Гід па Мінскім трыенале

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Касмічны карабель у чаканні пасажыраў: 23 лістапада ў Мінску стартаваў галоўны арт-праект года ў сферы сучаснага мастацтва

Выставачны павільён на сталічным праспекце Пераможцаў толькі знешне захаваў свае пазнавальныя абрысы. Пасля рэканструкцыі ён ператварыўся ў сапраўдны палац, дзе тандэтную бетонную падлогу замяніў мармур. І сімвалічна, што новае жыццё гэтага будынка пачалося менавіта з мастацтва.

/i/content/pi/cult/401/8152/1-1.jpeg

— Уявіце сабе, быццам вы трапляеце на вялізны касмічны карабель, гатовы да старту, — вітае нас ля ўвахода ў павільён “БелЭКСПА” куратар Трыенале Віктар Альшэўскі. І хутка пераконваешся ў тым, што такія асацыяцыі — сапраўды дарэчы.

10 асобных выставачных праектаў, 13 тэатральных калектываў, 117 удзельнікаў... Статыстыка сведчыць сама за сябе. Хаця куратар падзеі па-ранейшаму наракае на тое, што выставачнай плошчы ў тры тысячы квадратных метраў не хапіла на тое, каб прадставіць работы ўсіх, хто гэтага варты.

/i/content/pi/cult/401/8152/1-2.jpeg

Экспазіцыю Трыенале адкрываюць творы Уладзіміра Цэслера. Без сумневу, такі выбар — невыпадковы: ён нагадвае, што і ў айчынным сучасным мастацтве ўжо ёсць свае класікі. Да гэтай кагорты без сумневаў можна аднесці і Руслана Вашкевіча, які прадстаўлены на Трыенале асобным “аўтарскім” павільёнам “Візуальны спектакль”, прадэманстраваўшы даволі арыгінальны экспазіцыйны ход: наведвальнікі могуць не толькі знаёміцца з карцінамі, але і назіраць за іншымі гледачамі.

— Самі прасторавыя ўмовы дазволілі мне праэкспанаваць тыя творы, якія папросту не змяшчаліся ў іншыя залы, — распавёў мастак.

/i/content/pi/cult/401/8152/1-3.jpeg

Парад мэтраў працягвае і павільён скульптуры, дзе прадстаўлены такія розныя аўтары, як Валянцін Борзды, Канстанцін Селіханаў, Аляксандр Шапо, Андрэй Вараб’ёў... Іх суседства дазваляе ўбачыць сапраўдны зрэз гэтай мастацкай з’явы на яе сучасным этапе. А вось частка выставачнай прасторы, прысвечаная фатаграфіі, атрымалася надзвычай цэласнай: яе куратар Таццяна Стрыга прапанавала тэму “Героі свайго часу”, абраўшы пераважна тых творцаў, якія вызначаюцца па-мадэрнісцку глыбокім аўтарскім бачаннем.

/i/content/pi/cult/401/8152/1-4.jpeg

Нягледзячы на тое, што Трыенале называецца мінскім, яно аб’яднала мастакоў, не раўнуючы, з усёй Беларусі, прычым аўтары з рэгіёнаў зусім не пакрыўджаны ў плане рэпрэзентатыўнасці. Асобая ўвага гэтым разам была нададзена Віцебску, дзе ўжо колькі дзесяцігоддзяў таму з’явіліся сапраўдныя пераемнікі славутых традыцый УНОВИСа (гучыць крыху дзіўна для авангарда, але...). Адзін з лідараў гэтага руху — жывапісец Васіль Васільеў выступіў куратарам праекта “Абстракт”, што садзіночыў амаль сорак работ аўтараў розных пакаленняў.

Пад час планавання Трыенале асаблівы акцэнт рабіўся перадусім на ўвагу да творчай моладзі. Без сумневу, апошняй адведзена пачэснае месца на гэтай падзеі. Малады куратар Кацярына Лісіцына прадставіла праект “Kaleidoskope” — сінтэз дызайну, відэа і электроннай музыкі. Асобны павільён прысвечаны творчасці студэнтаў ды выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва.

/i/content/pi/cult/401/8152/1-5.jpeg

Апрача выставачных праектаў, Трыенале ўключае ў сябе таксама паказы моды, выступленні пластычных тэатраў і электронных музыкантаў, відэамэпінг ды светлавое шоу, а таксама майстар-класы ды экскурсіі па экспазіцыі. Асаблівая актыўнасць у павільёне “БелЭКСПА” плануецца па вечарах апошніх дзён тыдня.

— Дзякуючы гэтай праграме людзі не абмяжуюцца адным толькі наведаннем Трыенале, але будуць вяртацца сюды зноў і зноў, — перакананы Віктар Альшэўскі, — бо тут папраўдзе віруе мастацкае жыццё…

/i/content/pi/cult/401/8152/1-6.jpeg

Праект з трохі таўталагічнай назвай “Сучасны авангардны тэатр” збярэ мноства пластычных ды проста нестандартных калектываў — як ужо вядомых “у сваім коле”, так і зусім юных ды “неабстраляных”. Безумоўна, дэбют на такой вялізнай пляцоўцы стане для іх калі не ўдалым досведам, дык, прынамсі, надзвычай карысным.

29 і 30 лістапада ў рамках Трыенале пройдуць Нацыянальныя беларускія дні. Маладыя аматарскія тэатры прадэманструюць сваё прачытанне айчыннай драматургіі, у тым ліку — і такіх класікаў, як Уладзімір Караткевіч ды Кандрат Крапіва. Запланаваны таксама паказ альтэрнатыўных кінаработ. Паглядзім, можа, сярод амаль нікому не вядомых сёння ўдзельнікаў гэтай акцыі нас чакаюць сапраўдныя адкрыцці!..

На здымках: фрагменты трыенальнага калейдаскопа.

Фота Юрыя ІВАНОВА