Праграма — на карысць

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча дамовіліся аб супрацоўніцтве на 2012 — 2014 гады. Праграма была падпісана 19 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі.

За нашу краіну подпіс паставіў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, за Польшчу — Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка. Праграма ахоплівае кінематограф, тэатр, рэстаўрацыю помнікаў гісторыі і культуры, музейную і бібліятэчную справу. Яна будзе спрыяць пашырэнню канцэртна-гастрольнай дзейнасці, арганізацыі абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры, з’яўленню помнікаў дзеячам культуры і мастацтва.

Пасля падпісання Праграмы намеснік міністра і Пасол Польшчы мелі гутаркі з журналістамі. Тадэуш Стружэцкі засяродзіўся на такой важнай для Беларусі сёння галіне, як рэстаўрацыя помнікаў даўніны. Намеснік міністра культуры згадаў плён кантактаў беларускіх і польскіх навукоўцаў дзеля адраджэння Нясвіжа і Міра. Заўвагі спецыялістаў з суседняй краіны былі вельмі дарэчнымі, калі ўзнікалі спрэчныя пытанні. На думку Тадэуша Стружэцкага, польскі досвед будзе карысным і ў будучым пры рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”.

Намеснік міністра культуры ўпэўнены таксама, што поспех нашых гастролей у Польшчы і польскіх — у Беларусі сведчыць пра ўзаемную запатрабаванасць нашых культур. Таго ж варта дасягнуць і па іншых галінах супрацоўніцтва.

Да канца года плануецца падпісанне аналагічнага дакумента з Латвіяй.