“Прэса? Указанняў не паступала”

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

2000 знакаў пра...

Прыкладна такой рэакцыяй сустракала прадстаўнікоў акрэдытаваных СМІ большасць тэатраў-ўдзельнікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Прычым, на дзіва, тэатры — не маленькія, а самыя вялікія. Аднак адсутнасць указанняў з боку адміністрацыі яшчэ не значыць, што яны аказаліся б зусім не патрэбныя.

Скажам, абсалютна натуральным выглядае размяшчэнне журналістаў у спецыяльна вылучаны рад, як, зрэшты, і сяброў Беларускай тэатральнай акадэміі яшчэ ў некалькі шэрагаў ці хаця б у адзін сектар у зале (у дачыненні да апошніх, між іншым, такое лагічнае правіла таксама не заўсёды выконвалася).

Тое ж самае датычыцца і фатографаў, для якіх элементарна вылучаюць сваю зону на самых разнастайных мерапрыемствах. У тэатры (запытайце любога майстра аб’ектыва) найлепш вылучыць цэнтр і першыя рады. Бо пагадзіцеся, чуць у якім адзінаццатым радзе партэра цягам усёй пастаноўкі гук затвора фотакамеры — не самае вялікае задавальненне для тэатральнага гледача.

Урэшце, пра гледачоў і журналістаў. Вось тут для тэатраў часцяком паўстае дылема: прыбытак ад продажу лішніх дваццаці білетаў на прэм’ерны ці фестывальны паказ альбо — імідж, сфарміраваны праз СМІ. Перамагае, па традыцыі, першае. Кульгае, па завядзёнцы, другое. І калі на тэатральных акадэміках сэканоміць не ўдалося, дык няхай прэса пашукае сабе месца? А тое, што са спектакля здымуць на фота адну-дзве сцэны або пасля сыдуць, дык тое — драбяза.

Карацей, пры гэтай ці то эканоміі, ці то неарганізаванасці даводзілася сутыкацца з варыянтамі, калі СМІ прапаноўвалі стаячыя месцы на балконе вялікага тэатра (хаця былі вольныя крэслы і ў партэры, і на тым самым балконе — на іх проста не пускалі) і — о цуд! — першы рад у тэатры маленькім, на месцы якога, праўда, паралельна выпісваліся запрашальнікі, а яшчэ ў адной тэатральна-відовішчнай установе наўпрост рэкамендавалі: “У нас заўтра аншлаг, дык мо вы б і не прыходзілі…”

Паверце, ходзяць журналісты газет, часопісаў, інтэрнэт-сайтаў на спектаклі не таму, што тут — “халява, сэр!”. Прафесіяналы ад тэатра наракаюць на адсутнасць прафесіяналаў “ад пяра”, але ж як ім з’явіцца, калі нават на фестывальных паказах, якімі, па сутнасці, з’яўляліся спектаклі Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў Мінску, прэса, як той Фігара, то тут, то там — шукае месца. Бо ўказанняў жа — не паступала…

С.Т.