Экспазіцыя з экспедыцыі

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Што знайшлі ў Жалудку?, або Рэальныя крокі да стварэння новага музея

Старадаўні палац у Паставах, які ў свой час належыў роду Тызенгаўзаў, неўзабаве мае стаць музеем. Ужо распрацавана канцэпцыя яго будучых экспазіцый, а ў самім будынку вядуцца актыўныя рэстаўрацыйныя работы.

Па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Аксаны Сакаловай, на аб’екце, які стане важнай часткай культурна-турыстычнай інфраструктуры раёна, праведзена вялікая праца. Па завяршэнні рамонтна-рэстаўрацыйных работ па добраўпарадкаванні скляпенняў аб’ект плануецца перадаць на баланс аддзела культуры, пасля чаго актывізуецца працэс набыцця каштоўных прадметаў для экспазіцый у будучых музейных залах палаца Тызенгаўзаў.

/i/content/pi/cult/400/8135/1-1.jpeg

Але і цяпер калекцыя мясцовага краязнаўчага музея, які, да слова, мае не толькі свой сайт, але і прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках, працягвае папаўняцца артэфактамі, што распавядаюць пра гісторыю роду Тызенгаўзаў у Паставах. Усё гэта адбываецца, у тым ліку, і дзякуючы міжнародным навукова-практычным экспедыцыям, у прыватнасці, у рамках маштабнага праекта “Заахвочванне турызму па абодва бакі мяжы Літвы і Беларусі з мэтай павышэння даступнасці і прывабнасці культурна-гістарычнай спадчыны ў Ракішкінскім і Пастаўскім раёнах”, які фінансуецца як з мясцовых бюджэтаў, так і са сродкаў Еўрапейскага саюза. У прыватнасці, агульны бюджэт праекта складае звыш 600 тысяч еўра. Дзякуючы гэтай істотнай падтрымцы і ў мэтах вывучэння культурна-гістарычнай спадчыны роду графоў Тызенгаўзаў у Літве і Беларусі, фіксавання аб’ектаў і месцаў, звязаных з дзейнасцю прадстаўнікоў гэтага роду, і, што немалаважна, збору прадметаў для будучай музейнай экспазіцыі сёлета адбыліся дзве этнаграфічныя экспедыцыі. Першая прайшла на тэрыторыі Літвы па маршруце Ракішкі — Салас — Таўенай — Каўнас — Вільнюс, другая закранула такія беларускія гарады і мястэчкі, як Паставы, Гродна, Жалудок, Мінск і Варапаева.

/i/content/pi/cult/400/8135/1-2.jpeg

Па словах дырэктара Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Раісы Курачанка, асноўнымі знаходкамі экспедыцый сталі копіі малюнкаў Канстанціна Тызенгаўза, выкананыя ім у Паставах, якія будуць прадстаўлены ў экспазіцыі палаца, творы, што ў свой час знаходзіліся ў Паставах, у карціннай галерэі Канстанціна Тызенгаўза, а сёння належаць Музею Чурлёніса ў Каўнасе. Мяркуецца, гэтае адкрыццё ў будучым дасць магчымасць стварыць іх якасныя рэпрадукцыі і аднавіць у палацы карцінную галерэю.

Не менш важным стала выяўленне дакументаў Антонія і Канстанціна Тызенгаўзаў, альбома з малюнкамі Марыі Пшаздзецкай, дачкі Канстанціна. Нягледзячы на сціслы час экспедыцыі (усяго на кожную з паездак было па тры дні) адбылася фотафіксацыя архітэктурных адметнасцей, дэкору і інтэр’ераў будынкаў, што належалі роду Тызенгаўзаў, інвентароў з Гродна і Варшавы, копіі гербоўніка, якая пацвярджае графскі тытул роду Пшаздзецкіх.

/i/content/pi/cult/400/8135/1-3.jpeg

Самай каштоўнай знаходкай лічацца кнігі з асабістай калекцыі Антонія Тызенгаўза. Яны былі знойдзены ў Жалудоцкім касцёле, дзе і пахаваны граф. Мяркуецца, што па выніках этнаграфічных экспедыцый у наступным годзе пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя з удзелам як айчынных, так і замежных даследчыкаў.

Варта адзначыць і той факт, што сёлета экспертам па музейных пытаннях Ігарам Куржалавым была завершана праца па стварэнні дызайн-праекта “Экспазіцыі скляпенняў цэнтральнага і паўночнага крыла палаца Тызенгаўзаў і музейнай экспазіцыі навуковай таксідэрмічнай лабараторыі графа Канстанціна Тызенгаўза”. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў праекта Пастаўскім райвыканкамам арганізавана закупка экспанатаў, мэблі і абсталявання для афармлення памяшканняў палаца ў адпаведнасці з навуковай музейнай канцэпцыяй.

/i/content/pi/cult/400/8135/1-4.jpeg

Што ж убачаць у будучым музеі яго патрабавальныя наведвальнікі? Па словах Раісы Курачанка, ужо ў наступным годзе ў скляпеннях палаца, якія не маюць аналагаў у Еўропе, паўстане інтэрактыўная экспазіцыя. Акрамя таго, трохі пазней плануецца адкрыць у музеі экспазіцыю, прысвечаную падзеям Першай сусветнай вайны, што змесціць шматлікія артэфакты, звязаныя з ёй, якія былі выяўлены ў раёне. У планах музейшчыкаў — і стварэнне выставачнага праекта, што распавядзе пра афіцэрскую кавалерыйскую школу, якая дзейнічала ў Паставах. Менавіта тут авалодвалі ваенным майстэрствам на практыцы такія славутасці, як Баграціён, Будзённы, Врангель, Манергейм…

На здымках: палац Тызенгаўзаў у наш час; Канстанцін Тызенгаўз; герб Тызенгаўзаў "Буйвал"; праекты сучаснай рэканструкцыі палаца Тызенгаўзаў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"