Дарасці да “Недарасля”?

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Вольная “чупакабра” класікі

У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, што знаходзіцца ў Бабруйску, паставілі са школы вядомую п’есу Д.Фанвізіна “Недарасль” — да 230-годдзя з дня нараджэння аўтара і да адкрыцця сезона, якое ў гэтага творчага калектыву прыпала на канец кастрычніка.

Першыя два паказы зазналі сапраўдную буру палярных эмоцый гледачоў — ад ашалелага захаплення моладзі да безапеляцыйных заклікаў “Забараніць!” з боку прыхільнікаў непарушнасці тэатральнай класікі. Здавалася б, “дыягназ” — відавочны: новая пастаноўка, як заўважыла адна з вядомых тэатральных крытыкаў, дае падставу ўвесці яшчэ адну намінацыю Нацыянальнай тэатральнай прэміі — “Лепшая піяр-кампанія”. Але, дадамо, з удакладненнем: “У Інтэрнэце”. Бо завітаўшы на трэці паказ (а ён, па тэатральных забабонах, — звычайна самы “правальны”), я ледзь не страціла прытомнасць: зала была — напаўпустая. Хаця, пагадзіцеся, традыцыйнае ўвасабленне п’есы рускага класіцызму ХVІІІ стагоддзя — у пяці дзеях, практычна “да апоўначы”, — наўрад ці прыцягнула б больш публікі. Дый палова залы ў рэгіянальных тэатрах (не толькі ў нас, але і ў Расіі, ва Украіне) — сітуацыя звычайная. І ў такіх умовах — дыскусіі пасля прэм’еры?

Па сталічных мерках, тэатральная “чупакабра” аказалася ўсяго толькі “вольным прачытаннем класікі” — менавіта так пазначаны жанр пастаноўкі ў праграмцы. А дзе ўвогуле апошнім часам можна ўбачыць “дакладнае прачытанне”? Хіба ў пэўных аматарскіх калектывах, дзе яго разумеюць як агучванне тэксту “гаворачымі галовамі”. Рыхтуючыся да прагляду, я і сама пачала ўчытвацца ў п’есу Фанвізіна — і… паехала са смеху, ледзь дайшоўшы да сцэны з’яўлення Старадума: той вяртаецца з Сібіры, адкуль не дасылаў ніякіх звестак. Па цяперашніх мерках — “крымінальны аўтарытэт”, дый годзе! А менавіта гэтае “пераўвасабленне” больш за ўсё шакавала многіх “абаронцаў” арыгінала, але ніхто чамусьці не аспрэчваў сцэну вяселля Мітрафана з Соф’яй, якой у п’есе не было і быць не магло. І ўжо адно тое, што нашумелы спектакль вымушае ўзяць у рукі кнігу, можна лічыць яго грамадскім здабыткам, звернутым, у тым ліку, да маладога пакалення. Бо ў п’есе вы знойдзеце яшчэ шмат актуальнасцей, якія могуць стаць штуршком да вашых уласных “прачытанняў”. Вось, скажам, цытата, на якую ў школе ўвагі не звяртаюць: “Не май ты да мужа свайго кахання, што на сяброўства паходзіла б. Май да яго сяброўства, падобнае да кахання… Тады і пасля дваццаці гадоў сямейнага жыцця знойдзеце ў сэрцах вашых ранейшую адно да аднаго прыхільнасць”.

Што ж да здабыткаў мастацкіх, дык у пастаноўцы папраўдзе ёсць шмат цікавых нітачак-ідэй, але многія з іх кінуты, не даведзены да лагічнага канца, не “завязаны” з іншымі ў карункавую сурвэтку, а “тырчаць” ва ўсе бакі, якія наўмысна вядуць у нікуды. Таму, мабыць, і ўзнікае ў гледачоў адчуванне раскіданай мазаікі, якая так і не сабіраецца ў карцінку-”пазл”. Некаторым смешным мізансцэнам перашкаджаюць прыкрыя дробязі. З сейфа, дзе захоўваюцца грошы, раптам выходзіць… “аголеная” дзяўчына ў аблягаючым, ды надта белаватым па адценні “камбінезоне”. Дзяўчаты ў лазні “эратычна” (а насамрэч — млява і непрыгожа) гладзяць свае ногі. Што ж, рэжысёр Максім Сохар пабаяўся ісці да канца? Не было яго і на абмеркаванні…

А між тым, сярод лепшага — сцэна з “басейнам”, трагічны вобраз Соф’і, якая развучваецца слухаць музыку сваёй душы, ідэя пластычных інтэрмедый (праўда, часам ім патрэбны іншы тэмпарытм), сцэнаграфія Пятра Анашчанкі, якая спалучае антураж моднай крамы з казачным “абсурдам” накшталт кэралаўскай “Алісы…”. Дый многія рэжысёрскія дэталі, адпаведна эстэтыцы постмадэрна, маюць свае мастацкія “адсылкі” да іншых твораў. “Лёгкая здабыча” масавай публікі (моднае дэфіле, лазня, злодзей-кішэннік і злодзеі ў законе, трагікамічнае вяселле, ледзь не крымінальны перадзел сфер уздзеяння ў духу пачатку “ліхіх дзевяностых”) павінна быць прынадай, “праглынуўшы” якую глядач будзе вымушаны дадумваць-дабудоўваць астатняе. Пакуль жа некаторыя ідэі вырашаны ў спектаклі надта плакатна, “сякерай” — замест “пілачкі для пазногцяў”, якая незаўважна надае мастацтву таямнічы шарм, “недасказанасць”, жаданне прыйсці на спектакль яшчэ…

Н.Б.

На здымку: сцэны са спектакля "Недарасль".