Эксперыменты ад "Крупіцкіх..."

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Народны ансамбль “Крупіцкія музыкі” адзначае юбілей. Святочны канцэрт адбыўся ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

Афіцыйная частка складалася з віншаванняў, відовішчная — з вакальных і харэаграфічных кампазіцый. Артысты пачулі добрыя словы ад Міністэрства культуры, прадстаўнікоў абласной і раённай улад, калег па творчым цэху. Словы ад кіраўніцтва рэгіёнаў былі падмацаваны матэрыяльнай даважкай у выглядзе фінансавай дапамогі творчаму працэсу. Рашэнне на гэты конт ёсць, выдаткаваныя сродкі “Крупіцкія музыкі” маюць атрымаць бліжэйшым часам.

/i/content/pi/cult/401/8157/2-3.jpeg

Канцэрт прайшоў з вялікім поспехам. Адчувалася, што ў зале сабраліся людзі, неабыякавыя да народнай культуры, а канкрэтна да “Крупіцкіх музыкаў” — прыязныя. Пасля канцэрта карэспандэнт “К” гутарыў з мастацкім кіраўніком ансамбля Наталляй Лісіца. Гаворка датычылася найперш творчых планаў калектыву.

Ансамбль наведаў два дзясяткі краін у Еўропе і Азіі, а ў найбліжэйшы час плануе вялікія гастролі па Беларусі. Зараз вырашаюцца звязаныя з гэтым арганізацыйныя і фінансавыя пытанні. Другое пытанне: ці будуць “Крупіцкія музыкі” абнаўляць рэпертуар, уласны імідж? Наталля Лісіца нагадала, што сённяшні сцэнічны вобраз ансамбля склаўся не адразу. Яе папярэднік — стваральнік “Крупіцкіх музыкаў” Уладзімір Гром — шмат эксперыментаваў: з фальклорам, вясковым і гарадскім, з класікай і шляхецкай культурай. Здаецца, ён паспрабаваў усё, што толькі можна. І ў выніку — ансамбль займеў уласны стыль, непаўторнае творчае аблічча ды ўласную публіку, што любіць “Крупіцкіх музыкаў” менавіта такімі, якія яны ёсць. "Артысты ансамбля здольны рабіць усё, што сёння запатрабавана на рынку відовішчаў. Але хочацца застацца самімі сабою,” — кажа спадарыня Лісіца.

Дарэчы, гэта першы юбілей, які калектыў сустракае без Уладзіміра Грома. Ягонае імя носіць Крупіцкі цэнтр культуры.

На здымку: выступаюць “Крупіцкія музыкі”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"