Якуб Колас, якога мы не ведаем

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Кніга, якую на пачатку лістапада, пад час святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, выпусціла выдавецтва “Беларуская навука”, можна, без перабольшання, лічыць унікальнай.

Аб’ёмны фаліянт, які мае больш за 1000 старонак і змяшчае 50 фотаздымкаў, — “Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа”. Аўтар — Міхась Мушынскі, доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, вядомы даследчык творчасці народнага паэта Беларусі.

У нашай краіне ён невыпадкова лічыцца ці не найбольш дасведчаным і аўтарытэтным коласазнаўцам. Першай кнігай Мушынскага, якая пабачыла свет яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў, была манаграфія “Ад задумы да здзяйснення: творчая гісторыя “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі”. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы папярэдняга, 14-томнага (1972 — 1978 гг.), Збору твораў Якуба Коласа. Распрацаваў канцэпцыю, у адпаведнасці з якой выдаецца 20-томны Збор твораў — апошняе, найбольш поўнае выданне. Ён — аўтар грунтоўных зборнікаў артыкулаў “Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа” і “Мае Каласавіны”.

/i/content/pi/cult/400/8137/1-6.jpeg

Сама наяўнасць “Летапісу жыцця і творчасці” — прыкмета багатай літаратуры, а таксама спеласці літаратуразнаўчай і крытычнай думкі. Цікава, што ў Беларусі ёсць усяго чатыры такія выданні. Яны прысвечаны Якубу Коласу (аўтар — Міхась Мушынскі), Максіму Гарэцкаму (Таццяна Дасаева), Міхасю Лынькову (Міхась Кенька) і Аркадзю Куляшову (Тэрэза Голуб).

Трыццаць гадоў таму, напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Песняра, Мушынскі выпусціў салідную кнігу “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці”. Але новая — не проста перавыданне. Як слушна заўважае даследчык, за час, што мінуў з той пары, беларускімі гісторыкамі літаратуры, архівістамі, работнікамі музеяў, бібліятэк, тэкстолагамі выяўлена і часткова ўведзена ў навуковы ўжытак шмат каштоўных матэрыялаў, якія істотна ўзбагачаюць ранейшыя ўяўленні пра абсягі літаратурнай і грамадскай дзейнасці Коласа, пра маштаб яго асобы. Таму ў выданні 2012-га новыя матэрыялы займаюць больш за палову аб’ёму.

"Летапіс..." як жанр — выданне, з аднаго боку, даведачнае, што фіксуе творчую і грамадскую дзейнасць пісьменніка дзень за днём (праца над новымі творамі, выхад кніг ды асобных публікацый, сустрэчы, вандроўкі і г.д.). Па сутнасці, гэта — энцыклапедыя, якая вымагае выверанасці кожнага факта, назвы і падзеі.

Кніга нараджае адчуванне, што асобу Коласа, ягоную творчасць, яго акружэнне мы як след і не ведаем! Або нашы веды — схематычныя, а таму маральна састарэлыя. Праз перыёдыку, дакументы, лісты, фрагменты з дзённікаў паўстае нечаканы і, па сутнасці, малавядомы нам Пясняр! Інтанацыя яго лістоў, мовы, роздуму, па сутнасці, — дакумент эпохі. І такі ракурс у выданні — найкаштоўны!

Прывяду два прыклады. Ідзе Вялікая Айчынная вайна. Восень 1942 года — адзін з самых напружаных перыядаў яе гісторыі. Тым не менш, у кастрычніку 1942-га Урад БССР прымае пастанову “Аб правядзенні 60-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларускай ССР Якуба Коласа”. За некалькі дзён да ўрачыстай даты Канстанцін Міхайлавіч піша Петрусю Броўку:
“...Падрыхтоўка да майго 60-годдзя ідзе поўным ходам. Я, браток, хачу, каб як мага хутчэй адбыць сваё святкаванне, бо я не дужа люблю свяціць вачамі перад людзьмі. Апроч таго, шмат усякай тузаніны, а я люблю больш сядзець дома...”.

Пра рэаліі паўсядзённага жыцця Канстанціна Міхайлавіча ў Ташкенце сведчыць наступная дэталь з ягонага ліста Ціхану Гарбунову, сакратару ЦК КП(б)Б. Колас задаволены, што той прыедзе з Масквы на юбілейныя ўрачыстасці. І дадае: “Можа, там дасталі б трохі паперы і з кусок абы-якога мыла?”

А вось некалькі штрыхоў з пасляваеннага жыцця Канстанціна Міхайлавіча ў Мінску. Беларускі перакладчык і паэт Юрка Гаўрук успамінаў: “...Летам 1946 года я прыязджаў на пабыўку ў Мінск... Ушчэнт разбураны горад мяне страшэнна ўразіў. Сухмень. Пахла застарэлым гарам. На плошчах бульбяныя гароды, абстаўленыя спінкамі ад спаленых жалезных ложкаў. Кучы цэглы... Знаёмых у Мінску ў мяне было мала. І я набраўся смеласці патрывожыць Якуба Коласа. Колас прыняў мяне радасна і сардэчна. Няёмкасць як рукой зняло…”

Падрабязнасці, дэталі, акалічнасці, што паўстаюць у лістах Коласа, або ў лістах, адрасаваных яму, дапамагаюць уявіць, якім жа на самой справе было жыццё Паэта. І адначасова — народа, чыю гісторыю, характар і самасвядомасць ён так маштабна адлюстраваў.

Спадар Мушынскі зрабіў такую агромністую працу, якую, па ідэі, павінны выконваць вялікія творчыя калектывы. Што ж зробіш, калі навука, як і многія іншыя сферы гуманітарнай дзейнасці, шмат у чым трымаецца на энтузіязме ды гарачай любові да сваёй справы...

Святлана ІВАНЧЫК