Класікам у замежжы

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, працягваюцца не толькі ў нашай краіне. Днямі яны ладзіліся ў сталіцы Малдовы — Кішынёве.

Арганізатарамі выступілі Беларуская абшчына ў Рэспубліцы Малдова сумесна з Пасольствам нашай дзяржавы ў Малдове.

У лістападзе адбыўся творчы вечар, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу, а нядаўна ў малдоўскай сталіцы адкрылася выстаўка “Беларусь мая сінявокая”. На ёй прадстаўлены карціны Вячаслава Ігнаценкі і фатаграфічныя творы Ганны Мазур. Акцыя ладзіцца ў Дэпартаменце міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова.

— Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа не страчвае актуальнасці і ў нашы дні, — адзначыў старшыня Беларускай абшчыны ў Малдове Юрый Статкевіч. — Тым больш прыемна бачыць, як цудоўныя работы нашых мастакоў перагукаюцца з вобразамі і радкамі твораў Песняроў…

Таксама ў Міжнародным незалежным універсітэце Малдовы адкрылася Нацыянальная аўдыторыя Беларусі з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Малдовай. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Малдове Вячаслаў Асіпенка, намеснік міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Андрэй Папоў, рэктар універсітэта Андрэй Галбен, сябры Беларускай абшчыны Малдовы.

А 16 — 18 лістапада ў некаторых гарадах Эстоніі пры садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы прайшлі літаратурна-музычныя вечары, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Танка.

Удзельнікі імпрэз у гарадах Сіламяэ, Нарва, Талін пазнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю паэта, пабывалі на выступленнях Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча.