Арганізатар ізраільскай праграмы — пасольства гэтай краіны ў Беларусі. На форуме будуць прадстаўлены шэсць карцін розных жанраў.
20 лістапада дэманструюцца фільмы “Нудл” і “Па табе не відаць”. Гэта драматычныя аповеды пра жаночую самоту.
21 лістапада адбудуцца паказы стужак “Паўруская гісторыя” — пра культурны канфлікт у межах сям’і — і “Застылыя дні”, што прысвечана тэме адаптацыі маладых людзей да сацыяльных рэалій.
22 лістапада — карціны “Рэстаўрацыя” — бытавая драма пра чалавечыя стасункі на фоне фінансавых праблем, і “Калумбійскае каханне”, маладзёжная камедыя.
Усе фільмы ідуць на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.
У рамках праграмы святкавання 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Карэя былі паказаны тры фільмы за тры дні. Гэта — “Той, хто задае тэмп” — аповед пра Лонданскую Алімпіяду, авантурная камедыя “Скандалісты” і камедыйны баявік “Афіцэр года”, у якім два паліцыянты змагаюцца за права лічыцца лепшым у сваёй прафесіі.
Па словах дырэктара кінатэатра “Перамога” Святланы Саўчык, падобныя імпрэзы запатрабаваны мінскай аўдыторыяй і маюць у нашай сталіцы даўнюю традыцыю і стабільны поспех.
Да арганізацыі Дзён карэйскага кіно спрычынілася Пасольства Рэспублікі Карэя.