Ці такую “Клеапатру”мы чакалі?

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Эх, не цэнім мы свайго!, або Хацелася большага, чым выкананне рухаў…

“Клеапатра”! Гэтая балетная назва некалькі апошніх гадоў не сыходзіла з вуснаў дасведчаных аматараў харэаграфічнага мастацтва. Нарэшце, 17 лістапада на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі мы ўбачылі прэм’еру, але іншай “Клеапатры” — з падвойнай назвай “Клеапатра — Іда Рубенштэйн”. Гэты паказ адбыўся ў рамках маштабнага праекта Андрыса Ліепы “Рускія сезоны XХI стагоддзя”.

Сусветная прэм’ера гэтага спектакля адбылася сёлета ў ліпені — у Парыжы, дзе прайшло ўсяго чатыры паказы. Пяты і шосты — убачылі мінчане і госці нашай сталіцы. Масква ўбачыць гэты спектакль куды пазней — толькі 11 снежня, так што маем ганарыцца гэтай пальмай першынства.

“Клеапатра — Іда Рубенштэйн” паказвалася ў другім аддзяленні вечара. Першае ж склала “Шапэніяна” — таксама ў выкананні расійскіх артыстаў Вялікага, Марыінскага тэатраў і “Крамлёўскага балета”. Удзячная публіка атрымлівала асалоду ад чыстай класікі, але скептыкі маглі заўважыць не толькі некаторыя недакладнасці. Галоўнае — хацелася чагосьці большага, акрамя проста выканання рухаў: той звыш адухоўленасці, без якой гэты балет не ўспрымаецца сімвалам рамантызму.

Ідэя ўсяго вечара і спектакля “Клеапатра — Іда Рубенштэйн” належыла самому Андрысу Ліепе: у 1909 годзе ў рамках тагачасных “Рускіх сезонаў” быў паказаны балет “Клеапатра” ў пастаноўцы Міхаіла Фокіна. Цэнтральную партыю ў ім выконвала Іда Рубенштэйн — не столькі артыстка балета (яна ёй ніколі не была), колькі проста — Артыстка. Менавіта так, з вялікай літары. Цяперашні балет — не столькі пра саму царыцу Егіпта, колькі пра тую вялікую актрысу і танцоўшчыцу. У яе ролі і выступіла Ілзэ Ліепа.

/i/content/pi/cult/401/8158/2-4.jpeg

Уласна кажучы, на ёй адной трымаецца і ўвесь цяперашні спектакль. У ім выкарыстана музыка розных кампазітараў, з’яднаная па прынцыпе гэткіх нарэзак. Таму спалучэнне аказваецца не заўсёды натуральным. Харэаграфія Патрыка дэ Бана не вылучаецца асаблівымі лексічнымі знаходкамі — у ёй пераважаюць “агульныя формы руху”, блізкія да неакласікі. Дый сам балет аказываецца прысвечаны гісторыі стварэння той, фокінскай, “Клеапатры”, завяршаючыся быццам бы “адноўленым” фрагментам з яе. Ілзэ Ліепа — найталенавітая артыстка, здольная ўдыхнуць жыццё ў любую харэаграфію. Ужо з моманту з’яўлення гэтай танцоўшчыцы на сцэне пануюць такія энергетыка ды зачараванне, якія не могуць пакінуць нікога абыякавым. Яе пластыка, позірк, кожны рух — усё насычана зместам. Астатняе дзеянне балета нагадвае харэадраму: нам старанна пераказваюць гісторыю. Пры гэтым гісторыя балетнага мастацтва аказваецца чамусьці “перапісанай”: такія сапраўдныя, непераўзыдзеныя зоркі балетнага мастацтва пачатку XX стагоддзя, як Тамара Карсавіна, Браніслава Ніжынская і Ганна Паўлава, выступаюць быццам у “падтанцоўцы”, у гэткім “кардэбалеце” ззаду прымадонны — Іды Рубенштэйн. Ці ж такую “Клеапатру” мы чакалі?

“Клеапатру” чакаць мы пачалі яшчэ да рамонту нашага тэатра, але той пачаўся так раптоўна, што прэм’ера адбыцца не паспела, нягледзячы на падрыхтаваную сцэнаграфію Вячаслава Окунева. Потым усе чакалі адкрыцця тэатра пасля рэканструкцыі — менавіта гэтай прэм’ерай. Але пасля сыходу з тэатра Валянціна Елізар’ева, які выступаў аўтарам ідэі і харэографам-пастаноўшчыкам гэтага балета, надзеі ўбачыць спектакль сталі яшчэ больш аддаленымі. Нарэшце мы гэты балет “убачылі” ў філармоніі — дзякуючы маэстра Аляксандру Анісімаву, які не толькі стварыў літаратурна-музычную кампазіцыю паводле партытуры знанага беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова, але і дазволіў нам адчуць усю яе пластыку. І тыя ўражанні былі нашмат больш яркімі, чым ад цяперашніх “Рускіх сезонаў…”. Эх, не цэнім мы свайго! Але, я ўпэўнена, пройдзе час, і хтосьці, магчыма, паставіць балет пра гісторыю стварэння елізар’еўскіх спектакляў. А што? Вельмі добрая тэма! Так, як сёння, у пачатку XXI стагоддзя, да нас вяртаюцца “Рускія сезоны ў Парыжы” стогадовай даўніны, так і праз якую колькасць гадоў нехта будзе вяртаць “Елізар’еўскую эпоху ў Беларусі”. Паралелі напрошваюцца самі сабой. Так, як тады ўвесь свет загаварыў пра рускі балет, гэтак жа і сёння беларускі балет у свеце асацыіруецца, найперш, з прозвішчам гэтага вялікага харэографа. Вось толькі няма пакуль у нас сваіх, беларускіх, дзягілевых і ліепаў — тых прадзюсараў, якія ўмеюць ацаніць спадчыну і прасоўваць яе як адметны праект. “Клеапатра”: дубль… які?

Н.Б.

На здымку: Ілзэ Ліепа ў ролі Клеапатры.