Пад пазнакай ініцыятыў

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

16 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прызначыў Паўла Латушку Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры UNESCO па сумяшчальніцтве.

Ад пачатку чэрвеня 2009 года Павел Латушка працаваў на пасадзе міністра культуры Рэспублікі Беларусь. За гэты час у нашай краіне і за яе межамі адбылося нямала знакавых падзей, што абнавілі імідж сучаснай беларускай культуры — маладой і традыцыйнай, крэатыўнай і багатай на актуальныя брэнды, запатрабаваныя ў свеце. Пісаць пра гэта журналістам было цікава. Тым больш, мноства праектаў ды акцый, у тым ліку ініцыяваных самім міністрам, прайшлі ўпершыню.

Так, упершыню была прынята Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гг, а таксама ініцыявана прыняцце Кодэкса “Аб культуры”, унесены шматлікія папраўкі і новыя палажэнні ў законы, што рэгулююць дзейнасць устаноў сферы.

/i/content/pi/cult/401/8147/2-5.jpeg

Падзеямі сталіся заснаваныя Нацыянальныя прэміі — тэатральная і музычная, якія другі год запар ганаруюць цікавыя праявы на культурнай карце краіны. Разам з тым, узнагароды са статусам “Нацыянальная”, да ўсяго, уручаныя асяродкам прафесіяналаў, займелі прэстыж сярод саміх творцаў. На іх цяпер жадаюць раўняцца.

Асаблівая ўвага цягам трох з паловай гадоў надавалася пытанням аховы нашай спадчыны. Распачалася рэалізацыя ўнікальнай Дзяржпраграмы “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гг., а ў ёй — больш за тры дзясяткі старадаўніх муроў, што чакалі ўвагі да сябе. Так, налета запланаваны маштабныя кансервацыйныя работы ў Навагрудку. Адрэстаўраваныя пад пільнай увагай беларускага Лідара Аляксандра Лукашэнкі музейныя комплексы ў Міры і Нясвіжы, што, падаецца, толькі-толькі раскрылі свае дзверы для гасцей, не раўнуючы, з усяго свету, маюць сёння рэкордныя паказчыкі па наведвальнасці і, адпаведна, па заробленых сродках.

А як не згадаць музычныя імпрэзы ў Мірскім замку, тэатральны Арт-фэст Францішкі Уршулі Радзівіл і Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжы! Усе зладжаны першы — другі раз, але маюць папулярнасць. Няма сумневаў, што праз зусім кароткі тэрмін лік культурных цэнтраў, якія яднаюць мінуўшчыну з цяпершчынай, папоўніць і Лідскі замак.

Мы цікавыя свету не адно культурай сваёй мінуўшчыны, але і днём сучасным. Нездарма так важна было паказаць Беларусь як паўнапраўную ўдзельніцу сусветнага арт-працэсу пад час 54 Венецыянскага біенале. І ўдалося гэта ажыццявіць не проста ў адным з будынкаў горада на вадзе, а непасрэдна ў сэрцы мастацкай падзеі — Старым Арсенале.

А як своеасаблівыя вынікі развіцця выяўленчай культуры варта разглядаць ініцыяванае Прэзідэнтам краіны І Мінскае трыенале сучаснага мастацтва “БелЭКСПА-Арт-2012”, што стартавала ўчора, а таксама зладжаную ўпершыню за 80 гадоў Усебеларускую выстаўку “Зямля пад белымі крыламі”.

Прагучала навіна пра ўдзел нашых кінематаграфістаў у прэстыжным Канскім кінафестывалі. Прычым адразу — у асноўнай вёсцы Нацыянальных павільёнаў. А ўжо сёлета ўпершыню цітры “Беларусьфільм” зафіксавалі ўдзел кінастудыі на ўмовах капрадукцыі ў асноўным конкурсе Канаў з фільмам “У тумане”. Да ўсяго, за тры з паловай гады выйшлі ў айчынны пракат годныя стужкі “Масакра”, “Ваўкі”, “Талаш”, “Рыжык у Залюстэраччы”…

Выдатнымі адзнакамі пра беларускую прысутнасць у свеце стаў устаноўлены ў Кіеве помнік Уладзіміру Караткевічу, з’яўленне якога ініцыявалі кіраўнікі Беларусі і Украіны, а таксама мемарыяльныя дошкі Францішку Багушэвічу ў Вільнюсе ды Яну Баршчэўскаму — у Санкт-Пецярбургу. А ў манументальных праектах яшчэ — Варшава, Рыга, зноўку Вільнюс.

Ролю фактара яднання сярод музейшчыкаў мае атрымаць упершыню праведзены ў Гродне І Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” і прафесійны конкурс у яго рамках. Усім нам цікава будзе пабачыць Музей Васіля Быкава пад Мінскам, а таксама ўжо сёння наведаць упершыню зладжаную выстаўку работ мастакоў Парыжскай школы — выхадцаў з Беларусі і экспазіцыю каралеўскіх скарбаў з Вялікабрытаніі. Важкай падзеяй сталіся міжнародныя праекты і фестывалі, падтрыманыя Міністэрствам культуры, у тэатрах, музеях, бібліятэках краіны.

Свой унёсак у развіццё сферы зрабілі таксама і спонсары, мецэнаты, пра чый удзел сапраўды можна сказаць “упершыню”. Сёння практычна ні адна значная культурная падзея не праходзіць без падтрымкі партнёраў, а некаторыя — як Першы Палацавы баль у Нясвіжы — можна лічыць практычна цалкам падтрыманы партнёрамі. Прычым гэтая рэспубліканская (а па вялікім рахунку — сусветная) тэндэнцыя ўдала рэалізуецца на сваім узроўні і ў кожным з раёнаў Беларусі. Адраджэнне традыцый мецэнацтва — гэта і выкуп Статута ВКЛ, і рамонт сельскага клуба.

Мы толькі паспрабавалі акрэсліць тыя акцыі, здзяйсненне якіх здзівіла і шчыра парадавала цягам апошніх гадоў. Ініцыятывы ды праекты, што рэалізаваны, даюць нагоду спадзявацца на іх далейшы разгорт, а ўзяты старт пераконвае ў развіцці. Балазе тры з паловай гады, калі Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь кіраваў Павел Латушка, былі насычаны інтэнсіўным жыццём. Паўторымся: пісаць пра гэта было цікава.

Супрацоўнікі Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”