Бібліяшоу 2012

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Лідчына: праект займее працяг

Шматлікія мерапрыемствы, якія зладзілі сёлета бібліятэкары Лідскай РЦБС у рамках Года кнігі, прайшлі пад грыфам “Упершыню”. А самым яркім і запамінальным стала правядзенне “Бібліяшоу-2012”.

Прысутным была прадстаўлена такая праграма, якая ўражвала любога, самага патрабавальнага, наведвальніка. У фае бібліятэкі ўдзельнікаў мерапрыемства сустракалі касцюмаваныя героі — Ефрасіння Полацкая і Францыск Скарына. Ахвотныя маглі сфатаграфавацца на памяць. Асаблівай папулярнасцю карысталася “Лаўка для знаёмстваў”, дзе наведвальнікі маглі ўласна знаёміцца, абменьвацца думкамі, даваць парады, ды і проста адпачываць.

/i/content/pi/cult/400/8130/1-6.jpeg

У час мерапрыемства праходзілі такія акцыі, як “Падары кнігу дзіцячаму дому”, “Другое жыццё кнігі”. Каб прыцягнуць увагу лідчан да кнігі, у бібліятэцы арганізоўвалася промаакцыя “Час чытаць!”. Бібліятэчныя спецыялісты, апранутыя ў футболкі і бейсболкі з сімволікай “Горад, які чытае”, прапаноўвалі на вуліцах горада часопісы самай рознай тэматыкі ў падарунак.

Шмат прыхільнікаў знайшлося і ў фотаконкурсу “Заспеты за чытаннем”. А для тых, хто жадаў далучыцца да духоўнасці, была арганізавана духоўна-асветніцкая гутарка са святаром.

/i/content/pi/cult/400/8130/1-7.jpeg

“Куток вячэрняга чытання” запрасіў удзельнікаў і гасцей пачытаць любімую кнігу, пагартаць часопіс пры ўтульным святле начніка. Цягам усяго свята праводзіліся інтэрактыўныя гульні і віктарыны “У крэсле з электроннай кніжкай”, гульнёвыя праграмы. Своеасаблівым бонусам у гэты дзень стала бясплатнае карыстанне Інтэрнэтам для кожнага пятага наведвальніка.

/i/content/pi/cult/400/8130/1-5.jpeg

Свята скончылася, але… Разам са словамі падзякі нам выказвалі пажаданне зрабіць “Бібліяшоу” традыцыяй. Не сакрэт, што сёння такі час, калі заставацца ў традыцыйных рамках ужо нельга — трэба заўсёды шукаць нешта новае ды адметнае, каб быць цікавымі. Таму і ў далейшым мы будзем імкнуцца выкарыстоўваць увесь свой прафесіяналізм і крэатыў, інавацыйныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці, каб наша бібліятэка стала галоўнай крыніцай атрымання інфармацыі, цэнтрам захавання нацыянальнай культуры і адпавядала статусу сучаснага шматфункцыянальнага інфармацыйна-дасугавага комплексу.

Святлана КРЫВЕЦ, загадчык аддзела маркетынгу Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

На здымках: пад час "Бібліяшоу-2012".