Ці займее Дуброўна гадзіннікавы брэнд?

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Чаму магчымасці ёсць, а новых маштабных праектаў няма?

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Дубровенскі раён Віцебскай вобласці знакаміты, у першую чаргу, сваім міжнародным фестывалем, які сёлета ладзіўся на гэтай зямлі ўжо ў дзевятнаццаты раз. “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” зрабіліся папраўдзе “фішкай” раёна і, па словах старшыні мясцовага райвыканкама Анатоля Лукашова, узнялі імідж Дубровеншчыны не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Немалаважным з’яўляецца і тое, што сёлетняя падтрымка фестывалю з боку спонсараў аказалася даволі значнай: прыкладна 90 працэнтаў сродкаў на арганізацыю мерапрыемства выдаткаваў менавіта мясцовы бізнес.

Так што дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва ў раёне паступова выходзіць на новы ўзровень. Бо, на мой погляд, для прыцягнення пазабюджэтных сродкаў у дубровенскіх культработнікаў ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных рэзерваў. З іншага боку, трэба таксама адзначыць, што для больш паспяховага сацыяльнага партнёрства ў раёне не стае адпаведнай эканамічнай базы: тут працуе ўсяго некалькі буйных прадпрыемстваў. Выйсце з гэтай сітуацыі можа быць адно: не толькі выкарыстоўваць магчымасці мясцовага бізнесу, а і актыўна шукаць спонсараў за межамі раёна.

Дарэчы, менавіта так і робяць у мясцовым аддзеле культуры: яго супрацоўнікі не толькі развіваюць кантакты з прыватным бізнесам ды кіраўнікамі сельскіх гаспадарак раёна, але і выходзяць са сваімі прапановамі аб рэалізацыі сумесных праектаў да віцебскіх і сталічных бізнесменаў. Практыка, лічу, вартая пераймання і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Іншая справа, што маштабных акцый, здольных прыцягнуць увагу не толькі малога, але і буйнога бізнесу, на Дубровеншчыне, акрамя ўжо згаданых “Дняпроўскіх галасоў…”, пакуль бракуе. А яны, несумненна, маглі б яшчэ больш паўплываць на імідж раёна. Перакананы ў гэтым і старшыня райвыканкама, і кіраўнік мясцовага аддзела культуры.

Музей у кляштары

“Супрацоўніцтва з мясцовымі бізнесменамі неабходна ўсёй сацыяльнай сферы раёна,” — перакананы Анатоль Лукашоў. І з гэтымі словамі, натуральна, нельга не пагадзіцца. Тым больш, па словах старшыні райвыканкама, матэрыяльная база ўстаноў культуры Дубровеншчыны, асабліва ў сельскай мясцовасці, цяпер дазваляе ладзіць самыя разнастайныя, у тым ліку — маштабныя мерапрыемствы.

Мяркуйце самі: з дваццаці клубаў, якія маюцца ў раёне, за гады дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла было адрамантавана сямнаццаць! Менавіта столькі цяпер на Дубровеншчыне аграгарадкоў. Гэта, падаецца, самы высокі паказчык сярод раёнаў не толькі Віцебшчыны, але і Беларусі.

Ды, на думку Анатоля Лукашова, культработнікі пакуль не ў поўнай меры скарысталіся абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы клубных устаноў.

— Сфера культуры працуе ў раёне добра, але хочацца, каб цікавых ды адметных мерапрыемстваў было ў нас значна больш, — кажа кіраўнік раёна. — Напрыклад, упэўнены, можна было б правесці некалькі цікавых маладзёжных ці фальклорных фестываляў, а таксама больш актыўна папрацаваць на турыстычнай дзялянцы. Да слова, чаму б супрацоўнікам сферы не наладзіць продаж разнастайнай сувенірнай прадукцыі для турыстаў у кожнай гарадской краме? А для правядзення цікавых мерапрыемстваў можна было б і спонсараў адшукаць…

Дзеля справядлівасці адзначу, што ў слабым развіцці таго ж раённага турызму ёсць шэраг як суб’ектыўных, так і аб’ектыўных фактараў. Напрыклад, на Дубровеншчыне ўжо колькі гадоў ідуць размовы пра стварэнне свайго музея. Але ж воз і сёння там. Бо музейную ўстанову плануецца размясціць у будынку колішняга манастыра бернардзінцаў — помніку архітэктуры XIX стагоддзя, а на яго рэстаўрацыю, як гэта часта бывае, грошай не стае.

— Налета мы распачнём рэстаўрацыйныя работы на гэтым аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны, — мяркуе Анатоль Лукашоў. — Колькі гадоў таму мы накрылі будынак кляштара дахам, каб не разбураўся, а з 2013-га возьмемся за яго рамонт. Тым больш, у нас ужо сабрана блізу дванаццаці тысяч унікальных экспанатаў, таму паказаць турыстам будзе што…

Музей — гэта, вядома ж, патрэбная ўстанова для раёна, і турысты найперш кіруюцца менавіта туды. Але ж хочацца, каб ён быў адметны і незвычайны. Таму хачу ўнесці і сваю прапанову. Як вядома, у Дуброўне яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя была створана гадзіннікавая фабрыка — адна з лепшых у Еўропе. Прадукцыя тагачаснага прадпрыемства прызначалася для царскага двара, і толькі невялікая партыя гадзіннікаў трапляла ў продаж. Дык чаму б не “ажывіць” старонкі гісторыі і не стварыць Музей гадзіннікаў — са сваёй адметнай экспазіцыяй? Для развіцця названага брэнда можна было б, да прыкладу, зладзіць выстаўку-кірмаш гадзіннікаў з удзелам беларускіх і замежных прадпрыемстваў, майстроў ды калекцыянераў, абвясціць конкурс на лепшы малюнак ці на лепшую скульптурную кампазіцыю паводле гісторыі дубровенскіх гадзіннікаў, устанавіць у горадзе помнік Пятру Нардштэйну — таленавітаму шведскаму майстру, які і арганізаваў у даўнія часы тую вытворчасць… Карацей кажучы, пашчыраваць над стварэннем адпаведнага антуражу. Вось вам і цікавае ды адметнае мерапрыемства, якое можна зладзіць не толькі ў маштабах рэгіёна.

Прадоўжыць спіс таго, што можна было б зрабіць пад брэнд “раёна з музеем гадзіннікаў”, не цяжка. Ідэя, падаецца, ляжыць на паверхні, і, вядома ж, праз некаторы час падобны музей можа стаць яшчэ адной адметнасцю Дубровеншчыны. Зразумела, пад гэта можна было б прыцягнуць фінансы беларускіх вытворцаў. Чым не рэальны партнёрскі праект? Але ж ці будзе ён увасоблены ў жыццё? Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

РДР і пленэр

Пасля сустрэчы ў райвыканкаме не мог не зазірнуць у раённы Дом рамёстваў, каб запытацца ў кіраўніцтва ўстановы, ці здолее яно справіцца з пастаўленай задачай аб павелічэнні колькасці сувенірнай прадукцыі. Па перакананні дырэктара Дубровенскага РДР Алены Захаравай, пры сённяшнім штаце гэта наўрад ці можна будзе зрабіць. Тым больш, яе установа — маладая, дзейнічае з 2004 года, і мясцовыя майстры пакуль, як кажуць, “напрацоўваюць базу”: ствараюць вырабы з керамікі, саломкі, лёну і многіх іншых матэрыялаў.

Прадстаўленая ў РДР “база” папраўдзе ўражвае. Кажу гэта не галаслоўна, бо давялося пабываць у дзясятках падобных устаноў па ўсёй Беларусі. Колькасць разнастайных унікальных рэчаў, створаных мясцовымі майстрамі, — найвялізная. І здолее зацікавіць яна кожнага, нават самага патрабавальнага, турыста. Натуральна, супрацоўнікі пастаянна вырабляюць шмат сувеніраў да Міжнароднага фестывалю, але задаволіць вялікі попыт самастойна сапраўды не змогуць. Выйсце, па перакананні начальніка аддзела культуры Людмілы Дударавай, адно: працаваць у звязцы з мясцовым РАЙПА, якое, акрамя вырабаў з керамікі ці саломкі, магло б прадаваць майкі, наклейкі з эмблемай Дуброўна ды многія іншыя сувенірныя рэчы.

Дарэчы, няблага шчыруюць у РДР і са спонсарамі. У асноўным — з дырэкцыяй мясцовага льнокамбіната, які прадастаўляе для патрэб супрацоўнікаў такі неабходны для іх дзейнасці матэрыял. Але ж гэта толькі адзін спонсар, а праблем ва ўстанове, як кажуць, вышэй за дах: не хапае ганчарных кругоў, печы для абпальвання гліны, відэакамеры, ды і памяшканні — маленькія.

Унёс прапанову: наладзіць супрацоўніцтва з іншым Цэнтрам рамёстваў, які існуе на Століншчыне ў вёсцы Гарадная і пра які “К” таксама пісала ўжо. Кіраўнік названай установы Алімпіяда Леанавец пры дапамозе раённых ды абласных улад ужо правяла тры міжнародныя пленэры ганчароў, здабыла з дапамогай столінскага кіраўніцтва ды спонсараў і ганчарныя кругі, і найноўшую камп’ютарную тэхніку, і новую мэблю. Ды развівае свой праект далей: шчыруе над Домам ганчара, дзе можна і паесці з гліняных глечыкаў, і пераначаваць на старадаўнім ложку…

Чаму б дубровенцам не пераняць гэты вопыт ды не зладзіць міжнародны ці хаця б, для пачатку, абласны пленэр ганчароў, запрасіўшы на яго столінскіх майстроў-глінамесаў? Тым больш, Віцебшчына здаўна славілася сваім узорным стаўленнем да адраджэння народных рамёстваў, ды і сетка адпаведных устаноў тут — адна з найвялікіх. Натуральна, на падобнае мерапрыемства, пры наладжанай яго рэкламе, звярнулі б увагу не толькі жыхары Віцебскай вобласці, але і замежныя турысты. А ў тым, што пад такі маштабны праект удалося б прыцягнуць фінансавыя сродкі,  таксама не сумняваюся. Над прапанаванай мною ідэяй кіраўнік Дубровенскага РДР абяцала абавязкова падумаць.

Маркетынг у дзеянні

Зноў-такі, вярнуся да агучанай старшынёй Дубровенскага райвыканкама праблемы: нястачу ў раёне цікавых мерапрыемстваў і як вынік — з’яўленне рэзерваў у галіне дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Натуральна, не хачу сказаць, што мясцовыя культработнікі не ладзяць адметных акцый, падтрыманых спонсарамі. Прыкладам, у раённым Доме культуры конкурсы кшталту “Містэр Дуброўна”, “Шоу бландзінак”, “Бітва ды-джэяў” ладзяцца з пастаяннымі аншлагамі, а падарункі для мерапрыемстваў прадастаўляюць кіраўнікі арганізацый ці бізнесмены. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца ў жыхароў раёна так званыя флэш-віншаванні — з выездам на дом да імянінніка, альбо з якой іншай нагоды. Паслуга, дарэчы, — платная. А народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” часта гастралюе як у Дубровенскім раёне, так і за яго межамі, дадаючы неблагую капейчыну ў план платных паслуг… Карацей кажучы, прынцыпы “агрэсіўнага маркетынгу” прыносяць свой плён.

Гарадскія бібліятэчныя ўстановы таксама маюць чым уразіць патрабавальнага наведвальніка. Да прыкладу, колькі гадоў таму супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі распрацавалі праект “Сем цудаў Дубровеншчыны” — цікавы турыстычны маршрут, які і сёння карыстаецца попытам у жыхароў ды гасцей краю. Яшчэ адзін праект стартаваў ужо сёлета пад назвай “Разам з немаўляці нараджаецца маці”: гэта сустрэчы будучых і цяперашніх бацькоў з медыкамі, супрацоўнікамі сацыяльных служб, псіхолагамі… Падрыхтоўка падобных мерапрыемстваў, а таксама выданне шматлікіх буклетаў, закладак, памятак — заслуга супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі.

Няблага працуюць мясцовыя бібліятэкары і са спонсарамі. Напрыклад, значную колькасць спецыялізаваных кніг, часопісаў ды газет для бібліятэкі прадастаўляе раённая інспекыцыя па ахове навакольнага асяроддзя. Яна ж, дарэчы, паспрыяла і ў набыцці тэхнічнага абсталявання для ЦРБ. А кіраўніцтва мясцовага льнокамбіната адгукнулася на просьбу бібліятэкараў ды прафінансавала набыццё дываноў і мэблі.

Усё гэта сведчыць пра неабыякавасць і цікавую працу мясцовых культработнікаў. Але ж, на маю думку, варта імкнуцца пашыраць межы сваёй дзейнасці. І тут трэба задацца пытаннем: ці хапае аднаго маштабнага мерапрыемства (маю на ўвазе, натуральна, фестываль “Дняпроўскія галасы…”) для таго, каб засведчыць, што праца ў раёне вядзецца на высокім узроўні? Мабыць, так, калі ўлічыць, што ў некаторых аддзелах культуры не толькі міжнароднага, але і рэгіянальнага фестывалю часцяком зладзіць не могуць. Але ж адказаць на гэтае пытанне можна і адмоўна, калі ўзяць пад увагу сённяшні няпросты ў эканамічным плане перыяд развіцця нашай краіны і ведаючы пра тое, што мецэнаты прыйдуць туды, дзе будзе, што называецца, “буяць” цэлы россып цікавых праектаў…

Мабыць, нікога ўжо не трэба пераконваць у тым, што без адладжанага механізма дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва эканамічны складнік развіцця сферы культуры не толькі Дубровенскага, але і іншых раёнаў Беларусі будзе і далей заставацца на неадпаведным часу ўзроўні. А вырашыць названую праблему можна толькі пры зацікаўленым стаўленні да сваёй працы, праз пошук новых формаў работы і праз паспяховую рэалізацыю задуманага…

Экалагічны “лікбез”

У сельскай мясцовасці на спонсарска-мецэнацкай дзялянцы шчыруюць таксама даволі няблага. Пераканаўся ў гэтым, наведаўшы гарпасёлак Асінторф. Мясцовая сельская бібліятэка-цэнтр экалагічнай асветы здаўна супрацоўнічае з ужо названай мною раённай інспекцыяй па ахове навакольнага асяроддзя. І ўзаемадзеянне гэтае — узаемакарыснае.

— Наша сумесная праца вырасла з аб’ектыўных прычын, — распавяла загадчык бібліятэкі Галіна Благадзёрава. — Справа ў тым, што ў раёне пастаянна адбываюцца пажары на тарфяніках. Таму мы вырашылі падышаць экалагічную культуру жыхароў паселішча…

Супрацоўнікі стварылі ў бібліятэцы экалагічны гурток, з дапамогай якога праводзяць прыродазнаўчы “лікбез” не толькі сярод дзетак, а і сярод больш сталых людзей. А раённая інспекцыя выдзеліла грошы на закупку патрэбнай літаратуры экалагічнай тэматыкі, стэлажоў, дапамагла ў афармленні ва ўстанове дыярамы, дзе прастаўлены раслінны і жывёльны свет Дубровеншчыны. У наступным годзе паабяцалі бібліятэкарам фотаапарат і відэкамеру.

І праца ўжо дала свой вынік: на тэрыторыі сельсавета рэгіструецца нашмат менш пажараў, чым было яшчэ дзесяць гадоў таму. Але дзейнасць па выхаванні экалагічнай культуры ў мясцовага насельніцтва супрацоўнікі ўстановы спыняць не збіраюцца: пастаянна ладзяць пасяджэнні экалагічнага клуба “Пралеска”, сумесна з лясгасам і мясцовымі школьнікамі ходзяць у рэйды па экалагічных сцежках, а таксама паўдзельнічалі ў выпуску выдання “Чырвоная кніга Дубровеншчыны”…

А сёлета пры бібліятэцы прайшоў раённы экалагічны семінар, які наведалі супрацоўнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Ад’язджаючы, яны падарылі ўстанове мноства гербарыяў, чучалы птушак ды іншыя прадметы для папаўнення “экалагічных фондаў”. Як бачна, брэнд установы працягвае прыносіць мясцовым бібліятэкарам свае дывідэнды. Чаму б не пераняць гэты вопыт і іншым сельскім бібліятэкам краіны? Магчыма, пры рэалізацыі сумесных праектаў з мясцовымі экалагічнымі арганізацыямі можна было б не толькі зменшыць колькасць пажараў у лясах ды на тарфяніках, але і паспрыяць у развіцці на Беларусі экалагічнага, “зялёнага” турызму, займеўшы з гэтага, натуральна, неблагія фінансавыя сродкі. Яшчэ адна ідэя, над рэалізацыяй якой варта, на мой погляд, падумаць у кожным аддзеле культуры краіны.

Рамонт ад інвестара

Натуральна, гэта не адзіны праект, падтрыманы з боку сацыяльных партнёраў як у бібліятэцы, так і ў мясцовым СДК. Кіраўніцтва і супрацоўнікі гэтых дзвюх устаноў, дарэчы, не канкурыруюць паміж сабой, а працуюць у творчым тандэме. І плён ад падобнага ўзаемадзеяння — навідавоку. Напрыклад, вялікую дапамогу культработнікам аказвае мясцовы ўраджэнец, а цяпер сталічны бізнесмен Сяргей Петкуноў. Дзякуючы ягонай дапамозе бібліятэка прыдбала новыя карнізы, фіранкі, дываны, а прылеглая да СДК тэрыторыя была ўпарадкавана.

/i/content/pi/cult/401/8159/1-2.jpeg

Яшчэ адна спроба папрацаваць з мецэнатамі і пашырыць іх кола, была зроблена супрацоўнікамі сферы мясцовай культуры таксама сёлета: яны размясцілі аб’яву ў Інтэрнэце пра вечар — сустрэчу выпускнікоў школы ды мясцовых ураджэнцаў у сувязі з 340-годдзем паселішча. На свята пасёлка з’ехаліся дзясяткі людзей. Пад час акцыі клубнікі ды бібліятэкары зладзілі для гасцей вялікі канцэрт, пачаставалі мясцовымі прысмакамі, паказалі вырабы майстроў народнай творчасці… Не варта і казаць, што ўзрадаваныя ўвагай госці самі прапаноўвалі дапамагчы і мясцоваму дзіцячаму садку, і царкоўнаму прыходу, і, натуральна, сферы культуры: закупілі падарункі для ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў, зладжаных клубнікамі ды бібліятэкарамі. Таму цяпер, дзякуючы названаму мерапрыемству, у мясцовых культработнікаў замест аднаго спонсара — ужо шэсць мецэнатаў, згодных на пастаяннае супрацоўніцтва.

Яшчэ адзін спонсар — дырэктар філіяла “Віцебскэнерга”, чыё прадпрыемства знаходзіцца на тэрыторыі мясцовага сельсавета, — дапамог з рамонтам і рэканструкцыяй будынка бібліятэкі. Так што ўзаемакарысная праца з мецэнатамі для мясцовых культработнікаў — не ў навіну.

І апошняе. Сельскі дом культуры пасёлка Асінторф цяпер будуецца, што называецца, “з нуля” за кошт сродкаў як раённага, так і абласнога бюджэту. Як запэўніў “К” старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў, будаўніцтва плануецца завяршыць ужо да канца 2013 года. Гэтай даты, вядома ж, асабліва чакаюць як жыхары пасёлка, так і мясцовыя клубнікі. Ім, дарэчы, сёння даводзіцца туліцца ў непрыстасаваных памяшканнях аднаго з мясцовых інтэрнатаў. Колькі ж спонсараў здолеюць “адшукаць” мясцовыя культработнікі, калі пераедуць у новы будынак? Пэўна, не адзін дзясятак…

Едучы з Дуброўна, гартаў шыкоўна выдадзеныя альбомы, буклеты ды паштоўкі, якія распавядалі пра жыццё раённа, у тым ліку пра яго культурны ды турыстычны складнік. Па словах Людмілы Дударавай, бюджэтных грошай пад гэтыя выданні не было выдаткавана ні капейкі — усё заплацілі спонсары. Яшчэ адзін доказ таго, што працаваць з мецэнатамі на Дубровеншчыне ўмеюць. Справа цяпер за малым: развіваць гэтую дзейнасць і надалей, ствараючы новыя адметныя акцыі з прыцэлам на інвестара. У тым, што падобныя маштабныя мерапрыемствы прынясуць плён абодвум бакам, сумнявацца не даводзіцца. Пра гэта, дарэчы, сведчыць і каштарыс сёлетняга Міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”…

Галерэя спонсараў ад “К”

"Маштабнае мерапрыемства? Падтрымаю!"

Пра дзейнасць культработнікаў у аграгарадку “Баброва” “К” пісала колькі гадоў таму. Паселішча адметнае тым, што тут месціцца бібліятэка — музей лёну. Да таго ж, бібліятэкар Аксана Хмялёва разам з дырэктарам мясцовага СК Валянцінай Храпко з’яўляюцца сябрамі аматарскага аб’яднання “Дубровенскія прысмакі”, што пастаянна дэманструе кулінарныя здольнасці ўдзельнікаў пад час многіх раённых мерапрыемстваў, а таксама — для гасцей “Дняпроўскіх галасоў…”. Стравы — пальчыкі абліжаш!

/i/content/pi/cult/401/8159/1-1.jpeg

Маюць культработнікі і неблагія стасункі са старшынёй мясцовай гаспадаркі. Аляксандр МУРАШКІН хоць і малады дырэктар ААТ “Баброва-агра”, але ж дасведчаны ды кампетэнтны ў сваёй галіне. Дый не толькі ў сваёй: пастаянна клапоціцца пра сацыяльную сферу паселішча, выдаткоўвае сродкі на набыццё кніг для мясцовай бібліятэкі, а таксама заўсёды ідзе насустрач дырэктару клуба пад час правядзення шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзяцца ў СК.

— Наша арганізацыя — самая буйная ў раёне, а заробкі ў нашым ААТ — вышэй за сярэднераённыя ў сельскай гаспадарцы, — кажа Аляксандр Мурашкін. — Гэта і пачэсна, і адказна. Таму ўвага як да гаспадаркі, так і да мясцовай сацыяльнай сферы ў мяне заўсёды вялікая. Прыкладам, не так даўно на добраўпарадкаванне прылеглай да клуба тэрыторыі выдаткавалі блізу 200 мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, — немалая…

— Узаемакарысныя стасункі з мясцовымі клубнікамі, як бачна, наладжаны добрыя. Чаго яшчэ чакаеце ад культработнікаў? Можа, варта было б зладзіць на базе ўстановы культуры які-небудзь маштабны фестываль? Да прыкладу, рэгіянальнае кулінарнае свята “Дубровенскія прысмакі”? Балазе супрацоўнікі ў вас — кулінары, як кажуць, ад Бога…

— Маштабны фестываль? Чаму б і не? Будзе ініцыятыва ад культработнікаў — абавязкова яе падтрымаю. Я чалавек малады, мне хочацца, каб пра нашу гаспадарку ды пра нашы праекты ў сацыяльнай сферы пісалі і гаварылі, каб мы, што называецца, “гучалі” не толькі на ўзроўні раёна. Таму, паўтаруся, фінансавую падтрымку цікавай і адметнай акцыі я гарантую. А для рэзанансу на рэспубліканскім узроўні можна запрасіць “Культуру”. Перакананы: рэклама і вядомасць мерапрыемства пры падобнай умове нам забяспечаны!..

Справа знойдзецца

Пра дапамогу сацыяльнай сферы пасёлка Асінторф з боку сталічнага прадпрымальніка Сяргея ПЕТКУНОВА, які на сёння з’яўляецца намеснікам дырэктара ТАА “Тэхмантажаўтаматыка”, я ужо пісаў. Вярнуўшыся ў Мінск, пацікавіўся ў бізнесмена пра яго бачанне перспектыў далейшага партнёрства з установамі культуры Дубровеншчыны.

— Асінторф — гэта мая радзіма, таму дапамагаць мясцовым клубнікам, бібліятэкарам, настаўнікам — лічу, мой абавязак, — адзначыў Сяргей Петкуноў. — Ды і як не дапамагчы той жа бібліятэцы, куды ў маленстве і юнацтве хадзіў за кнігамі, спазнаваў новае? Таму мая падтрымка сацыяльнай сферы будзе працягвацца і ў далейшым. З бліжэйшых планаў — выдаткаваць кіраўніцтву Асінторфскага дома культуры грошы на закупку навагодніх падарункаў, а для бібліятэкі — набыць новую неабходную літаратуру. Таксама ў наступным годзе ўжо запланаваў ахвяраваць грошы на ўпарадкаванне тэрыторыі мясцовых могілак. Знойдзецца, упэўнены, яшчэ шмат пільных і неадкладных спраў, якія запатрабуюць свайго вырашэння. Але гэта добра. Бо калі ты бачыш, як у тваім родным паселішчы паляпшаецца жыццё людзей, дык што можа быць лепш?..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Дубровенскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"