Не дзядоўскія “Дзяды”

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Адточанасць з відэа

Акурат на восеньскія Дзяды, калі беларусы, згодна з народнымі традыцыямі, памінаюць сваіх продкаў, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек паказаў аднайменную прэм’еру паводле паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча ў беларускім перакладзе Сержа Мінскевіча.

Прадоўжыўшы ў новым спектаклі пазначаны раней рух ад лялек да тэатра драматычнага і, у рэшце рэшт, сінтэтычнага, рэжысёр Аляксандр Янушкевіч не прайграў. Малады, але ўжо добра вядомы па пастаноўцы “Вянчанне”, вылучанай на Другую Нацыянальную тэатральную прэмію, сваёй новай работай ён даказаў, што ранейшы поспех быў зусім не выпадковым. Новая пастаноўка, створаная з той жа “камандай” у складзе мастака Таццяны Нерсісян і кампазітара Аляксандра Літвіноўскага, атрымалася такой жа (і нават яшчэ больш!) стыльнай, завершанай, адточанай паводле задумы і ўвасабленні — зусім не традыцыйна “дзядоўскай”, а надзвычай сучаснай, прагрэсіўна еўрапейскай і пры гэтым цалкам беларускай.

/i/content/pi/cult/400/8125/2-1.jpeg

Усё, здавалася б, вельмі проста: белая сцэна, стол, лавы, вешалка з адзеннем, на нашых вачах артысты апранаюцца, уключаюць ноўтбук, праз які потым будуць дасылаць на экран тое, што здымаецца вэб-камерай. І тут пачынаецца самае дзівоснае і таямнічае! Буйным планам мы бачым, як чысцяць вараныя яйкі, як, утыркнуўшы ў іх пёркі, “ператвараюць” у анёлаў, як з хлебнага акрайчыка нараджаецца чалавечак, як “памірае” яблык, з якога вынулі зярняткі. А рух самой камеры, якая быццам “шукае” чарговыя аб’екты, годныя адлюстравання, надае відовішчу сапраўдную касмічнасць.

Выкарыстоўваецца і звычайны відэазапіс — праўда, зроблены, падобна на тое, на Навагрудчыне, адкуль родам Міцкевіч. Відэа і артысты на сцэне “кантактуюць” паміж сабой, ствараючы адзіную прастору, дзе быццам суіснуюць жывыя персанажы і іх душы-”выявы”, узаемадапаўняючы адно аднаго: герояў у іх мінулай рэчаіснасці мы бачым на экране, а іхнія душы, што зляцеліся да нас на Дзяды, увасоблены непасрэдна артыстамі. Прыём “ірванага” мантажу, калі відэавыява наўмысна дэманструецца “рыўкамі”, стварае адчуванне “пункціру”, якое бывае ўласціва ўспамінам. Прысутнасць артыстаў на сцэне, у выяве на экране і, праз цень, па-за экранам надае аповеду шматмернасць, “глыбіннасць”. А фінал з яго архіўнымі кадрамі (відэамантаж Андрея Драко) нібыта ўваскрашае першую палову ХХ стагоддзя: спачатку ў больш ці менш храналагічнай паслядоўнасці, потым — у зваротным руху, нібыта стужка часу адкручваецца назад. Позірк фіксуе і нейкія мастацкія “паралелі”-падабенствы (да прыкладу, паміж бервяном і запалкай), прычынна-следчыя сувязі (выбухі — могілкі), ідэнтычныя магутнаму сімфанічнаму развіццю, што адбываецца ў музыцы, якая спачатку, здавалася б, не выходзіць за межы мінімалізму, заснаванага на неафолькавых інтанацыях.

Уласна лялькі выкарыстаны таксама “мінімалістычна”-мінімальна: у адным фрагменце — шкілеты, у другім — каларадскія жукі, маленькі помнік-статуэтка (вершнік на кані, што стаў на дыбкі) — у выглядзе такой жа каларадскай пачвары са страшным агромністым ценем на экране. І ўсё! А эфект — папраўдзе “сімфанічны”. Сінтэтычнасць спектакля — ва ўзаемадзеянні ўсіх яго складнікаў, узаемапранікненні заканамернасцей адных відаў мастацтва ў другія. Ужо пачатак дзеяння, нягледзячы на рэчытатыўнасць, успрымаецца як буйная оперная сцэна з удзелам саліста і хору з балетам. Пастаўлены паклон — як фінал канцэртнай данс-праграмы (балетмайстар — Вольга Рэпіна). Такі ж сінтэз усяго з усім выкарыстаны скрозь, ствараючы папраўдзе непадзельную еднасць, імя якой — жыццё. І — Мастацтва!..

Н.Б.

На здымку: сцэна са спектакля "Дзяды".