“Раскрутка” раскручанага

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Як “манетызаваць” Мірскі замак і стварыць рэальны імідж-аб’ект?

Днямі, як мы пісалі ўжо, быў прадстаўлены першы ілюстраваны даведнік па тэрыторыі музея “Замкавы комплекс “Мір”. Выданне выйшла ў свет да 20-годдзя з дня адкрыцця першай экспазіцыі. Але ж гэта, натуральна, не адзіны шлях пазіцыянавання вядомага гісторыка-культурнага аб’екта.

Зразумела, што такі агульнанацыянальны брэнд, як Мірскі замак, здольны паказаць Беларусь краінай з багатай гісторыяй ды глыбіннымі традыцыямі. Але ж каб умець “падаць” гэты брэнд, не абысціся без падтрымкі прафесіяналаў. Якія праблемы ды пытанні паўстаюць перад піяршчыкамі Мірскага замка з камунікацыйнага агенцтва, што працуе над пазіцыянаваннем музея ні больш ні менш, а ў цэлым свеце, карэспандэнт “К” распытаў у дырэктара арганізацыі Андрэя ЭЗЕРЫНА.

/i/content/pi/cult/400/8131/2-1.jpeg

— Якім чынам ваша агенцтва збіраецца “раскручваць” Мірскі замак? Што за метады і падыходы плануеце выкарыстаць для гэтага?

— На мой погляд, Мірскі замак ужо дастаткова “раскручаны”. Гэта стопрацэнтны брэнд, вядомы не толькі на Беларусі. Паглядзець на перліну гісторыка-культурнай спадчыны едзе ўсё больш турыстаў з усяго свету, нават з Усходняй Азіі, краін Лацінскай Амерыкі. Таму адна з нашых галоўных мэт — гэта своечасовая карэкцыя і прасоўванне іміджа Музейнага комплексу як значнага сучаснага аб’екта культуры, што прадастаўляе шырокі спектр паслуг: турыстычных, экскурсійных, адукацыйных, навуковых, выдавецкіх ды многіх іншых. А ўвогуле, задача нашага агенцтва — сумеснымі намаганнямі з калектывам музея (падкрэслю: менавіта сумеснымі!) пабудаваць устойлівую камунікацыю з мэтавымі аўдыторыямі. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць самыя сучасныя інфармацыйныя каналы.

— Што канкрэтна маеце на ўвазе? Пазіцыянаванне музея з дапамогай Інтэрнэта?

 — Так, несумненна. Цяпер мы мадэрнізуем сайт http://www.mirzamak.by, працуем над напаўненнем старонак у сацыяльных сетках. Абраны найбольш папулярныя: для сумеснай працы са спецыялістамі і трэндсетарамі — https://www.facebook.com/zamakmir ды маладзёжны рэсурс — http://vk.com/zamakmir. Гэта дазволіць музею быць “бачным” у інтэрнэт-прасторы. А пра навіны Мірскага замка змогуць такім чынам даведацца людзі з розных краін свету. Але гаворка, у першую чаргу, ідзе пра нашых суседзяў: Расію, Украіну, Польшчу, краіны Балтыі.

— Але наўрад ці праца агенцтва абмяжуецца толькі гэтым. Напрыклад, вельмі няблага было б наладзіць таксама і камунікацыю са сродкамі масавай інфармацыі, прычым не толькі з Беларусі…

— Зразумела, для нас вельмі істотна стварыць дынамічную і стабільную інфармацыйную плынь. Гэтая праца ўжо распачалася: дасылаюцца прэс-рэлізы і паведамляюцца ўсе музейныя навіны, прычым мы бачым відавочны плён: пра Мірскі замак з’яўляецца ўсё больш і больш публікацый.

А яшчэ хочам распавесці пра тое, што сёння Замкавы комплекс — гэта яшчэ і сучасны навуковы калектыў. Да таго ж, мы абавязкова будзем ладзіць і іншыя мерапрыемствы, напрыклад, івенты, акцыі. Таксама я ўпэўнены, што для ажыццяўлення такіх праектаў варта прыцягваць партнёраў з іншых сфер, у тым ліку і з боку бізнесу — рабіць так званыя крос-акцыі.

— Як, на ваш погляд, абараніць брэнд “Мірскі замак” ад таго, каб яго не выкарыстоўвалі іншыя фірмы ды арганізацыі?

— У любой беларускай кніжнай краме вы знойдзеце дзясяткі кніг, на вокладцы якіх фігуруе выява Мірскага замка. Шмат ёсць відэаролікаў, якімі пазіцыянуе сябе Беларусь, дзе мільгаюць малюнкі чырвоных цагляных сцен з пяццю вежамі. На жаль, гэты працэс выкарыстання выявы будынка, у якім размешчаны музей, пакуль бескантрольны. Гэта вельмі сур’ёзнае і актуальнае пытанне, але яно больш палягае ў юрыдычнай прасторы. Абаронай правоў на брэнд, безумоўна, трэба займацца, і, наколькі я ведаю, для кіраўніцтва музея названае пытанне — сярод прыярытэтных.

І яшчэ. Манетызацыя брэнда — гэта тое, пра што варта ўвесь час думаць, нягледзячы на тое, што Мірскі замак — паспяховы камерцыйны праект. Як вядома, нядаўна была апублікавана інфармацыя, што замак у лістападзе заробіць першы мільён долараў. Гэта, зразумела, значная сума, але ж і выдаткі музейшчыкаў — таксама даволі вялікія. Напрыклад, толькі на электрычнасць штомесяц адлічваецца больш за 100 мільёнаў рублёў. Я ўжо не кажу пра тое, колькі каштуюць некаторыя экспанаты, — тут гаворка ідзе ўжо пра дзясяткі тысяч еўра! Карацей кажучы, музею патрэбны грошы, таму трэба шукаць самыя розныя кірункі, каб іх атрымаць. Але тут справа не толькі ў фінансах…

— Ці можна, на вашу думку, зрабіць брэндавымі іншыя гісторыка-культурныя аб’екты нашай краіны? Што для гэтага патрэбна?

— Памятаю, калісьці, напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, я прыехаў з сябрамі, можна сказаць, на муры Мірскага замка. Тады я і падумаць не мог пра тое, што буду займацца піярам гэтага комплексу, а сам замак паўстане з руін і стане адным з сімвалаў Беларусі! За гэты перыяд была праведзена значная праца, укладзены вялікія грошы, распрацавана інфраструктура — вось і эфект! Сапраўдны брэнд за некалькі гадоў не створыш — на гэта трэба шмат часу. Таму адказ на ваша пытанне можа быць толькі адзін: для таго, каб зрабіць брэндавымі іншыя гісторыка-культурныя аб’екты нашай краіны, патрэбна паступовая, упартая праца. Іншага шляху не дадзена. Зараз мы бачым, што, скажам так, “гістарычны прадукт” запатрабаваны вялікай колькасцю людзей, у першую чаргу — моладдзю, існуе вялікая цікаваць да спадчыны, да падарожжаў па роднай краіне. Таму названая дзейнасць — вельмі перспектыўная.

— А якія, на ваш погляд, ёсць патэнцыйныя брэнды ў іншых рэгіёнах Беларусі?

— Сходу назаву першы, які ўзгадаў: Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”. Гэта даволі папулярнае месца, хаця на сённяшні дзень там захавалася толькі фартыфікацыйная сістэма. Няма ўжо і самога заслаўскага замка, няма і дзвюх брам, якія там калісьці стаялі. І толькі як помнік былой славы застаўся былы Кальвінскі збор (цяпер — Спаса-Праабражэнская царква). Таму, на маю думку, сюды варта ўкласці грошы, каб давесці ўсё да ладу, выкарыстаць вялікі патэнцыял Заслаўя. Тым больш, там маецца выдатная камунікацыя: побач знаходзяцца сучасныя аўтамабільныя трасы, цяпер туды ходзіць “швейцарская” электрычка. Само Заслаўе захавала непаўторную атмасферу беларускага мястэчка. Я ўжо не кажу пра асобу Рагнеды, якая жыла больш за тысячу гадоў таму на зямлі тагачаснага Ізяслава. Таму на гэтай зямлі ёсць што ўзнімаць і развіваць.

— Наколькі магчыма сёння самастойна зрабіць брэндам рэгіянальны гісторыка-культурны аб’ект? Ці патрэбна, на ваш погляд, у гэтым аспекце дапамога спецыялістаў?

— Думаю, што дапамога спецыялістаў патрэбна перш за ўсё на этапе стварэння камунікацыйнай канцэпцыі, уласна брэнда, вызначэння галоўных кірункаў для дзеяння. Праблема ў тым, што шмат тут пакуль робіцца iнтуітыўна, асабліва — у рэгіёнах. А наш час — гэта час тэхналогій, якія, натуральна, трэба асвойваць. Лічу мэтазгодным зварот да спецыялістаў, але зноў адзначу, што гэта — сумесная праца. І толькі працуючы разам з PR-агенцтвамі можна, на мой погляд, атрымаць сур’ёзны эфект ад “раскруткі” аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"