Кароль будзе на кані

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Так вырашыла журы Рэспубліканскага конкурсу на помнік каралю Міндоўгу ў Навагрудку.

Пры абмеркаванні праектаў было згадана, што Міндоўг — постаць у гістарычным сэнсе неадназначная, што ён зведаў перамогі і паражэнні, што палітыка ягоная ў значнай ступені была рэфлексіўнай, а метады, якімі ён карыстаўся ў барацьбе за ўладу, у маральным сэнсе часам не вытрымліваюць крытыкі. Але ведаючы ўсё гэта, не варта засяроджвацца на асабістых якасцях караля, бо ў дадзеным выпадку галоўнае — гістарычны вынік яго дзейнасці. А ў гэтым сэнсе ваганняў у гісторыкаў няма: Міндоўг, так бы мовіць, заклаў моцныя камяні ў падмурак моцнай дзяржавы — беларускай. Таму журы і вырашыла, што помнік Міндоўгу, каралю-пераможцу, мусіць быць велічным — конным. Іншыя трактоўкі вобраза Міндоўга былі адхілены.

Аднак пры вызначэнні пераможцы конкурсу да адзінай думкі прыйсці не здолелі. Журы вылучыла два праекты, якія падаліся аднолькава вартымі: Паўла Лука і Сяргея Бандарэнкі. Скульптарам прапанавалі стаць аўтарскім калектывам і прадставіць адзіны праект. А пераканаць скульптараў пагадзіцца на сумесную працу даручылі члену журы — народнаму мастаку Беларусі Івану Міско. Ягоная “дыпламатычная місія” мела поспех: пагадзіліся, хоць і не адразу… Канкрэтная дата наступнага прагляду пакуль не вызначана, але на распрацоўку сумеснага эскіза Луку і Бандарэнку адведзена не больш за два месяцы.

П.В.