Cмак чакання...

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Вось ужо трынаццаць гадоў нязменным дырэктарам Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” з’яўляецца Валянціна СЦЯПАНАВА. Натуральна, што яна, як ніхто іншы, ведае не толькі знешні, прэзентатыўны бок “Лістапада”, але і ўсе тыя “віры”, якія даводзіцца пераадольваць фестывалю на шляху да свайго гледача.

 /i/content/pi/cult/137/815/Scyapanava.jpg
— Валянціна Аляксееўна, як чалавек, што з самых першых крокаў “Лістапада” загадвае ўсёй арганізацыйнай “кухняй”, распавядзіце колькі слоў пра тое, якім бачыцца фестываль “знутры”.
— Скажу не толькі за сябе, але і за ўсю каманду фестывальных валанцёраў, што працуюць разам са мной: для нас гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць — быць задзейнічанымі ў арганізацыі такога буйнога міжнароднага кінафестывалю. Трынаццаць гадоў таму мы пачыналі з 5-6 краін і дзесяці фільмаў, а сёлета ўжо ў Мінск прыедуць кінематаграфісты больш чым з 40 краін свету!
Такі буйны кінафэст, як “Лістапад”, — гэта не проста кінафорум, на які збіраюцца прадстаўнікі з розных куткоў планеты, каб завязаць новыя творчыя кантакты. Гэта найперш надзвычай важкая міжнародная культурніцкая акцыя, якая працуе не толькі на карысць айчыннага кінематографа, але і на імідж нашай краіны.
Мне вельмі прыемна, што поруч са мной працуе шмат маладых людзей — валанцёраў, якія шчыра і аддана прапануюць сваю дапамогу, — на іх насамрэч можна разлічваць. За тыя трынаццаць гадоў, што існуе фестываль, праз нас прайшло шмат маладых людзей — больш за 200 чалавек! І многія сталі нашымі пастаяннымі сябрамі. Сярод іх не толькі мінчане, ёсць і тыя, хто прыязджае для таго, каб прапанаваць сваю дапамогу, з Санкт-Пецярбурга, Масквы, з Украіны або з аддаленых беларускіх райцэнтраў ды аграгарадкоў, куды трапілі па размеркаванні пасля вучобы. Многія з іх у сваёй штодзённай дзейнасці не маюць дачынення да кінематографа, але чакаюць кожнага наступнага “Лістапада”, каб у чарговы раз сустрэцца са сваімі сябрамі-аднадумцамі і, канешне ж, спрычыніцца да такой буйной міжнароднай кінападзеі, як наш фестываль. Дарэчы, павінна адзначыць, што арганізацыйная фестывальная праца даволі-такі няпростая і тоіць у сабе мноства падводных камянёў і цячэнняў, так што не кожны чалавек здольны гэтым займацца. Мы да нашых валанцёраў прад’яўляем самыя высокія патрабаванні — толькі так можна разлічваць на годны ўзровень арганізацыі.
Прыемна адзначыць, што за час фестывалю ў нас “выраслі” свае спецыялісты: Саша Захарэвіч, якая прыйшла яшчэ студэнткай, а сёння з’яўляецца самастойным і перспектыўным дырэктарам міжнароднай праграмы; наш начальнік штаба Валодзя Карачэўскі, які, да ўсяго, з’яўляецца “міністрам культуры” Савецкага раёна ў Мінску, а ў нас займаецца і аўтатранспартам, і творчымі мерапрыемствамі, цудоўна спявае, мае проста-такі “залаты голас”, — выпусціў свой дыск, які прэзентаваў у сталічнай філармоніі... І вельмі прыемна, што “ўсе нашы” — не толькі добрыя знаўцы сваёй справы, але і надзвычай простыя ў кантактах, добразычлівыя, — гэта таксама вельмі важная акалічнасць.
— Сапраўды, сёлета міжнароднае прадстаўніцтва на “Лістападзе” шырокае, як ніколі раней. Але ж далёка не ўсе з краін-удзельніц будуць прадстаўляць свае стужкі ў конкурснай праграме фестывалю. Як фарміравалася афіша “Лістапада”, па якіх крытэрыях стужкі траплялі ў конкурс ці пазаконкурсную праграму?
— Пры складанні конкурснай праграмы мы кіруемся рэгламентам фестывалю, які прадугледжвае, што ў “спаборніцтве” бяруць удзел фільмы, знятыя на працягу апошніх двух гадоў. Да таго ж, яны павінны быць лаўрэатамі іншых міжнародных фестываляў. У якасці рэдкіх выключэнняў мы можам прыняць у конкурс і фільмы 2005 года — пры ўмове, што іх узнагародны “збор” надзвычай важкі.
Рэгламент “Лістапада” скіраваны перш за ўсё на нашых гледачоў, выхаванне іх густаў. Я шчыра скажу, што, акрамя “рэгалій” і ўзнагарод конкурсных фільмаў, немалую ўвагу мы надаём іх маральнай аснове, нам не дастаткова толькі высокага мастацкага ўзроўню таго ці іншага кінатвора, — важна, каб фільмы гэтыя былі добрымі і станоўча, пазітыўна адгукаліся ў душах нашых гледачоў. І я лічу, што той інтарэс, які ёсць у сталічных гледачоў да кінематографа, — сёння ўжо сталічныя кінатэатры не пустуюць! — узнік і дзякуючы “Лістападу”, бо штогод фестываль прывозіць у Мінск сусветныя кінематаграфічныя навінкі, фарміруючы тым самым густы кінаманаў.
Вялікая арганізацыйная праца па правядзенні перамоў з праваўладальнікамі фестывальных фільмаў ускладаецца на Міністэрства замежных спраў Беларусі, у прыватнасці, неацэнную дапамогу аказваюць нашы беларускія пасольствы ў замежных краінах. Наўрад ці маглі б мы самастойна сабраць такое прадстаўнічае “сузор’е” кінатвораў. Ужо другі год мы трымаем цесны кантакт з супрацоўніцай МЗС Антанінай Уладзіміраўнай Струнецкай — яна вельмі адказна і ў той жа час з піетэтам ставіцца і да фестывалю, і да мастацтва ўвогуле.
Безумоўна, мы робім сур’ёзны акцэнт на беларускім кіно, займаемся яго прасоўваннем на міжнародны кінарынак, запрашаючы на фестываль замежных прадзюсераў і прэзентуючы ім нашы стужкі ў найлепшым “атачэнні”. Не сакрэт, што сёння на большасці прэстыжных міжнародных кінафестываляў рэжысёры прадастаўляюць свае стужкі... за ганарары, маючы ў гэтым свой камерцыйны інтарэс. Нам, дзякуючы добрым стасункам і добраму стаўленню да нашага фестывалю і да нашай краіны ўвогуле, удаецца пакуль што атрымліваць фільмы бясплатна.
Але думаю, што з часам мы “даспеем” і да таго, каб, мажліва, набываць у прадзюсераў тых ці іншых фільмаў права першага паказу. Гэта, натуральна, не мусіць змяніць усёй канцэпцыі нашага фестывалю, але, як мне падаецца, можа стварыць яшчэ большы прафесійны інтарэс да “Лістапада”.
— Не сакрэт, што шырокае кола гледачоў “Лістапад” прываблівае яшчэ і магчымасцю, так бы мовіць, “жыўцом” сустрэцца з вядучымі акцёрамі, рэжысёрамі кіно, прадзюсерамі. Бо фестывальная праграма прадугледжвае не толькі кінаконкурс, але і шэраг іншых “спадарожных” мерапрыемстваў.
— Гэта сапраўды так: калі адзін чалавек задасца мэтай патрапіць на ўсе мерапрыемствы “Лістапада”, яму наўрад ці гэта ўдасца — такая насычаная афіша фестывалю. Але ж пры гэтым думаю, што любы ахвочы знойдзе ў ёй усё, што толькі можна пажадаць, — кіно на розны густ. Калі ўзяць сталіцу, літаральна ў кожным кінатэатры будзе свая фестывальная праграма, а адначасова — творчыя сустрэчы ў калектывах з акцёрамі і рэжысёрамі, майстар-класы. Мы наведваем і дзіцячыя дамы, школы, бываем у Доме міласэрнасці. Для нас вельмі важная духоўная лінія фестывалю — акурат з гэтай мэтай мы дэманструем нашы праграмы “Падзвіжнікі веры”, у аснове якой — беларуская кінадакументалістыка, і міжнародную “Памаліцеся за нас” — у прыходах, нядзельных школах, манастырах. Не забываемся мы і пра “старыя” любімыя фільмы — ладзім рэтраспектыўныя паказы лепшых беларускіх стужак.
— Дарэчы, адною з ласых “разыначак” сёлетняга “Лістапада” сталася тое, што ўпершыню ў ім з’явілася конкурсная праграма дакументальнага кіно.
— Колькі існуе “Лістапад”, столькі айчынныя дакументалісты марылі пра свой фестываль. І варта сказаць, што аснова для гэтага ёсць, — у сусветнай кінапрасторы наша дакументалістыка каціруецца даволі высока. Прычым каціруюцца і майстры старэйшага пакалення, і наша кінамоладзь. На маю думку, на Беларусі сёння самае “зорнае” кіно — менавіта дакументальнае. Многія з айчынных кінаманаў памятаюць, што ў свой час мы спрабавалі ладзіць Дні дакументальнага кіно ў кінатэатры “Перамога”, запрашалі дакументалістаў. Але для таго, каб сабраць асобную праграму, не хапала сіл і пэўнай рашучасці. І вось, нарэшце гэта адбылося.
Я, канешне, хвалююся за першы дакументальны конкурс — як мне падаецца, сталічны глядач яшчэ не прывучаны хадзіць на дакументальнае кіно. Вось у Брэсце гэтага “клопату” няма: апошні Рэспубліканскі фестываль нацыянальных фільмаў паказаў, што на дакументальныя праграмы гледачы ішлі і з задавальненнем куплялі білеты гэтак жа актыўна, як і на мастацкія фільмы.
Але ж, думаю, што і наша публіка адчуе “смак” дакументалістыкі.
Я хачу сказаць, што такі магутны фестываль, як “Лістапад”, адзін чалавек, нават самы таленавіты і “жылісты”, зрабіць не зможа. Залог поспеху — у зладжанай калектыўнай працы. Нам з гэтым шанцуе: нашы заснавальнікі — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларускае тэлебачанне, сталічны і абласныя кінавідэапракаты, прэса — усе дапамагаюць і шчыра рупяцца, каб ХІV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” не апусціў той высокай творчай планкі, якой слаўны ён у кінематаграфічных колах. І — каб у чарговы раз здзівіў сваіх гасцей,удзельнікаў фестывалю і ўсіх сваіх гледачоў новымі ўзорамі кінамастацтва. У гэтым мы і бачым сваю асноўную задачу.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА