“Чаклун і Румба”: існасць вялікіх учынкаў

№ 46 (812) 17.11.2007 - 23.11.2007 г

Для беларускай карціны “Чаклун і Румба” рэжысёра Андрэя ГОЛУБЕВА паказ на кінафестывалі “Лістапад” стане прэм’ерным. Напярэдадні вялікага “выхаду ў свет” новай стужкі карэспандэнт “К” сустрэўся з яе рэжысёрам і паспрабаваў высветліць, якія ж шанцы на перамогу ёсць у нашага беларускага “канкурсанта”.

 /i/content/pi/cult/137/814/Chaklun-i-Rumba1.jpg
— Андрэй, якое кіно мы ўбачым на фестывалі? Распавядзіце, калі ласка, пра сваю карціну.
— Я ставіў сабе за мэту зняць гісторыю — простую і зразумелую, карціну, якая б кранула сэрцы людзей. Без залішніх спецэфектаў і претэнзій на новыя вынаходніцтвы ў кінамове.“Чаклун і Румба” — гэта карціна пра ўзаемастасункі людзей. Пра Ўчынкі з вялікай літары. У фільме дзеянне адбываецца ў часы Вялікай Айчыннай вайны, але я не хацеў бы, каб адразу ж стужку далучылі да жанру ваеннага кіно: вайна ў маёй карціне — толькі фон, на якім адбываюцца падзеі.
— Атрымліваецца, мы ўбачым гісторыю кахання?
— Можна сказаць і так, але я не хацеў бы жорстка вызначаць жанравыя рамкі маёй стужкі: напрыклад, ваенная меладрама, ці лірыка-драматычнае кіно. Дакладней было б аднесці “Чаклуна і Румбу” да твораў Васіля Шукшына, да старога добрага савецкага кіно, якое мы любім глядзець да гэтай пары.-
— Андрэй, вы — рэжысёр новай фармацыі, і так адкрыта схіляецеся да савецкай школы…
— Бо школа савецкага кіно — адна з лепшых у свеце, ці не так? Маім настаўнікам у кіно быў і застаецца Міхаіл Пташук — і я імкнуся захаваць традыцыі яго кінематографа, увогуле, гаварыць на той кінамове і пра тыя рэчы, на якія зараз забываюцца сучасныя рэжысёры. Сёння, напрыклад, я прыляцеў з Санкт-Пецярбурга: мяне на перамовы запрашаў канал НТВ. Тэлевізійшчыкі адкрыта прызналіся мне ў тым, што даўно не бачылі матэрыялу такога кшталту. “Мы, нарэшце, упершыню за многія гады ўбачылі старую савецкую школу”, — сказалі яны і адразу прапанавалі мне супрацоўніцтва.
Як бачыце, прыхільнікам савецкага кінематографа з’яўляюся не я адзін.
— Чым вас прываблівае менавіта гэты кінематограф?
— Школа савецкага кіно — адна з буйных школ свету. Для мяне гэта найперш — сродак,
 /i/content/pi/cult/137/814/Chaklun-i-Rumba2.jpg
які я выкарыстоўваю дзеля таго, каб расказаць аб людзях і аб іх лёсах. Для мяне не істотны час — важныя героі, іх характары. Падзеі, эпохі — усё гэта мінае. Застаюцца людзі, якія сваімі ўчынкамі пакінулі след у гісторыі, па сутнасці, зрабілі яе. Яны мяне па-сапраўднаму цікавяць і прывабліваюць. Яны — героі маіх карцін.
Я лічу, што заўжды будуць перашкоды і абставіны, заўжды час будзе спакушаць на пэўныя кампрамісы са сваім сумленнем. І заўжды істотным будзе толькі тое, што вы пакінулі пасля сябе.
— Андрэй, вы кажаце пра існасць вялікіх учынкаў у жыцці. А што для вас Учынак з вялікай літары?
— Здольнасць ахвяраваць усім: сваім жыццём, дабрабытам, шчасцем дзеля каханай жанчыны, дзеля радзімы. Памятаеце, у мінулыя стагоддзі шляхціча маглі пазбавіць спадчыны за тое, што ён пакахаў сялянку, жанчыну “з нізоў”. Але людзі рызыкавалі, ішлі насуперак усяму. Любілі — і ахвяравалі сваім статусам, грашыма, кар’ерай.Салдаты гінулі за радзіму і нават не задумваліся над тым, што можа быць іначай. Гэта, лічу, былі сапраўдныя Ўчынкі, а сёння людзьмі кіруюць зусім іншыя каштоўнасці: людзі заклапочаны тым, каб “абрасці” прадметамі “паспяховага” статуса, зарабіць паболей грошай, імі кіруюць меркантыльныя інтарэсы. Магчыма, гэта мая думка, але я ўсё меней бачу тых учынкаў, якія натхняюць жыць і ствараць. На гэтым фоне трымацца ідэалаў савецкага кінематографа мне падаецца справай не такой ужо бесперспектыўнай.
 /i/content/pi/cult/137/814/Chaklun-i-Rumba3.jpg
Падчас кастынгу акцёраў на сваю карціну я адкрыў для сябе такую рэч: па тварах людзей можна смела вызначыць час, у якім жыве чалавек. Апранаеш чалавека ў ваенную форму, — але ўсё роўна бачна, што ён — ну не з гэтай эпохі! Што мысліць ён — інакш. Глядзіш на яго твар і разумееш — чалавек зусім іншай “веры” і памкненняў.
Не складваецца — і ўсё тут. Я, напэўна, настальгірую па гэтых людзях, якія былі здольны на гэтыя простыя, бескарыслівыя і самаахвярныя ўчынкі, таму і здымаю такія карціны.
— Вы ў сваёй стужцы ўсё ж-такі справіліся з задачай па падборы акцёрскага складу?
— Так. Галоўную ролю — сапёра Фёдара Чаклуна ў фільме іграе піцерскі акцёр Андрэй Федарцоў. З яго кандыдатурай я патрапіў у самы “яблычак”. Андрэй — сапраўдны прафесіянал, і працаваць з ім — адно задавальненне. Акрамя таго, дзед Андрэя быў сапёрам на вайне, і гэтая “акалічнасць” тым больш дапамагла акцёру стварыць вобраз свайго героя. Андрэй нават здымаўся ва ўзнагародах дзеда.І вось тут, як гаворыцца, склалася ўсё: і ментальны вобраз, і знешняе аблічча. Але я не хачу пакінуць у баку і акцёрскія працы іншых акцёраў: Уладзіміра Мішчанчука, Зоі Белахвосцік, Вольгі Рэптух, Аляксандра Ткачонка, Аляксея Шадзько... Усе яны цудоўна справіліся са сваёй задачай.
— Ведаю, што ў вашай карціне ёсць вялікія батальныя сцэны…
— Так. Ёсць сцэны пераправы, сцэна бітвы на плацдарме, дзе задзейнічана буйная
 /i/content/pi/cult/137/814/Chaklun-i-Rumba4.jpg
ваенная тэхніка — танкі, цяжкая зброя… Прызнаюся шчыра — здымаць іх было вельмі цікава, але ж і вельмі цяжка. Акрамя таго, што не заўжды мае патрабаванні супадалі з рэчаіснасцю, далучаліся да справы і форс-мажорныя абставіны.
Падчас здымак адной са сцэн мяне літаральна амаль не “падарвала” на выбуху нашых “рыштанкаў” — я дзесяць хвілін ляжаў непрытомным. Голас увогуле быў сарваны (смяецца). Ды ўсё ж тыя высілкі таго каштавалі. Зараз я прагледзеў зняты матэрыял, кадры, і лічу, што, нягледзячы на тое, што папрацаваць яшчэ трэба, у цэлым сцэны атрымаліся.
— Вы задаволены, увогуле, тым, якой атрымалася карціна?
— Так, бо выклаўся “на ўсе сто”. Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. Канешне, многае атрымалася не так, як задумвалася, але я прымаю сваю працу і задаволены ёю. Можна доўга гаварыць пра тое, як цяжка было здымаць карціну, якая, увогуле, гэта была на мяжы магчымасцей праца, але фільм ёсць, і гэта мой канкрэтны ўнёсак у нашу культуру.
— Вы, так бы мовіць, — чалавек справы…
— Абсалютна. Мне даваць інтэрв’ю — адны пакуты (усміхаецца).
— Такім чынам, Андрэй, мы ўбачым на “Лістападзе” стужку, якая...
— …прымусіць вас расчуліцца. Я не магу адказаць вам на пытанне, чым яна актуальная для сённяшняга часу. На маю думку, актуальнасць — зусім не тая катэгорыя, якой вымяраецца кіно. Кіно, на мой погляд, або пакідае раўнадушным, або не. Яго прымаюць гледачы, любяць або — не. І ў гэтым сэнсе “Чаклун і Румба” — сапраўднае кіно. Не для эліты — для ўсіх.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
На здымках: кадры з фільма “Чаклун і Румба”
і рабочыя моманты здымак.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА