй за ўсё, працягваць працаваць над папаўненнем сваёй пазабюджэтнай скарбонкі варта кожнай бібліятэцы Беларусі. Але як? Вядома ж, вельмі пажадана, каб не з дапамогай расады ці электронных вагаў.

Сваім вопытам у аказанні платных паслуг можа падзяліцца любы дырэктар ЦБС. У Маларыцкім раёне Брэстчыны прапаноўваюць сцэнарныя распрацоўкі для настаўнікаў, у Бярэзінскім раёне Міншчыны з-за адсутнасці краязнаўчага музея бібліятэкары праводзяць экскурсіі па горадзе, а ў Мастоўскай ЦРБ Гродзенскай вобласці наладзілі супрацоўніцтва з абласным відэапракатам, і прадастаўляюць за плату кінанавінкі …

Карацей, прынцып “Хочаш жыць — умей круціцца” трэба выкарыстоўваць напоўніцу. Патрэбны грошы — значыць, трэба пашукаць тую профільную нішу, якую пакуль не занялі канкурэнты. Для гэтага, зразумела, у ЦРБ патрэбна мець сваіх крэатыўшчыкаў, якія, часцей за ўсё, працуюць у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу.

І гэта добра, што такія аддзелы створаны ў кожнай раённай бібліятэцы. Менавіта ад працы гэтых маркетолагаў залежыць, наколькі будзе плённай дзейнасць бібліятэкараў па прыцягненні пазабюджэтных грошай, наколькі цікавай падасца іхні новы від платных паслуг жыхарам горада ці раёна. Але ж, натуральна, у гэтым плане варта кіравацца не словамі “ў бібліятэцы сыдзе ўсё”, а паводле ўжо згаданага мною прынцыпу: жадання прывіць любоў да кнігі.

Няўжо ж дрэнна, калі жыхар мястэчка прыйдзе ў бібліятэку і возьме паглядзець фільм пра старадрукі Беларусі, гісторыю заснавання Александрыйскай бібліятэкі або пра першадрукара Скарыну? Ці пакарыстаецца ў сваёй дзейнасці сцэнарнымі або метадычнымі распрацоўкамі бібліятэкараў, заснаваных на аб’ёмным фактычным матэрыяле, які захочацца вывучыць пасля ўжо самому? Прыклады можна доўжыць. А выснова тут можа быць толькі адна: тварыць у гэтым кірунку ніколі не позна. І без расады абысціся цалкам верагодна.

Ю.Ч.