“…Дама” ў піку, або Картачныя гульні: тайм другі

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Другая Нацыянальная тэатральная прэмія, вынікі якой былі падведзены 19 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, узрадавала і адначасова расчаравала куды больш за Першую. І ўжо адно гэта — радуе. Ажно да слёз. Дакладней, “праз слёзы”.

У тым, што пераможа “Пікавая дама” Гродзенскага тэатра лялек, можна было не сумнявацца. Найталенавіты рэжысёр Алег Жугжда, спалучыўшы постмадэрнісцкую іронію з больш уласцівай беларусам спагадлівай усмешкай і грыфам “Зроблена з любоўю”, стварыў спектакль папраўдзе “для ўсіх і кожнага”: ад прыдзірлівых эстэтаў да заўзятых “карцёжнікаў”, ад прыхільнікаў класікі да адданых авангардным эксперыментам, ад аматараў “высокай” оперы да тых, хто толькі “ў лялькі гуляе”. А яшчэ, нягледзячы на сваю “даросласць”, — для ўсёй сям’і, бо тут ёсць што абмеркаваць і з навукоўцамі ў галіне літаратуры ды музыкі, і з падлеткамі, і нават з дзецьмі. Галоўнае — ніхто не засумуе. І гэта прытым, што спектакль літаральна нашпігаваны асветніцтвам пад рубрыкай “Цікава ведаць”. Дадам, што “Пікавай…” можна было аддаваць першынство не толькі, як адбылося, у чатырох намінацыях (“Лепшы спектакль”, “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшая рэжысёрская работа”, “Лепшая жаночая роля” — Ларыса Мікуліч, якая непараўнальна ўвасобіла ўсе чатыры жаночыя постаці: старой Графіні, Лізачкі, Надзеі Філарэтаўны фон Мэк — мецэнаткі Чайкоўскага, і картачнай Дамы). Спектакль можна было адзначыць і за лепшую драматургію, дзе А.Жугжда з’яднаў аповесць з операй, а таксама — лістамі творцаў і іх атачэння. І за лепшае музычнае афармленне, дзе рэжысёр (з дапамогай аранжыроўшчыка Віталя Лявонава) надзвычай тонка спалучыў Чайкоўскага з Даніцэці, пакінуўшы перамогу за апошнім. І нават за… лепшыя спевы (вакальная падрыхтоўка — Ала Аргеткіна), бо ў сцэне ў спальні Графіні артысты-лялечнікі пераўзышлі самых знаных оперных салістаў — не ў “штурме” верхніх нот, а ў данясенні таго, што ўсім гэтым хацелі сказаць. Спектакль заслужыў і якія-небудзь дадатковыя спецпрызы — накшталт “За гармонію сінтэзу”. Ва ўсіх сэнсах. Ці — “За пырскі шампанскага”: настолькі віртуозна там зроблена кожная дробязь. Ці, сцісла, “За свята!”, — фантазіраваць можна бясконца.

/i/content/pi/cult/401/8149/1-2.jpeg

Але тады “Што значаць тыя слёзы”, што згадваліся ў пачатку артыкула? Слёзы — пра агульную “прэміяльна-прымяральную” карціну. Бо яшчэ адзін “не такі”, як іншыя, спектакль — “Вянчанне” паводле Вітольда Гамбровіча маладога рэжысёра Аляксандра Янушкевіча — быў адзначаны адно за лепшую работу мастака (Таццяна Нерсісян). У астатнім — многія члены журы ледзь вытрымалі да антракту. І потым яшчэ доўга скардзіліся, што за “лабуду” ім падсунулі. Гэтая пастаноўка і сапраўды не звыкла “сюжэтная”, а заснаваная на плыні падсвядомасці, асацыятыўных сувязей — філасофіі свету і душы. Дык думаць у тэатры адвыкла не толькі “шырокая публіка”, але і “мастацкая эліта”? Ці проста — усе стаміліся глядзець па два-тры спектаклі на дзень? А дзе ж тады прафесійны падыход? Ён не ў тым, каб меркаваць на ўзроўні “спадабалася ці не” (іншымі словамі — блізка мне па эстэтыцы ці не вельмі), а ацэньваць ступень валодання майстэрствам. Да таго ж, толькі тыя, хто засталіся да канца, змаглі б напоўніцу ацаніць выдатную кампазітарскую работу Аляксандра Літвіноўскага (у намінацыі “Лепшая работа кампазітара” большасць галасоў набраў Андрэй Зубрыч за “…Тэатр Уршулі Радзівіл” Купалаўскага), выкананую, як і ўвесь спектакль, на сапраўдным еўрапейскім узроўні. Дый пытанняў наконт беларускасці не ўзнікала б.

Сведчаннем невыпадковасці “скараспелых ацэнак” — ужо сама палітра намінаваных спектакляў, некаторыя з якіх не тое што лепшымі, але і проста годнымі, прыстойнымі (па мастацкім узроўні, вядома) назваць было немагчыма. І не таму, што выбіраць не было з чаго! Быў і гродзенскі “Палёт над гняздом зязюлі”, які не прайшоў папярэдні адбор, і “Загадкавы візіт” Б.Луцэнкі ў тэатры М.Горкага, які нават не вылучаўся на прэмію. Увогуле, сістэма вылучэння, нягледзячы на некаторыя добрыя новаўвядзенні, па-ранейшаму патрабуе, бадай, самай вялікай карэкціроўкі ды ўдасканалення.

/i/content/pi/cult/401/8149/1-3.jpeg

У намінацыі “Лепшы спектакль для дзяцей” справядліва перамог магілёўска-лялечны “Чароўны пэндзаль”. Але змагацца яму не было з кім — хіба з віцебска-лялечным увасабленнем “Прынцэсы і свінапаса”, вырашаным, хутчэй, як казка для дарослых. Зноў-такі, чамусьці той жа Музычны тэатр “пасаромеўся” вылучыць “Чароўны гадзіннік…” кампазітара Алены Атрашкевіч, пастаўлены Настассяй Грыненка. Але тым больш ярка высвецілася праблема дзіцячага рэпертуару. Можа, прэмія і сапраўды дапаможа яе вырашыць? Кінулася ў вочы (і ў вушы!) і сама эстэтыка дзіцячых спектакляў, дзе нічога не зразумела, але ўсе мітусяцца і хутка-гучна крычаць. Адпаведна, “узбуджаецца” і дзіцячая публіка, якую тым самым прывучаюць да такіх паводзін у “храме мастацтва”.

Зусім не мела канкурэнтаў і “Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара”, якой сталі рускамоўныя “Аднакласнікі” Юліі Чарняўскай, увасобленыя ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры Кацярынай Аверкавай. Бо Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, Францішак Аляхновіч, Уршуля Радзівіл — усё гэта наша класіка рознага ўзроўню і розных эпох. Дадайце сюды прачытаную (у прамым, нават літаральным сэнсе слова) і “перачытана-перапісаную” класіку, рускую і еўрапейскую. А з “сучаснасцю”, тым больш беларускай ды яшчэ і беларускамоўнай, — заўсёдныя праблемы.

/i/content/pi/cult/401/8149/1-4.jpeg

У гэтай сувязі конкурс абазначыў і праблему… нераспрацаванасці тэрміналогіі. Бо, калі верыць буклету, аказалася, што некаторае скарачэнне п’есы Бамаршэ ганарліва называецца інсцэніроўкай, а іншае скарачэнне той жа п’есы, дапоўненае даволі смачнай “адсябяцінкай”, не называецца ніяк, хіба дадаткова атрымлівае “tut”. Затое невялічкія пралогі да кожнай з дзвюх дзей вадэвіля і некаторыя вольнасці ў літаратурным тэксце, спрадвек уласцівыя аперэтачным жанрам, — ізноў “інсцэніроўка”. Пэўна, трэба тэрмінова ўнесці нацыянальныя папраўкі ў літаратурную энцыклапедыю, паводле якой інсцэніроўка ў шырокім сэнсе — “афармленне літаратурнага тэксту, што замацаваны ў пэўнай форме і не дапускае імправізацыі”, а ў вузкім — “непасрэднае прыстасаванне да сцэны твора, напісанага ў апавядальнай форме”.

Прыемна, што “Лепшай работай харэографа” прызнана, нарэшце, творчасць Наталлі Фурман, якая даўно ўжо заслугоўвае такой адзнакі. Але, зноў-такі, улічваючы ўжо саму жанравую скіраванасць “…Тэатра Уршулі Радзівіл”, канкурэнцыі тут практычна не было. А шкада! Бо пластычны тэатр і яго элементы — адзін з перспектыўных сучасных напрамкаў, плённыя захады ў якім ужо рабіліся на нашай сцэне.

А вось у Аляксандра Палазкова, які сыграў выйгрышную ролю Філімона Пупкіна ў спектаклі ТЮГа “Пан міністар”, пастаўленым Уладзімірам Савіцкім, на мой погляд, канкурэнтаў магло б быць багата. Але члены журы самі ўпісвалі прозвішчы тых, каго хацелі б адзначыць, у бюлецені. І — у намінацыю трапілі ўсяго двое артыстаў. Акрамя Аляксандра Палазкова, які выйшаў пераможцам, яшчэ Цімур Муратаў за “Вянчанне”. Шмат было і добрых выканаўцаў “эпізадычных” роляў, што ў асобню намінацыю не вылучаліся. А шкада! Можа, у будучым трэба падумаць і пра гэта?

/i/content/pi/cult/401/8149/1-5.jpeg

На Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі, як і на Першай, Міністэрства культуры адзначыла за ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі, але не шэраг дзеячаў, як летась, а аднаго — народнага артыста краіны Генадзя Гарбука. Заклаліся, трэба разумець, і новыя традыцыі. Бо ў рамках усё той жа Другой Нацыянальнай прэміі як лепшы музычны спектакль сезона не акадэміяй, а Міністэрствам культуры была адзначана опера “Аіда” Дж.Вердзі ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Прыз “Крыштальная кветка”, які раней уручаўся да Міжнароднага дня тэатра, быў прысуджаны (не акадэміяй, а Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў) акцёру Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Сяргею Фромічаву-Карсакову — за лепшы дэбют (Залатнікоў-малодшы ў “Бядзе ад пяшчотнага сэрца”, пастаўленага Марынай Дударавай).

Наступным разам, магчыма, колькасць намінацый трэба будзе павялічыць так, каб хапіла ўсім спектаклям (для параўнання, у Нацыянальнай музычнай прэміі — ажно 19 намінацый, хаця тая ахоплівае адно эстраду). А там, глядзіш, “па просьбе працоўных” з’явіцца і звыклае: “Не больш за адну ў адны рукі!”.

Тым не менш, намінацыя “За лепшы дэбют” сапраўды неабходная. Найперш, за дэбют рэжысёрскі. Атрымліваючы прыз “За лепшую рэжысуру”, гэта выказаў Алег Жугжда. Ён узгадаў, што акурат 19 лістапада, у дзень уручэння Другой Нацыянальнай прэміі, — угодкі сыходу класіка нашай рэжысуры Валерыя Раеўскага. І прапанаваў назваць гэту прэмію яго іменем. Дададзім, што пры вылучэнні намінантаў увогуле бывае распаўсюджана тэндэнцыя ацэньваць не столькі вылучаную працу, колькі ўсе заслугі намінанта і, галоўнае, яго вядомасць. Пры такім падыходзе адораны пачатковец аказваецца не ў лепшых умовах: маўляў, яшчэ малады, паспее сваё атрымаць. Але ж такая падтрымка і грамадскае прызнанне бываюць вельмі неабходнымі, бо моладзі, асабліва таленавітай, уласціва сумнявацца ў правільнасці свайго шляху. А той жа Аляксандр Янушкевіч, я ўпэўнена, — наша будучая зорка, у чым пераконваюць яго далейшыя працы — тыя ж “Дзяды”.

І яшчэ: у само журы трэба ўсё ж вылучаць тых, хто рэальна будзе глядзець спектаклі. Сёлета “суддзяў” намагаліся дысцыплінаваць: на кожным спектаклі адзначалі прысутных, бы школьнікаў. І “пужалі”: калі хто прапусціць без прычыны хаця б два спектаклі, не будзе дапушчаны да галасавання, як той студэнт да здачы заліку. А ў рэшце рэшт галасавалі ўсе, хто прыйшоў.

Але будзем аптымістамі. Няхай хутчэй надыдзе той час, калі ад вылучаных на прэмію спектакляў будуць разбягацца не толькі члены журы (сёлета зала значна пусцела пасля антракту ў кожным спектаклі, акрамя аднаактовых), але і вочы. І калі, як сёлета з “Пікавай дамай”, намінаваныя спектаклі з асалодай будуць глядзець тыя, хто бачыў іх ужо не раз…

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"