Пасля балю. І — перад ім

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Калі адродзяцца падобныя імпрэзы ў былых шляхецкіх сядзібах краіны?

Першы Палацавы баль у Нясвіжы стаўся падзеяй, якую ўсе абмяркоўваюць у Сеціве цягам тыдня. Таму, абстрагаваўшыся ад вэб-дыскусій, паразважаем пра перспектывы такога кшталту імпрэз у рэгіёнах краіны. А найлепшым атачэннем для іх, думаецца, стануць старадаўнія замкі і сядзібы. Тое і давёў Нясвіжскі баль!

/i/content/pi/cult/400/8129/1-1.jpeg

Не здзіўляйцеся такому павароту тэмы. Пачнём з таго, што далёка не кожны ўласнік — аддзел культуры райвыканкама альбо прадпрыемства — мае канкрэтны план дзеянняў адносна аб’ектаў спадчыны. Магчыма, ідэя прыстасавання стане тым штуршком, які запаліць надзею для наяўных муроў. Не абавязкова зводзіць функцыю адноўленага сёння ці ў будучым аб’екта да раз і назаўжды сфарміраванай экспазіцыі, дзе, куды ні кінь вокам, — “Рукамі не кранаць!”. Усё тое жывыя мясціны са сваімі традыцыямі — шляхетнымі, густоўнымі, нашымі — беларускімі!

/i/content/pi/cult/400/8129/1-2.jpeg

Урэшце, у занядбаных сядзібных комплексах хіба толькі цяпер вусцішна ды “ўсё травою парасло”. А стагоддзе-паўтара таму тут віравала жыццё. І карэты з’язджаліся на балі. Калі няма пад рукой дакладных дакументаў пра тыя часы ў вашым краі, адгарніце хоць бы першую кнігу Караткевічавых “Каласоў пад сярпом тваім”, дзе аўтар з выверанай датклівасцю перадаў усе этапы раўта ў сядзібе Загорскіх. Маеце гатовы сцэнарый, “падораны” класікам літаратуры! Застаецца адаптаваць яго з улікам наяўных магчымасцей і насыціць аніматарамі — работнікамі культуры, што ажывяць атмасферу кожнай залы, дзе сустракаеце гасцей.

Тут многія пачнуць даўно знаёмае: для такіх ідэй патрэбны грошы, а дзе іх узяць?.. Але хто сказаў, што фінансаванне іміджавай акцыі апынецца цалкам на аддзеле культуры? Ці не падтрымае арганізацыю выезду на конях мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства? Няўжо не зацікавяцца прадстаўнікі харчовай галіны вобласці тым, каб іх прадукцыя эксклюзіўна падавалася гасцям, а лагатып змяшчаўся на ўсёй рэкламнай паліграфіі? Ды і выраб апошняй з лёгкасцю падтрымае фотастудыя райцэнтра. У ідэале падзею — а як гучыць “Пастаўскі баль”, “Ружанскі баль”, “Крычаўскі баль”! — варта “прывязаць” да рэгіянальнага інвестфоруму. Тады карысць для партнёраў узрасце ў разы, а разам з ёй — іх актыўнасць.

/i/content/pi/cult/400/8129/1-3.jpeg

А карысць такая. Трапіць “у кадр” лагатып, з’явіцца рэклама з пералікам партнёраў (апошняя старонка буклета таго ж Нясвіжскага балю была цалкам ёй запоўнена), а на самім мерапрыемстве — рэкламныя сценкі, дзе запрошаная прэса (каб зацікавіць медыя-супольнасць, варта не забыцца пазначыць, да прыкладу, што падзея ладзіцца ўпершыню!) з задавальненнем будзе браць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў і гасцей свята.

Гучыць прыгожа, скажаце вы, але як сабраць публіку ў той самай сядзібе ці, скажам, музеі? Варыянтаў — безліч. Але звядзём іх да дзвюх асноўных катэгорый. Першая — івэнт, падзея. Той жа баль у стылі Караткевічавых раманаў і аповесцей, будзьце ўпэўнены, збярэ на Аршаншчыне ці Рагачоўшчыне, звязаных з лёсам класіка, прыхільнікаў пісьменніка з усёй краіны. Гэтак жа зацікавіць тэматычны баль рыцараў! Не застанецца без увагі і варыяцыя на тэму ўдзелу грамадскасці ў аднаўленні аб’екта мінулага — зразумела, у пэўным антуражы. Галоўнае ў такім выпадку — каб забаўляльная праграма не засланіла высакародную мэту.

/i/content/pi/cult/400/8129/1-4.jpeg

Другі цалкам рэальны ход — праз рэкламу наўпрост запытацца ў патэнцыйнага пакупніка білета: а калі вы апошні раз апраналі гарнітур з белай кашуляй альбо самую лепшую сваю сукенку? Карацей, паказаць, чым ёсць сапраўды культурны адпачынак.

А як быць з “зоркамі”? Запрасіць сваіх, беларускіх — сапраўды блізкіх нам. Яны, як ніякі “гастралёр” з высокім ганарарам, натуральна ўпішуцца ў антураж шляхецкай дзеі. А вакол іх можна ж закруціць і кантрапункты ў бальнай праграме — перапынкі ў танцах. Да прыкладу, напачатку з’яўляецца “дылетант”-падарожнік Юрый Жыгамонт з аповедам пра ваколіцы сядзібы. Мастацкую калекцыю шляхетнага роду з вашых мясцін, мяркуем, не адмовіцца ахарактарызаваць Уладзімір Пракапцоў. А затым скарбы краю з задавальненнем прэзентаваў бы Алег Лукашэвіч...

Ды і выбар музыкі, апрача класікі ў выкананні мясцовага аркестра ў бальных нумарах, ад фолькавых да густоўных поп- і рок-кампазіцый не пакіне нікога абыякавым. А як прагучаць мясцовыя калектывы і салісты з нязвыклым, да балю адаптаваным рэпертуарам!

Уласна кажучы, аддзел атрымае магчымасць прапіярыцца сярод сваіх патэнцыйных кліентаў у забаўляльным сегменце. Таму калі вам патрэбна падзея, “прынада” для далейшай супрацы, дык стварайце яе, насычайце і адаптуйце, каб прыцягнуць увагу да сферы культуры з боку патэнцыйных партнёраў. Ваш крок да спонсара ў любым выпадку мае стаць першым!..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах