Легендамі не каранаваны...

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

У творчым актыве гэтага мастака — больш двух дзесяткаў фільмаў, створаных на кінастудыі “Беларусьфільм”: ад першай стужкі “Восеньскія напевы” да апошняй “Аз воздам...” — дарога даўжынёю ў 45 гадоў! Размова ідзе пра вядомага мастака-пастаноўшчыка, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Яўгена Ганкіна, выстаўка якога пад назвай “Факты кінабіяграфіі” адкрылася 14 лістапада ў Музеі гісторыі беларускага кіно ў рамках XIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Да свайго 75-годдзя Яўген Маркавіч не дажыў усяго паўгода — сышоў ад нас 3 мая 1996-га. У канцы кастрычніка яму споўнілася б 85.

 /i/content/pi/cult/137/816/Gankin1.jpg

Яўген Ганкін і Уладзімір Высоцкі падчас здымак фільма “Я родам з дзяцінства”.
... Яўген Маркавіч 24-гадовым маладым чалавекам прыехаў у Мінск, маючы за плячыма дыплом мастака кіно ВГИКа і алма-ацінскі досвед працы з Сяргеем Эйзенштэйнам у “Іване Грозным” (быў памочнікам галоўнага мастака-пастаноўшчыка).
У экспазіцыі можна ўбачыць жывапісную карціну “Цень Грознага. Памяці С.Эйзенштэйна”, якую Я.Ганкін напісаў у 1990 годзе.
Фільм “Паўлінка” (1952 г.) быў, можна лічыць, першай ягонай работай, у якой ён прадстаў ужо цалкам дасведчаным прафесіяналам са сваім непаўторным “ганкінскім” почыркам. Акрамя эскізаў, дэкарацый, ён стварыў для гэтай карціны і эскізы касцюмаў.
Па-сутнасці, Я.Ганкін з’яўляецца першым мастаком, з якога пачынаецца бліскучая плеяда беларускіх майстроў — ягоных калег, пік творчасці якіх прыпадае на 1960 — 1970-я гады. Менавіта ў гэты перыяд кінастудыя “Беларусьфільм”, на мой погляд, уваходзіць у пяцёрку лепшых студый Савецкага Саюза.
Яўген Ганкін належаў да тых мастакоў, якія імкнуліся перадаць у эскізе і дэкарацыі не толькі характар і эмацыянальную своеасаблівасць літаратурнага і рэжысёрскага сцэнарыяў, але і знайсці адэкватнае вырашэнне зместу будучага фільма ў цэлым.
Канешне, ад першых карцін Ганкіна да апошніх, як гаворыцца, вялікая адлегласць, але яго лепшыя мастакоўскія работы, нягледзячы на рознасць тэматыкі і сюжэтыкі карцін, аб’яднаны асаблівай “ганкінскай” вастрынёй кампазіцыйнага пачуцця, асаблівым, асобасным і ашчадным стаўленнем да рэжысёрскай задумы і яе ажыццяўлення.
На выстаўцы прадстаўлены эскізы дэкарацый амаль усіх “галоўных” фільмаў Яўгена Маркавіча — ад карцін “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Чалавек не здаецца”, “Хлеб пахне порахам” да карцін “Кафедра”, “Яго батальён”, “Восеньскія сны”.
Асабіста мне надзвычай блізкія два ягоныя фільмы — “Я родам з дзяцінства” (рэжысёр — В.Тураў) і “Белыя Росы” (рэжысёр — Ю.Дабралюбаў). Павінен сказаць, што менавіта з гэтымі выдатнымі кінарэжысёрамі Ганкіну было асабліва лёгка працаваць, пра што мне неаднойчы Яўген Маркавіч распавядаў, калі я наведваў яго майстэрню на кінастудыі. З імі Я.Ганкін працаваў яшчэ і над шэрагам мастацкіх стужак, у тым ліку над дылогіяй “Партызаны” паводле А.Адамовіча (В.Тураў), “Восеньскія сны” паводле А.Дударава
 /i/content/pi/cult/137/816/Gankin2.jpg
 Эскіз да фільма “Аз воздам...”.
(Ю.Дабралюбаў) і інш.
Добра вядомы фотаздымак — Я.Ганкін і У.Высоцкі, з нагоды з’яўлення якога Яўген Маркавіч у свой час расказваў: “У фільме “Я родам з дзяцінства” ёсць эпізод, калі франтавік, які вяртаецца дамоў (яго ролю выканаў Уладзімір Высоцкі), сустракае на вакзале свайго суседа-хлапчука Жэньку.
Здымалі мы гэты эпізод на Гродзенскім вакзале. На адзін з запасных шляхоў падалі спецыяльны чыгуначны састаў, які я ўпрыгожыў лозунгамі, партрэтамі, зялёнымі галінкамі, — так былі ўпрыгожаны цягнікі ў вясенне-летнія дні пераможнага 1945 года. З прыступак такога цягніка і павінен быў сысці герой Высоцкага. Уладзімір звярнуўся да мяне: пакажыце той вагон, з якога я буду сыходзіць. Мы пайшлі ўздоўж чыгункі. Вакол стаялі людзі з масоўкі, якія павінны былі сустракаць цягнік з салдатамі. Нам насустрач бег асістэнт аператара з фотаапаратам. Высоцкі спыніў яго: “Ну што, пстрыкнеш?”. Той “пстрыкнуў”, а праз некалькі дзён падарыў мне фатаграфію. На здымку бачна, з якой цікавасцю масоўка назірае за любімым артыстам”.
 /i/content/pi/cult/137/816/Gankin3.jpg
 Эскіз да фільма “Белыя Росы”.
На прыкладзе творчасці Я.Ганкіна магу смела сцвярджаць, што прафесія кінамастака з’яўляецца самастойнай і глыбока своеасаблівай разнавіднасцю прафесіі мастака ўвогуле. Яго галоўная задача — стварыць матэрыяльны асяродак фільма не як нейтральны фон, не як просты паказ месца дзеі, а як элемент вобразнага рашэння карціны, які дапамагае раскрыццю зместу твора ў цэлым. Яго работа ў кіно — не проста работа ў нейкай ігравой прасторы, гэта — цэлыя сусветы, сусветы эмацыянальнага ўздзеяння, сусветы сацыяльнай арыентацыі, сусветы жыцця характараў у прапаноўваемых рэжысёрам абставінах. А ўзаемадзеянне чалавека і асяродка ў фільмах Ганкіна атрымала незвычайна шырокія магчымасці.
“Эмацыянальная камера” вельмі актыўна паказвала ўнутрыкадравае развіццё дзеі і дынаміку глядацкага вобраза.
20 лістапада ў 11.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно адбудзецца Дзень памяці Яўгена Маркавіча. Плануецца паказ дакументальнага відэафільма пра мастака “Легендамі не карануйце нас” (рэжысёр — Ф.Кучар). З успамінамі выступяць сябры і калегі майстра, а таксама яго ўдава, вядомая пісьменніца Лідзія Арабей. Дарэчы, Лідзія Львоўна падарыла музею каля 90 работ (эскізы дэкарацый, эскізы касцюмаў) свайго мужа.
У дні работы выстаўкі дэманструюцца (па жаданні наведвальнікаў) і фільмы, на якіх працаваў Яўген Маркавіч: “Хто смяецца апошнім”, “Нашы суседзі”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я родам з дзяцінства”, “Вайна пад дахамі”, “Сыны сыходзяць у бой”, “Жывы зрэз”, “Белыя Росы”.

Барыс КРЭПАК