Конкурс у тэмпе спрынту, або “Партытура” марафону пад грыфам... недаўмення

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Дык як дасягнуць мастацкіх вынікаў без аўралу?

Акурат тыдзень таму, 17 лістапада, скончыўся ІІ Міжнародны конкурс вакалістаў імя Л.Александроўскай. Мяркуючы па колькасці лаўрэатаў і дыпламантаў, ён аказаўся вельмі ўдалым для нашай краіны: беларускія спевакі атрымалі ўсе тры прызавыя месцы і дыплом сярод жанчын, а таксама бронзу і два дыпломы сярод мужчын. Хтосьці скажа: пры такіх выніках можна спачываць на лаўрах. Дык што ж не дае спакою-спачывання? Пра гэта і паразважаем.

Статыстыка

Для пачатку — выпраўленая статыстыка. Менавіта выпраўленая, бо для конкурсаў гэта звычайная справа: заявак бывае даслана больш, прыязджае ж удзельнікаў — менш: адзін захварэў, другі перадумаў, трэці падаваў заяўкі на некалькі конкурсаў адразу і, прайшоўшы папярэдні адбор, едзе туды, дзе прызавы фонд большы... У нашым выпадку канчатковыя лічбы аказаліся наступнымі: 56 удзельнікаў з 7 краін. Сярод іх — сямёра канкурсантаў з Украіны, шасцёра — з Кітая, пяцёра — з Расіі, двое — з Казахстана, па адным — з Літвы і Швецыі. Беларусаў — 34. Папярэдне фігурыравала лічба куды меншая — 21, але яна датычылася ўдзельнікаў — студэнтаў Акадэміі музыкі. А былі і выхаванцы нашага Музычнага вучылішча, якія далей вучыцца паехалі за мяжу, і салісты абодвух тэатраў — Вялікага і Музычнага.

Першы тур, што дае агульную карціну конкурснага ўзроўню, аказаўся даволі роўным. Не было абсалютных аўтсайдараў, якія не адпавядалі б конкурсному ўзроўню, не было і адзінага стопрацэнтнага лідара, што пакідаў бы астатніх далёка ззаду. Розніца ва ўдзельніках датычылася як прыродных даных, так і ступеняў навучанасці ды спрактыкаванасці, добра бачных ва ўмовах Малой залы імя Р.Шырмы. Галоўным выпрабаваннем гэтага этапа аказалася не беларуская народная песня — тым больш, што пазней, улічваючы сціслыя тэрміны паміж аб’яўленнем конкурсу і яго правядзеннем, арганізатары замянілі яе на песню краіны-ўдзельніцы. Многія “спатыкаліся” на іншым — выкананні старадаўняй арыі, бо замест лёгкасці фіярытур намагаліся праспяваць яе ўсё ў той жа рамантызавана-”драматызаванай” манеры, што ўсталявалася з сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

На другі тур, паводле раскладу, павінна была прайсці не больш як палова канкурсантаў. Цікава, што геаграфія ўдзельнікаў пры гэтым амаль захавалася (знікла хіба Швецыя, прадстаўленая, праўда, былой масквічкай), а гэта яшчэ адно сведчанне невыпадковасці прыезду кожнага з іх на наш конкурс. Нарэшце, да трэцяга тура колькасць прэтэндэнтаў на перамогу скарацілася яшчэ ўдвая, а спевы з аркестрам, да таго ж, у новых акустычных умовах канцэртнай залы Белдзяржфілармоніі, сталі для многіх дадатковым выпрабаваннем.

Трэці тур прынёс здзіўленне: настолькі іначай гучалі тут галасы. Адчувалася і тое, што многія спевакі жудасна стаміліся на гэтым марафоне ў тэмпе спрынту: у залежнасці ад лёсавання, некаторыя не мелі ніводнага дня перапынку. А для вакалістаў, тым больш маладых, вельмі важны ашчадны рэжым. Кожны дадатковы дзень, вядома, павялічвае каштарыс, але на будучыню ўсё ж было б няблага прадугледжваць дзень адпачынку, хаця б перад трэцім турам. Дый аркестр, маючы ў запасе суткі, мог бы лепш падрыхтавацца, каб суправаджаць салістаў, асабліва калі тыя выбіралі не самыя вядомыя арыі.

Арганізацыя

Увогуле, арганізацыйныя пытанні сталіся на конкурсе самым слабым месцам. Віной усяму — хуткія тэрміны, у якія рыхтавалася такое значнае мерапрыемства. На будучыню, пэўна, няблага было б наладзіць больш шчыльнае супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых арганізацый. Гэтым разам конкурс, паводле традыцыі, праводзілі Акадэмія музыкі і сталічная філармонія. А чаму б не падключыць сюды і наш Оперны тэатр? Вядома, хутка там пройдзе іншы конкурс, які ладзіцца з удзелам замежных структур. Але, тым больш, далучанасць да конкурсу імя Александроўскай (якая, нагадаем, прысвяціла гэтаму тэатру ўсё сваё жыццё) магла б стаць своеасаблівай “генеральнай рэпетыцыяй”. Па меншай меры, можна было б задзейнічаць аркестр тэатра: яго музыканты куды лепш ведаюць оперны рэпертуар, ім давялося б прыкладаць менш намаганняў у падрыхтоўцы трэцяга тура. Да таго ж, на многіх буйных конкурсах удзельнікаў суправаджаюць адразу некалькі аркестраў, што зніжае нагрузку на кожны з іх і, безумоўна, дазваляе дасягнуць мастацкіх вынікаў без “аўралу”. Адпаведна, змяняюцца і дырыжоры, што таксама дае магчымасць дасягнуць жаданага без дадатковага напружання.

Але арганізатары, падобна на тое, хацелі паставіць усіх удзельнікаў у “аднолькавыя” ўмовы (хаця на конкурсе гэткай “аднолькавасці” не можа быць апрыёры — ужо з-за розных нумароў пры лёсаванні). Сімвалічным, пэўна, падавалася і запрашэнне Міхаіла Сінькевіча — “беларуса замежжа” — як дырыжора трэцяга тура і як члена журы. У свой час той скончыў наш Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дый пасля Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі некалькі гадоў працаваў у Мінску, у тым ліку ў нашым Вялікім тэатры. Цяпер ён — дырыжор Марыінскага тэатра. Ды ўсё ж на трэцім туры, заняўшы месца за дырыжорскім пультам, выступаў, хутчэй, як строгі член журы, а не чуйны ансамбліст, гатовы аддаць пальму першынства салістам і прыйсці ім на дапамогу, падхопліваючы любы іх “капрыз”.

Аналітыка

Шмат пытанняў на гэтым конкурсе выклікалі і… вынікі. Праўда, можна дадаць, што мала якое спаборніцтва абыходзіцца без кулуарных “аспрэчванняў” рашэння журы. Але размеркаванне прэмій перагляду не падлягае. І не трэба! Затое было б няблага зрабіць традыцыяй пасляконкурсныя творчыя сустрэчы з членамі журы, дзе ахвотныя маглі б высветліць усе пытанні і атрымаць адказ на свае “чаму?”, што называецца, з першых вуснаў — непасрэдна ад членаў журы. Падобныя прэс-канферэнцыі ладзяцца на некаторых конкурсах і маюць сэнс: на іх можна пазбавіцца многіх крыўдаў, калі весці размову зацікаўлена ды абгрунтавана.

Тым больш, што конкурс ёсць конкурс. І на ім ацэньваюцца не ранейшыя заслугі і не агульны патэнцыял удзельнікаў, а іх выступленні “тут і зараз”. Дый сама конкурсная атмасфера патрабуе не толькі ўласна творчых якасцей, але і “байцоўскіх”, умення дакладна разлічыць стратэгію ды выпрацаваць тактыку барацьбы. Зразумела, ва ўсё гэта ўмешваецца Яго Вялікасць Выпадак: камусьці фартуна дапамагае — ужо з лёсавання, камусьці — наадварот: конкурсаў без неспадзяванак папросту не бывае. Мантас Гацявічус з Літвы, які так зачараваў на першым туры, з кожным наступным выхадам на сцэну стамляўся ўсё больш і больш. Гэтак жа “згубілася” на трэцім туры расіянка Ганна Літвін. У выніку ў абодвух выпадках — бронза. Таму, убачыўшы сярод канкурсантаў такіх прызнаных у нас оперных салістаў і лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, як Ілья Сільчукоў і Анатоль Сіўко, многія былі здзіўлены: гэта ж якая рызыка! Ці, можа, юначая перакананасць у сваёй непераможнасці? Ці штосьці яшчэ? І калі першы з іх атрымаў Трэцюю прэмію (прытым, што на Першым Міжнародным конкурсе імя Л.Александроўскай, яшчэ студэнтам, выйшаў на ІІ месца), а другі — усяго дыплом, гэта выклікала непаразуменне. І крывыя ўсмешачкі зайздроснікаў. Прыхільнікі спевака, адпаведна, абвінавачвалі журы. Я і сама правяла “незалежнае даследванне”, апытваючы многіх членаў журы наконт нашых беларускіх удзельнікаў.

Сапраўды, слухаючы адно трэці тур, прызавыя месцы трэба было б размяркоўваць, падаецца, іначай. Дый згаданых нашых зорак мы цэнім за іх музычнасць, высокае стаўленне да кожнай дэталі, асэнсаванасць спеваў, тонкае данясенне псіхалагічнага падтэксту, выразную фразіроўку, многія іншыя рэчы — і за ўсё гэта гатовы дараваць ім нейкія “дробязі”. Але журы прыдзірліва ўлічвала абсалютна ўсё. Выступленне Ільі Сільчукова на першым туры выглядала не так яскрава. Сам спявак тлумачыў гэта тым, што наўмысна абраў такую тактыку. Маўляў, на некаторых замежных конкурсах на першым туры “адкідваюць” найбольш яркіх выканаўцаў, каб “падраўнаваць” пачаткоўцаў. На нашым конкурсе падобнага не было. І некаторыя з членаў журы, па іх уласным прызнанні, збіраліся нават не прапусціць Ілью ў другі тур. А на другім і, асабліва, трэцім былі здзіўлены раптоўнымі зменамі.

Знакамітаму Анатолю Сіўко замежныя члены журы не даравалі, на іх думку, элементарнага — хібнасцей у рэпертуары. Спявак быў заяўлены як бас-барытон і, згодна з нашымі традыцыямі, уключыў у трэці тур адну арыю з басовага рэпертуару, другую — для барытона. Да таго ж, творы былі рознахарактарныя і рознастылёвыя (камічны Лепарэла з “Дон Жуана” В.-А. Моцарта і драматычны Алека з аднайменнай оперы С.Рахманінава). Але замежныя члены журы настойвалі, што вакаліст быў проста абавязаны ўключыць у сваю конкурсную праграму, найперш, фрагменты з партый, прызначаных менавіта для баса-барытона, якія ёсць у опернай творчасці Г.Даніцэці і Дж.Расіні.

Трэба дадаць, што журы складалася не толькі з прадстаўнікоў СНД, як мы прызвычаіліся, — у яго ўваходзілі і еўрапейскія музыканты: з Італіі, Сербіі, Балгарыі. У іх, як аказалася, крыху іншае стаўленне да вакальнай праблематыкі, іншы погляд на многія рэчы. Галоўнае для многіх з іх — роўнасць голасу. Таму на першым месцы для ўсіх іх адназначна быў Эміль Сакаваў з Кахахстана. На Украіну паехалі “срэбра” Паўла Грышчанкі і дыплом Андрэя Кошмана. Гэтак жа падтрымала журы казахскага тэнара Валуана Бяркенава, прысудзіўшы яму Другую прэмію, што вельмі здзівіла многіх нашых слухачоў і мяне асабіста. Дарэчы, гэты тэнар аказаўся адзіным з усіх, хто выйшаў у фінал. Сярод тых, хто не прайшоў, было і шмат беларускіх тэнараў, з якіх найбольш уразілі Сяргей Падавалаў і Аляксандр Гелах. Шкада, што яны не атрымалі нават ніякіх спецыяльных прызоў, хаця такія могуць быць прадугледжаны конкурсам: на большасці падобных спаборніцтваў заўсёды падтрымліваюць найбольш адораных пачаткоўцаў, якія з тых або іншых прычын не трапляюць у фінал.

Але ж выкажам удзячнасць усім нашым удзельнікам і асабліва — тым зорным лаўрэатам іншых конкурсаў, якія вырашыліся ўвайсці ў адну раку не аднойчы, прытым, што іх ніхто да гэтага не прымушаў. Іхні ўдзел — гэта ўжо паказчык высокага конкурснага ўзроўню і прэстыжнасці нашага спаборніцтва.

Куды менш пытанняў выклікала размеркаванне прэмій сярод жанчын. Абсалютна заканамерна, што на І месца выйшла надзвычай моцная, добра падрыхтаваная спявачка Людміла Карпук, за плячыма якой не толькі цяперашняе навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (зараз яна — на пятым курсе), але і яшчэ ранейшая багатая канцэртная практыка ў Брэсцкай абласной філармоніі. Тое, як яна бліскуча некалькі разоў запар (у другім туры, на рэпетыцыі з аркестрам, у трэцім туры і на заключным канцэрце) праспявала найскладаную сцэну і арыю Віялеты з першай дзеі “Травіяты” Дж.Вердзі, не пакідала ніякага сумневу ў паспяховасці яе будучай опернай кар’еры.

Самыя лепшыя ўражанні пакінула яшчэ адна выхаванка прафесара Людмілы Колас — Марта Данусевіч (Трэцяя прэмія). Некаторыя замежныя члены журы прызналіся, што пасля трэцяга тура нават былі гатовы аддаць ёй “срэбра”. Але яго заслужыла Надзея Кучар, якая пасля заканчэння Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі паехала працягваць адукацыю ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю імя М.Рымскага-Корсакава і цяпер, застаючыся беларускай, з’яўляецца салісткай Пермскай оперы. Яе “фішкай” былі пранікнёныя ціхія спевы, чутныя пры гэтым у любым куточку залы. Але бляску, гучнай “званочкавасці” фіярытур у знакамітай Каваціне Лючыі дзі Ламермур з оперы Г.Даніцэці хацелася б і пабольш.

Дыпломы атрымалі яшчэ двое выхаванцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: Настасся Храпіцкая і Арцём Хамічонак, які ўжо з’яўляецца салістам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Цікава, што італьянскі тэнар Франчэска Аніле адчуў яго не барытонам, а тэнарам — магчыма, яшчэ і таму, што сам калісьці навучаўся як барытон, але потым развіў тэнаравую тэсітуру. Але ўсё гэта вельмі індывідуальна.

Увогуле, прыезд да нас замежных музыкантаў у будучым можна было б выкарыстоўваць, што называецца, “па поўнай”. Калі сярод членаў журы ёсць канцэртуючыя салісты (а серб Браніслаў Яціч ужо супрацоўнічаў з Беларускай операй), дык чаму б не даць ім магчымасць яшчэ і выступіць? А пасля конкурсу няхай бы правялі майстар-класы (як гэта было, дарэчы, на І Конкурсе імя Л.Александроўскай).

Вынікі

Дый сам конкурс было б няблага перанесці на вясну, калі ўмовы надвор’я больш спрыяльныя для вакалістаў. Да таго ж, конкурс павінен праходзіць рэгулярна, а не раз у восем гадоў, як гэта здарылася цяпер. Калі тэрміны будуць дакладна азначаны, дык і рыхтаваць яго можна будзе спакойна, прадумваючы кожную дэталь, а не ў спешцы. І канкурсанты змогуць без праблем далучыцца да беларускай музыкі, якая і надалей павінна заставацца абавязковай для выканання на гэтым спаборніцтве, якое, да ўсяго, прызначана яшчэ і папулярызаваць нашу культуру. І імя Александроўскай! Так, пра яе напісана ў буклеце, на сам конкурс запрасілі ейную пляменніцу, нашага прафесара Арыядну Ладыгіну. Але папулярызацыя нашай опернай зоркі магла б быць яшчэ больш шырокай, асабліва — сярод спеўнай моладзі, якой не давялося бачыць яе на сцэне і чуць яе голас. Пэўна, у будучым да конкурсу можна было б прымеркаваць хаця б выстаўку, прысвечаную ёй. А на адкрыццё конкурсу больш шырока запрашаць яго ранейшых пераможцаў, каб была магчымасць параўнання, у які бок рухаюцца тыя, хто быў адкрыты на спаборніцтве, і куды ідзе сам конкурс, як змяняецца яго планка.

Ну а для паляпшэння арганізацыі — чаму б не запрашаць больш шырока да супрацоўніцтва валанцёраў, тых жа студэнтаў, так, як гэта робіцца на многіх іншых конкурсах, фестывалях ды іншых мерапрыемствах у нашай краіне і замежжы? Чаму б арганізатарам не пераняць некаторыя напрацоўкі, якія назапашаны цягам усяго конкурсна-фестывальнага руху ў Беларусі? Бо падобныя прыклады ёсць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. І, канешне ж, нельга дапускасць блытаніны ў Інтэрнэце, як гэта было сёлета, калі час правядзення трэцяга тура на адным з сайтаў, дзе была старонка, прысвечаная конкурсу, змяніўся, на другім — не, і слухачы ішлі двума патокамі. А прачытаўшы (зноў-такі, на афіцыйным сайце) пра вольны ўваход на праслухоўванні трэцяга тура, публіка была вымушана набыць білеты, якія потым аказаліся дзейснымі для… заключнага канцэрта! Пэўна, конкурс павінен займець свой уласны сайт, дзе інфармацыя аб ім будзе ўвесь час папаўняцца, а не знікаць, як сёлета, калі ў фінале ўжо нельга было прасачыць, хто выступаў на мінулых турах.

Але ўсё гэта дробязі, у параўнанні з тым, што конкурс — ёсць. І — будзе!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"