Атланты і сігнеты Скарыны

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Сімвалічная іскра на ініцыяле

Згодна з “Еклезіястам”, Сафія Прамудрасць Божая выйшла з вуснаў Бога. Рэнесансныя гуманісты атаясамлівалі Сафію з універсальнай абсалютнай Ісцінай. Алегорыю апошняй яны знайшлі ў міфе пра Дзіяну, паляўнічыя сабакі якой разадралі Актэона (Розум, які адважыўся аглядаць Ісціну). Такая сінкрэтычнасць культуры мыслення дазваляе нам узбагаціць разуменне полісімвалічнага сігнета Скарыны.

/i/content/pi/cult/400/8136/1-5.gif

На ініцыяле літары “амега” выява аголенай жанчыны (Ісціна) змешчана над выявай чэрапа, што з’яўляецца эзатэрычным сімвалам (Неба). Водгук апошняга захаваўся ў сучаснай анатамічнай наменклатуры, згодна з якой верхні пазванок, што падтрымлівае “неба”, называюць Атлантам. Рыса ніжняй паловы акружнасці, змешчаная ў верхняй частцы ініцыяла, сімвалізуе Мінулае. Менавіта на рысе Мінулага змешчана выява іскры, рысачка ад якой спадае на пупок жанчыны. Пра тое, што гэта менавіта выява сімвалічнай іскры, сведчыць выява крэсіва, якое самастойна выкрасае іскры, у серыях маленькіх сімвалічных выяў капы пшаніцы (канчатковая мэта), пясочнага гадзінніка, калодзежа, шаляў і армілярнай сферы на тытульных лістах манускрыптаў трактатаў, пераважна — неаплатанічнага зместу.

Фічына, Мірандола ды іншыя гуманісты атаясамлівалі Ісціну з Любоўю. Менавіта ў якасці рэнесанснай алегорыі ўніверсальнай абсалютнай Ісціны трэба разглядаць аголеную выяву прыгажуні Сіманэты Веспуччы на карціне Бацічэлі “Нараджэнне Венеры”, дэталі якой карэлююць з палажэннямі “Платонаўскай тэалогіі” стваральніка фларэнтыйскай медычэйскай платонаўскай акадэміі Марсіліа Фічына. Згодна з гэтым трактатам, універсальная Ісціна ва ўсе часы прыхоўвалася пад покрывам розных рэлігійных вучэнняў і паэтычнай міфалогіі. На апошнія ўказвае выява трасцінак чароту, якія ў рэальнасці не могуць расці ў салёнай марской вадзе. Аднак менавіта з іх выраблялі старажытныя пісьмовыя ручкі і стрэлы. Апошнія ж з’яўляюцца старазапаветнай метафарай слоў Святога Пісання.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА