Сны на Парнасе пры недахопе крэслаў і прасторы

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

У рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі адбыўся “круглы стол” “Сучасны беларускі тэатр: тэндэнцыі і праблемы развіцця”. Малая зала Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага не магла змясціць усіх ахвотных. Прычым не толькі таму, што абмеркаванне набалелага выклікала такі рэзананс, але і з выключна арганізацыйнай прычыны: зала разлічана ўсяго на сорак чалавек — пры складзе журы ў больш за сотню. А яшчэ ж завітала і прэса! Таму ў ход пайшлі і дадатковыя крэслы, і нават сцэна, на ўзвышэнні якой таксама спрабавалі ўладкавацца журналісты. Заўважым, што з той жа прычыны “недахопу крэслаў і прасторы” рэжысёр Мікалай Пінігін збіраўся здымаць з конкурснай праграмы свой спектакль “…Тэатр Уршулі Радзівіл”, які павінен быў ісці ў запісе, бо Купалаўскі тэатр у гэты час знаходзіўся на гастролях. Прагляд відэа мусіў адбыцца ўсё на той жа Малой горкаўскай сцэне. І толькі пасля выступлення Пінігіна на прэс-канферэнцыі, дзе ён заявіў пра магчымую адмену паказу “з тэхнічных прычын”, была дасягнута дамоўленасць з кінатэатрам “Беларусь”.

Але і сапраўды, размова на “круглым стале” аказалася вельмі зацікаўленай. Прытым, што выступілі не ўсе, хто збіраўся. Доктар філалагічных навук, прафесар, знаны тэатральны крытык Таццяна Арлова, ацаніўшы прапанаваны рэгламент (маўляў, не больш за сем-восем хвілін), вырашыла падрыхтаваны аналітычны матэрыял не зачытваць, а пазней надрукаваць. Акрамя “прызначаных” дакладчыкаў з ліку крытыкаў і навукоўцаў, актыўна выступалі прадстаўнікі рэгіёнаў. Можа, яшчэ і таму, што “ўступным словам” стаўся кастрычніцкі нумар часопіса “Мастацтва”, прысвечаны Нацыянальнай прэміі. Ён раздаваўся членам журы ў першы дзень іх прыезду, разам з усёй папкай конкурсных дакументаў, і быў не проста імі прачытаны, а літаральна “зачытаны” да дзірак. Як заўважыў доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі, гэты выпуск часопіса павінен стаць “настольнай кнігай” у Міністэрстве культуры і непасрэдна ў тэатральных дзеячаў, бо ўтрымлівае шмат слушных прапаноў па далейшым развіцці нацыянальнага тэатра.

/i/content/pi/cult/401/8148/1-1.jpeg

— Сёння наступіў “час ікс”, — канстатаваў Рычард Смольскі, — калі трэба канчаткова вызначыцца, што значыць тэатр у сучаснай прасторы і нашай краіне. Прэстыж мастацтва і культуры апошнім часам падае. Але Нацыянальная тэатральная прэмія — сведчанне таго, што палітыка дзяржавы скіравана на падтрымку нацыянальнай спадчыны. Наспеў час вялікай рэарганізацыі тэатральнай справы — менавіта справы, якая ўключае ў сябе не толькі ўласна мастацтва, але і індустрыю. У цяперашнім Законе аб культуры не ўлічаны многія рэаліі, не прапісаны фінансавыя ўмовы, таму патрэбна далейшае ўдасканаленне заканадаўчай базы, стварэнне сур’ёзнага нарматыўнага дакумента аб тэатральнай справе, які закладзе трывалы фундамент тэатральнага “дома”. Ініцыяваць гэта павінен Саюз тэатральных дзеячаў…

Выступленне доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпана Лаўшука магло б стаць штуршком для стварэння новай п’есы — штосьці накшталт “Сон на Парнасе”:

— Пасля адкрыцця Нацыянальнай тэатральнай прэміі я ўсю ноч не спаў, а пад раніцу сасніў Ігната Буйніцкага. Той і кажа: маўляў, нас было пятнаццаць, і мы амаль на голым месцы (тут я, праўда, запярэчыў, што не зусім на “голым”) заклалі асновы нацыянальнай драматургіі. І стварылі сваю тэатральную публіку! А сёння мы такога дасведчанага, улюбёнага ў тэатр гледача страцілі: залу запаўняюць выпадковыя людзі, і з такой публікай мы ніколі не створым сапраўднага тэатра. Бо той пачынае працаваць адно “на касу”, не клапоцячыся пра вечнасць. І дадзеная тэндэнцыя закранае нават такіх таленавітых творцаў, як рэжысёр Мікалай Пінігін, драматург Аляксей Дудараў. У будучым трэба арганізоўваць не “круглы стол”, а навукова-практычную канферэнцыю, якая глыбока закранула б усю гэтую праблематыку…

Дый без таго было відаць, што дылема “грошы ці мастацтва” датычыцца ўсіх. Асабліва актуальная яна для тэатраў са статусам “нацыянальны”, прызначэнне якіх, як адзначыла Святлана Дашкевіч, вядучы літаратурны рэдактар Коласаўскага тэатра, — “бачыць боль за тыя праблемы, якія хвалююць Беларусь”. Але справа яшчэ ў тым (паспрабуем зрыфмаваць), “што грашовыя патокі маюць розныя вытокі”.

— Сёння нават сталічныя тэатры, — звярнуў увагу дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Юрый Кулік, — раскіданы па розных фінансавых сістэмах: некаторыя адносяцца да Міністэрства культуры, іншыя — да Мінгарвыканкама. Тое ж — у рэгіёнах. Можа, трэба з’яднаць усе тэатры ў нейкую адзіную сістэму? На жаль, гэтае пытанне застаецца пакуль без адказу, бо за нашым “круглым сталом” няма прадстаўнікоў Міністэрства культуры, якія маглі б патлумачыць ці пракаменціраваць сітуацыю. Але гэта фінансавая няроўнасць вельмі кідалася ў вочы на цяперашніх праглядах, асабліва пры параўнанні сцэнаграфіі…

— З недахопам грошай, — падкрэсліў народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка, — можна змагацца толькі адным шляхам: ставіць добрыя, таленавітыя спектаклі. Тады, можа, і спонсары з’явяцца, і ў замежжа тыя пастаноўкі запросяць. Таму хацелася б закрануць праблему прафесіяналізму. Раней было больш увагі да тэатра з боку крытыкаў, іх думка куды больш уплывала на выбар спектакляў для адказных гастролей, іншых значных мерапрыемстваў. А сёння часам глядзіш — і не разумееш, пра што спектакль. Можа, у некаторых была ўсяго адна мэта: неяк завабіць гледача?..

Падобныя думкі выказвалі многія выступоўцы.

— Тэатры сёння — духоўна “голыя”, — адзначыў кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Рыгор Баравік. — Павінна быць адно — умовы для працы. А ў нашай краіне няма той атмасферы, якая павінна панаваць у тэатральнай сферы. Таму цягам апошніх дзесяцігоддзяў назіраецца працэс не стваральны, а разбуральны. Тое, што мы глядзім на цяперашняй тэатральнай прэміі, не лепш за тое, што было ў нашым мастацтве раней. Але добра, што захоўваюцца традыцыі — таго ж акцёрскага тэатра…

— Асноўная праблема — нават не фінансавая, — прадоўжыў гэтыя думкі Раман Цыркін, галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа, — а праблема няўвагі. Мы не ведаем адно аднаго і не цікавімся творчасцю іншых. Раней на кожную прэм’еру прыязджалі крытыкі, рабілі аналіз убачанага, а цяпер нават пры вылучэнні спектакляў на Нацыянальную тэатральную прэмію мы нікога так і не дачакаліся. Некалькі разоў па просьбе арганізатараў пераносілі спектакль, каб адборачная камісія змагла прыехаць, але ў выніку рашэнне выносілася на аснове прагляду відэазапісаў. Дадам, што за трынаццаць гадоў маёй працы ў тэатры да нас не прыехаў ніводзін выпускнік Акадэміі мастацтваў — хіба тыя нашы выхаванцы, якія навучаліся завочна. А гэта таксама — паказчык увагі да рэгіёнаў…

Што ж да гледачоў, патрабавальнасць якіх таксама павінна трымаць тэатр у добрай форме, дык падлічыць працэнты папраўдзе тэатральнай публікі вельмі складана, запэўніў кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Расціслаў Бузук, загадчык кафедры тэатральнай творчасці БДУКіМ:

— Запаўняльнасць залы не дае ніякага ўяўлення пра тое, хто ў той зале сядзіць і колькі там заўсёднікаў. Каб выхаваць зацікаўленага, добра дасведчанага, улюбёнага ў тэатр гледача, трэба працаваць з дзіцячай аўдыторыяй. І адбудаваць ланцужок: дзеці — падлеткі — моладзь — дарослыя…

— Мы на ўсё глядзім праз ружовыя акуляры, — упэўнены галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Барыс Герлаван. — А між тым, існуе праблема агульнай тэатральнай культуры. Тэатральныя дзеячы не маюць магчымасці глядзець спектаклі, каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў мастацкім свеце. Узяць нават гэтыя прагляды: чаму б не дэлегаваць ад тэатраў тую ж творчую моладзь? Да таго ж, павінны быць гранты, каб пачаткоўцы маглі рэалізаваць свае памкненні. Вось на цяперашняй Нацыянальнай прэміі: ці бачылі мы авангардныя спектаклі? А як увогуле ставіліся абласныя тэатры да сваіх паказаў? Тыя ж французы, японцы, прыязджаючы да нас на фестывалі, па тры дні ставілі святло. Нашы ж мастакі наконт гэтага так не турбуюцца…

Кандыдат мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Надзея Юўчанка ўзняла праблему гукавога асяроддзя:

— Спектакляў без музыкі сёння няма. Але якая яна? Пра гэта гаворыць у часопісе “Мастацтва” знакаміты кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. Працягваючы яго думкі, параю з большай адказнасцю ставіцца да слова “кампазітар” пры пераліку стваральнікаў спектакля. Калі ў пастаноўцы гучыць музыка розных аўтараў, у тым ліку класікаў, іх імёны таксама трэба пазначаць — хаця б у мэтах асветніцтва. Увогуле ж, у паказаных спектаклях было надта шмат таннай “электронікі”, а хацелася больш “жывой музыкі” ці хаця б добра запісанай фанаграмы…

І хаця вядучы “круглага стала” (і адначасова старшыня журы) — старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай Арміі, знакаміты драматург, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Аляксей Дудараў — неаднаразова заклікаў не “агітаваць” за тых або іншых намінантаў і ўвогуле не абмяркоўваць у час пасяджэння ўбачаныя спектаклі, без гэтага не абышлося. Але наўрад ці тыя выступленні былі спланаванай “прыхаванай рэкламай” — хутчэй, гэткім “крыкам душы”.

— Прагляд спектакляў, вылучаных на прэмію, дадаткова пераканаў, што ў нас ёсць моцная нацыянальная акцёрская школа, — прагучала ў выступленні ўжо згаданага Рычарда Смольскага. — Той жа Уладзімір Мішчанчук, выйшаўшы ў невялікай ролі ў спектаклі “Сродак Макропуласа”, правёў практычна “майстар-клас”. Надзею пакідаюць такія імёны маладых рэжысёраў, як Кацярына Аверкава, Аляксандр Янушкевіч. Гэта значыць, што ў беларускага тэатра ёсць будучыня.

Шмат у чым спрэчным падалося адно з выказванняў Рыгора Баравіка:

— Боль і разуменне таго, што такое сучасны тэатр, паказаў рэжысёр Уладзімір Савіцкі. З’яўляецца ў нас і творчая моладзь: рэжысёры Ігар Казакоў, Таццяна Траяновіч, Кацярына Аверкава, Дзяніс Нупрэйчык. Але ёсць і кан’юнктура, калі нашы творцы глядзяць у бок Польшчы, Францыі…

Думаецца, позірк на сусветныя тэндэнцыі папросту неабходны, калі Беларусь пазіцыянуецца як “цэнтр Еўропы”, не адасоблены ад еўрапейскай жа культурнай прасторы.

Вынікі размовы падводзіліся некалькімі выступоўцамі. Той жа Аляксей Дудараў адзначыў арганізацыйныя цяжкасці:

— Неабходна пастаянна дзеючая дырэкцыя нашага фестывалю, якая будзе працаваць на працягу ўсяго года. Такая дырэкцыя, мяркую, павінна існаваць пры Саюзе тэатральных дзеячаў.

На мастацкія складнікі звярнуў увагу доктар філасофскіх навук, прафесар Вадзім Салееў:

— Так, нам трэба перабудоўваць тэатральную справу, але няма менеджараў, перспектывы тэатра вызначаюць не мастацкія кіраўнікі, а дырэктары, якія арыентуюцца на фінансавыя паказчыкі. Непакой выклікаюць драматургі. Найбольш таленавітыя вітаюцца ў Расіі — той жа Павел Пражко, а п’есы, што ставяцца ў нас, — гэта, за рэдкім выключэннем, проста літаратурныя тэксты, а не ўласна драматургія… У маладых рэжысёраў — усяго адзін-два ўдалыя спектаклі. А трэба, каб усе іх пастаноўкі былі такія. Наша акцёрская школа добрая толькі ў плане эстэтыкі тэатра перажывання, астатнія плыні пакуль не прымаюцца. Нарэшце, мала аналітычных публікацый...

Цікава было пачуць і думкі “з замежжа”. Хаця напярэдадні арганізатары папярэджвалі, што гасцей на форуме не будзе, у “круглым стале” ўзяў удзел народны артыст Украіны, старшыня Украінскага саюза тэатральных дзеячаў Лесь Танюк. Аказалася, многія ўзнятыя праблемы актуальныя не толькі ў нас:

— Абласныя тэатры перастаюць быць рэжысёрскімі і акцёрскімі, становяцца дырэктарскімі, арыентаванымі на заробак грошай. Але калі ўсе зразумеюць, што вытворчасць — часовая, а мастацтва — вечнае, дык і бізнес пачне развівацца больш плённа.

Не думаю, што трэба баяцца быць падобнымі на Еўропу, сувязі з Захадам ірваць нельга. З той жа Масквы, наадварот, апошнім часам вывозяць антрэпрызу. Там яна ўжо не праходзіць — і яе транспартуюць на Украіну і Беларусь. Уздзеяння такой “эстэтыкі” трэба засцерагацца больш. Для параўнання: у Расіі ў часы перабудовы было закрыта каля 300 тэатраў, ва Украіне — ніводнага. Да таго ж, за гэты час па краіне з’явілася ажно 128 новых студый. Нарматыўная база на Украіне больш распрацавана. Каб творчыя саюзы выжылі, мы надалі ім статус нацыянальных: для іх і зямельны падатак скасаваны, і камунальныя паслугі ідуць са зніжкай. Прагляды для крытыкаў ладзяцца ў нас больш-менш рэгулярна. Але вельмі патрэбны яшчэ і глыбінныя даследаванні, прысвечаныя тэатру. У нас няма, на жаль, такой Нацыянальнай прэміі, як у вас. Ёсць дванаццаць іншых, але больш лакальных. Вы, дарэчы, таксама можаце выйсці на гарадскія ўлады ды заснаваць свае гарадскія прэміі. А галоўнае — давайце больш абменьвацца гастролямі! І — захоўваць свае нацыянальныя адметнасці…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"